Дон Жуан вярнуўся ў Менск

Але вартых жанчын для яго не знайшлося

Так, урэшце даляцеў i да нас апошнi шалёны крык эўрапейскае моды! 28 траўня ў Беларускай опэры адбылася прэм'ера “Дон Жуана”. Падзея, можна сказаць, сымбалiчная. Варта нагадаць, што першым спэктаклем першай эўрапейскай опэрнай трупы, якая адкрыла для сябе Амэрыку (а на чале гэтай трупы стаяў бацька Палiны Вiярдо – славуты тэнар Мануэль Гарсiя), быў менавiта “Дон Жуан”.

Гэткiя былi моды ў заходнiм сьвеце ў 1826 годзе. Потым прыйшла чарга на музыку цяжкастраўную, “тлустую”: у Эўропе – на Вагнэра, у Расеi – на Мусаргскага, у нас – на цымбальны аркестар iмя Жыновiча. Аднак Моцарт перамагае ўсiх, бо ён глыбей за кожнага iншага кампазытара ведаў чалавечую душу. Моцарт – лёгкакрылы, сьпеўны i трагiчны, бясхiтрасна просты i неверагодна цяжкi для зразуменьня; Моцарт-разумнiк i Моцарт-дзiця.

Зрэшты, сёй-той зь менчукоў мо нават прыпамiнае, што “Дон Жуан” у нас калiсьцi ўжо быў. “Фэшэнэбэльная” пастаноўка 1973 году, дзеля якой запрасiлi з Масквы сусьветна вядомага тэатральнага мастака В.Левенталя. Дырыгаваў таксама легендарны ўжо Уладзiмер Машэнскi: сябар Рыхтэра, музыка Божаю ласкаю, выдатны знаўца моцартаўскага стылю. Мiзансцэны апрацаваў рэжысэр Атар Дадзiшкiлiанi. А якiя там былi акторы! Дастаткова нагадаць Аркадзя Саўчанку ў ролi Дон Жуана i Людмiлу Златаву ў ролi Цэрлiны… Шкада, што ад гэтага спэктаклю засталiся адныя толькi ўспамiны. Бо зьнiк той “Дон Жуан”, а дэкарацыi Левенталя мясцовыя “мысьляры” неўзабаве спалiлi – каб меней хлуду было.

I вось, дзякуючы тым працавiтым дзядзькам, прыйшлося цяпер ставiць “Дон Жуана” нанова, з нуля. Але чаго ня зробiш дзеля любовi да мастацтваў! Ну, мо акрамя любовi, тут было яшчэ крыху разьліку – як з усiмi апошнiмi пастаноўкамi. Аднак што тут дрэннага, калi тэатар хоча на гастролi – Эўропу паглядзець ды грошай зарабіць? А ў вынiку, ледзь ня ўвесь рэпэртуарны плян Беларускай опэры (за выняткам уласна беларускiх опэраў – цi, дакладней кажучы, опэраў, напiсаных самiм дырэктарам) складаецца з тых спэктакляў, што замаўляюць тэатральнаму кiраўнiцтву заежджыя дырыжоры i iмпрэсарыё. Гэткiм чынам, намiнальна Беларуская опэра працуе на задавальненьне патрэбаў менскага гледача; але фактычна мянчук у Опэры атрымлівае толькi тое, што рыхтавалi для нейкiх там швэйцарцаў цi немцаў. Адное шчасьце, што спэктакаль – у адрозненьне ад імянiннага торту – не зьмяншаецца ад таго, што iм частуюць дамачадцаў яшчэ да прыходу важных гасьцёў. Iначай нам бы ўвогуле нiчога не паказвалi.

Гэтым разам “Дон Жуана” рыхтавалi для чарговага летняга фэстывалю ў Швэйцарыi. Замоўца – аўстрыйскi дырыжор Ральф Вайкерт, музыка з сусьветным iмем (ён часам дырыгуе нават у лёнданскiм Covent Garden). У першых днях чэрвеня пасьля канцэрту ў Вене ён мусiць наведаць Менск, каб прадырыгаваць спэктаклем “Турандот”. А ў Вену ён прыехаў з Шанхаю, дзе кiраваў акурат пастаноўкай “Дон Жуана”. У Шанхай эўрапейскiя моды трапляюць раней, чым у Менск, i выклiкаюць там болей энтузiязму; дый сьпевакi там значна лепшыя. Але не павязеш жа iх праз усю Эўразiю да Альпiйскiх гораў, дзе бадзяецца шакалядная карова Мiлка, набiтая знутры ляснымi арэхамi! Таму аўстрыйскiя дырыжоры надта любяць Менск; i нам, простым менчукам, з гэтае нагоды таксама нешта перападае. Хаця б кавалак добрай музыкi.

