Каляндар

 

6 чэрвеня 1950 г. у вёсцы Кляны Дубровенскага раёну нарадзіўся Аляксей Дудараў. На пачатку жыцьцёвага шляху была прафтэхвучэльня, потым Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод, служба ў войску, зноў Наваполацкая рафінэрыя. Аляксей Дудараў хоча вырвацца з гэтага зачараванага рабочага кола. У 1972 г. ён паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1976 г. Калі хто ня бачыў спэктакляў паводле ягоных п'есаў, дык мусіў абавязкова глядзець кінакамэдыю "Белыя росы" паводле ягонага сцэнару.

 

7 чэрвеня 1825 г. у мястэчку Тургелі ў Віленскім павеце нарадзіўся Эдвард Баніфацы Паўловіч – мастак, мэмуарыст, скарбнік музэю Любамірскіх у Львове.

Хутка пасьля нараджэньня Эдварда сям'я пераехала на Наваградчыну, дзе завязала добрыя адносіны з родам Міцкевічаў. Малы Паўловіч па навучаньні пры кляштарах базыльянаў у Жыровічах і Слоніме ды слуцкай гімназіі пераехаў у Вільню, дзе ў якасьці вольнага слухача наведваў лекцыі ў Духоўнай Акадэміі і Мэдычна-Хірургічнай Акадэміі. Але ні сьвятара, ні мэдыка зь яго ня выйшла. Паўловіча цікавіла мастацтва, таму ён спачатку браў у Вільні прыватныя ўрокі маляваньня ў Канута Русецкага і Караля Рысінскага, а ў 1849 г. пераехаў у Пецярбург, дзе паступіў у Інстытут пекных мастацтваў. Па сканчэньні пецярбурскіх штудыяў ён на пэўны час зьехаў у Заходнюю Эўропу. У 1859 г. Паўловіч вяртаецца, але не ў Пецярбург ці Вільню, дзе яго чакалі і дзе ён быў патрэбны. Ён прыехаў у Наваградак, улюбёны горад свайго дзяцінства; там ён стаў настаўнікам у мясцовай гімназіі, паралельна заняўся антыалькагольнай прапагандай сярод мужыкоў.

Ёсьць такое словазлучэньне прага жыцьця. Дык гэта і пра Эдварда Паўловіча. Карыстаючыся падтрымкай Канстанціна Радзівіла, куратара наваградзкіх школак, ён заклаў у Наваградку жаночы пансіён і нядзельную школку для сялянаў (асобная школка была закладзеная для жыдоўскіх дзетак). У 1860 г. Эдвард Паўловіч заснаваў прыватны аматарскі тэатар, у якім быў і кіраўніком, і акторам, і дэкаратарам. Шмат намаганьняў прыклаў ён дзеля адкрыцьця помніка Адаму Міцкевічу на гары Міндоўга, але расейскія ўлады, справядліва баючыся мясцовага патрыятызму, у апошні момант не далі дазволу на ягонае адкрыцьцё. За ўдзел у антырасейскім паўстаньні 1863 г. Эдвард Паўловіч быў высланы "за межы Літвы". Вынікам туляньняў па Расейскай імпэрыі сталіся ўспаміны: "Наваградак – вязьніца – выгнаньне". Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі Паўловіч пакінуў Расейскую імпэрыю, нейкі час жыў у розных гарадах Галіцыі, нідзе доўга не забавіўшыся. Так прыехаў у Львоў і застаўся там на 35 гадоў, дзе й памёр на адзіноце ў 1909 г.

Што пакінуў нам у спадчыну Эдвард Баніфацы Паўловіч? Абраз сьвятога Дамініка ў Наваградзкай фары, выкананы ў стылі Тыцыяна, шэраг копіяў карцін на рэлігійныя тэмы, партрэт Гуга Калантая. Але найбольшую вартасьць для нас уяўляюць краявіды Наваградку і ягоных ваколіцаў, замалёўкі Вільні, а таксама ўспаміны: "Успаміны з-над Вяльлі й Нёмана", "Мае ўспаміны пра часы школьніцтва", "З падарожжа па Літве", "Двое памятных сутак у Менску 1863 году" – на гэтай спадчыне вырасталі патрыёты былой Рэчы Паспалітай.

 

8 чэрвеня 1900 г. чэскія дэпутаты зьявіліся на паседжаньне аўстрыйскага парлямэнту з талеркамі і трубамі. Сем гадзінаў яны заміналі працаваць, пратэстуючы супраць уціску правоў чэскага народу. Так пачынаўся апошні этап змаганьня за нацыянальную незалежнасьць. Праз васямнаццаць гадоў чэхі здабылі незалежнасьць.

 

11 чэрвеня 1975 г. ува Ўгандзе брытанскі журналіст Дэніс Гілз быў прысуджаны да кары сьмерцю за тое, што ў адным зь ненадрукаваных артыкулаў назваў тамтэйшага прэзыдэнта-дыктатара Аміна калгасным тыранам. Толькі пасьля ўмяшальніцтва брытанскага міністра замежных справаў Калагена сьмяротнае пакараньне скасавалі.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0