Але добрую музыку трэба добра выконваць. I вось тут пачынаюцца праблемы, бо з сучаснымi модамi ў музыцы атрымоўваецца дакладна тое, што і з сучаснымi модамi ў вопратцы. Кароткiя спаднiчкi, вузкiя сукенкi з разрэзамi аж да талii – усё гэта прыгожа выглядае на юных топ-мадэльках, выразна падкрэсьліваючы зграбнасьць iхных паставаў. А калi гэткую спаднiчку надзявае тлустая савецкая цётухна з крывымi нагамi… Акурат тое самае бывае й з выкананьнем моцартаўскiх опэр. У высокапрафэсiйным эўрапейскiм тэатры яны адразу ператвараюцца ў гiт сэзону; а калi гэткага прафэсiяналiзму ў выканаўцаў няма, дык у сьвятле “моцартаўскага пражэктара” ўсе хібы пастаноўшчыкаў i выканаўцаў становяцца яскрава вiдавочнымi. Як крывыя ногi беднай савецкай цётухны.

Менавiта гэтак i выглядала сёлетняя прэм'ера “Дон Жуана” – паводле анонсу, “у канцэртным выкананьнi”. Але бяда зусiм ня ў тым, што на сцэне амаль не было дэкарацыяў. Як напраўдзе, iх было нават болей, чым у нашумелым спэктаклi з фэстывалю ў Равэне, дзе на сцэне было толькi шэсьць крэслаў i акторы, апранутыя ў цёмна-блакiтную, псэўдаклясычную ўнiформу. Але колькi там было найдэлiкатнейшай псыхалёгii i найпрыгажэйшага вакалу, колькi акторскай гульнi i колькi праўдзiвых пачуцьцяў!

У Беларускай опэры ўсё выглядала iначай. Былi строі (i нават ладныя); былi памосты для сцэнiчных аркестраў, прыгожыя вiялянчэлi i кантрабасы, якiя маўклiва i сьцiпла чакалi на сваiх гаспадароў; быў клявэсын, на якiм канцэртмайстар Ларыса Таўкачова прынародна (i вельмi прафэсiйна) разыгрывала акампанэмэнты да рэчытатываў; былi – замест крэслаў – даволi стыльныя кубiчныя сядзеньнi для сьпевакоў; i было сцэнiчнае дзеяньне, надта фрагмэнтарнае. Здаецца, аўтары спэктаклю – i перш за ўсё маладая рэжысэрка Тацяна Сальнiкава – так i ня высьветлiлi для сабе, чым ён мусiць быць: сапраўдным спэктаклем цi опэрай у канцэртным выкананьнi. А ў вынiку атрымаўся спэктакаль, якому шмат чаго не стае i ў якiм аж зашмат розных бязглузьдзiцаў.

Уявiце сабе, напрыклад, што дзесьцi там у глыбiнi, у правай кулiсе Дон Жуан гвалцiць дзяўчыну; а на сцэне ў гэты час адбываецца баль, на якiм прысутнiчаюць усе астатнiя пэрсанажы (у тым лiку жанiх дзяўчыны). Нябога крычыць паратунку, а на ейны крык усе прысутныя (плюс тры аркестры) нясьпешна iдуць у супрацьлеглы бок. Павольней за ўсiх крочыць жанiх, сядае на тумбачку i летуценна глядзiць у далечыню. Дзе ўжо там да славутых тонкасьцяў моцартаўскай псыхалёгii, да пранiкненьня ў таямнiчыя глыбiнi чалавечае душы!

Але ўсё гэта палова бяды. Зрэшты, бязглузьдзiцу на сцэне яшчэ можна неяк направiць; дый, прынамсi, мы ходзiм у опэру ня столькi глядзець, колькi слухаць. I вось тут пачынаюцца галоўныя праблемы. Адзiнае, што суцяшае, – у прэм'ерным спэктаклi зазвычай удзельнiчаюць ня самыя галасiстыя сьпевакi, а самыя гарластыя i настырныя, тыя, хто здольны выбiць для сабе гэткi прывiлей. А таксама паездку на гастролi. I гэта дае надзею, што калi-небудзь у будучынi, пасьля заканчэньня летняй гастрольнай лiхаманкi, мы пачуем нармальнага “Дон Жуана”, з нармалёвымi прымадонамi. А пакуль што… карцiна атрымліваецца жудасная.

Прыемны вынятак з агульнага правiла – Уладзiмер Пятроў, якi дачакался-ткi свайго Дон Жуана. Здаецца, ён нарадзiўся на сьвет спэцыяльна па тое, каб сьпяваць гэтую партыю. На маё меркаваньне, такога Дон Жуана не пасаромеўся б анiводзін тэатар Эўропы. Вельмi прыстойна сьпяваў і Аляксандар Кеда (Мазача) – сьпявак, якога апошнiм часам трымалi ў чорным целе, бо камусьцi здавалася, што ў тэатры занадта многа басоў. Алег Гардынец (Лепарэла) “гучаў” нядрэнна, але цьмяна разумеў, пра што пяе. Прынамсi, славутая камiчная “арыя зь лiстом”, у якой хiтраваты слуга Дон Жуана распавядае зраспачонай Донне Эльвiры пра ўсе раманы свайго распуснага гаспадара, атрымалася ў Гардынца неверагодна сумнай i маркотнай. Але для гэтага была свая прычына, бо на ролю Лепарэла рыхтаваўся iншы акцёр – Васiль Кавальчук. У апошнi тыдзень перад спэктаклем ён захварэў, i Гардынец быў вымушаны ратаваць спэктакаль, ахвяруючы сэнсам музыкi. Аднак – нават з усiмi пралiкамi i недахопамi – ягоны сьпеў яшчэ можна было слухаць.

Чаго ня скажаш пра iншых удзельнiкаў спэктаклю. Аляксандар Жукаў у ролi Дона Атавiя няздольны быў засьпяваць хаця б адну з найпрыгажэйшых арыяў, якiя напiсаў Моцарт для гэтага пэрсанажа, так што iх прыйшлося папросту выкiнуць. Мо найлепшыя старонкi опэры – найчысьцейшы выраз нябеснага каханьня – аказалiся ў скрынцы для сьмецьця. Здавалася б, ня ўмееш – не сьпявай. Але Жукаў папросту ратаваў тэатар, у якiм няма сёньня анiводнага артыста, здольнага засьпяваць гэтую партыю. Гэта мог зрабiць вядомы ўсiм Рыгор Палiшчук, але яшчэ летась ён пайшоў з Опэры, ня вытрымаўшы тамтэйшай атмасфэры.

А вось навошта выходзiла на сцэну Тацяна Цiвунова ў ролi Донны Эльвiры – гэтага я ўвогуле не разумею. Яшчэ ня так даўно яна была зусiм нядрэннай сьпявачкай, але апошнiм часам, наезьдзiўшыся на праслухоўваньнi ў Iталiю i набыўшы рэпутацыю, ператварылася ў нешта безгалосае i квочнае. Дзьве арыi яна неяк засьпявала, але апошнюю – найпапулярнейшую i найпрыгажэйшую – прыйшлося выкiнуць, i ўтварылася дзiўная паўза, пад час якой чутныя былi толькi крокi сьпявачкi, што адыходзіла за кулiсы. Навошта было зьнеслаўляцца? Тымчасам у подзьвiгах не было анiякае патрэбы: дзьве iншыя сьпявачкi, якiя таксама падрыхтавалi ролю Донны Эльвiры (маладая артыстка Тацяна Кнутовiч i дасьведчаная Iрэна Журко), далi б гэтай задачы рады значна лепей. Зрэшты, Кнутовiч вельмi добра выконвала партыю Донны Эльвiры пад час генэральнага прагону; прынамсi, дзеля гэтай сьпявачкi не прыйшлося б выпакласьці Моцарта.

Ня вельмi ўзрадавала мяне й афiцыйная прымадонна Беларускай опэры Вiкторыя Курбацкая (Цэрлiна). Я кажу “афiцыйная”, бо ў радыйным iнтэрвію напярэдаднi прэм'еры галоўны дырыжор тэатру Аляксандар Анiсiмаў, якi рыхтаваў музычную частку спэктакля, папросту сказаў: “Курбацкая – гэта наша прыма”. Дык вось, прымадонна сьпявала фальшыва й ня надта эстэтычна, безь нiякага ўяўленьня пра сапраўдны моцартаўскi стыль. А да таго ж – правiнцыйныя акторскiя штучкi. На гэтым фоне Тамара Глаголева (Донна Ганна) – апошнiм часам вельмi стомленая сьпяваньнем цяжкіх партыяў у опэрах Вэрдзi i Пучынi – глядзелася ня горшым чынам. Зрэшты, пад час генэральнага прагону замест Курбацкай сьпявала Тацяна Трацяк, а замест Глаголевай – маладая сьпявачка Алена Раеўская, i ўражаньне ад iхных сьпеваў было непараўнальна лепшае (што акурат i дае надзею на лепшы лёс гэтага спэктаклю).

Вось такая выйшла прэм'ера – з Дон Жуанам, але без сапраўдных кабет. Яшчэ добра, што аркестар пад кiраўнiцтвам Анiсiмава iграў цалкам прафэсiйна – хiба што ўвэртура была нуднай, як жованка.

Юлiя Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0