ВАРОНА

Гэтая гісторыя зусім і не гісторыя, так сабе, нейкая прыдумка. Бывае, уталопіцца штосьці ў галаву й вярэдзіць, і вярэдзіць, і дробна зумкае. Ня тое, каб замінала жыць. Проста ведаеш – недзе ёсьць, прысутнічае ў нетрах сьвядомасьці. Калі заманіцца, прыслухаесься, дык і пачуеш. А не – дык не. Бо хто гэта будзе адмыслова прыслухоўвацца да розных недарэчных дробязяў?

Карацей, усё гэта глупства. І гісторыя ня вартая асобнага расповеду. Аднак, надарылася мне пазнаёміцца з адным чалавекам. Быў ён мастак і меў такія-сякія амбіцыі. Увогуле, я люблю амбітных людзей. Бо калі ты ня маеш жаданьня зьдзівіць сьвет, дасягнуць вяршыні, дык жыцьцё папросту марнуецца. Ходзіш на працу, зарабляеш на хлеб, нэрвуесься з-за дробязяў, змагаесься за месца пад сонцам – гэткая вавёрчына карусэля. Здаецца, бяжыш некуды, напружваеш цягліцы, а сам ведаеш выдатна – нікуды ўсё адно не патрапіш. Можна ня бегчы, а паціху нечым займацца, нетаропка, з асалодай, з прыемным хваляваньнем у сярэдзіне – проста дзеля справы, проста каб падцерці ўсім нос. Зробіш, азірнесься, а тыя, што беглі, далёка-далёка ззаду. Безнадзейна адсталі. Змарнавалі толькі час. А ўсё з-за чаго? Ня мелі амбіцыяў. Яны думалі: вось зараблю на машыну або стану начальнікам – і буду вялікім чалавекам. Аўто разаб'ецца ў аварыі або заржавее, з пасады звольняць або адправяць на пэнсію – і зноў ні хаты, ні лапаты. А часу ўжо ня вернеш. Таму гэта не амбіцыі, калі нехта хоча стаць начальнікам. Гэта пыха. Вось калі ён імкнецца вынайсьці лекі ад AIDSу або намаляваць геніяльную карціну – гэта амбіцыі. Вызначыць розьніцу між імі нескладана. Сапраўднае застаецца тваім назаўжды. Нават пасьля сьмерці.

Дык вось гэты мастак меў амбіцыі. Ня ведаю, ці меў ён на іх падставы. Бо наўрад ці вы адразу тут і ўзрадаваліся, пачуўшы таямніцу сапраўднага. Не такія вы прастакі. Можна мець вялікія амбіцыі там, дзе нічога табе ня сьвеціць. Гэтак найчасьцей і бывае. Вой як ня проста – мець рэальныя амбіцыі.

Мастака завуць Георг. Родам ён з Арменіі, але гадоў шэсьць жыве ў Менску. Я меў зь ім працяглую гутарку. Відавочна, гэта адукаваны чалавек, ён вольна цытаваў гішпанскую паэзію, слушна разважаў пра эўрапейскі жывапіс і ўсходнюю культуру, бо, як прызнаўся, належыць да руху прыхільнікаў філязофіі ёгі. Апошняе, мне падаецца, і сфармавала яго як асобу. Георг доўга разважаў пра лёс і наканаванасьць. Маўляў, і тое, што жыве цяпер у Менску, і тое, што апынуўся ў Полацку – наканавананьне. Гэта зусім ня значыць, што іншага не магло быць, проста дзеля ягонага духовага разьвіцьця тое патрэбнае.

Прызнаюся, Георг – сымпатычны мне чалавек, і я зь цікавасьцю яго слухаў. Аднак у нейкую хвіліну мне ўзгадалася варона, якую колькі тыдняў таму бачыў са свайго вакна. Птушка павольна ляцела ля самага майго пятага паверху, зусім побач, і я пасьпеў яе добра разгледзець. Пёры на крылах, вока, якое не выдавала ніякіх эмоцыяў, падкурчаныя лапкі, графічнасьць дзюбы. Узгадаў, і птушка не выходзіла з маёй галавы. Тады, калі я яе ўбачыў, мне падумалася: вось ляціць некуды й ведае куды, бо, відавочна, ня проста так кружляе. У чым палягае матывацыя яе палёту? Бязглуздае пытаньне, але яно засела ў маёй галаве, і я некалькі разоў вяртаўся да гэтай гісторыі, спрабуючы прааналізаваць усе прычыны й вынікі гэтага. Я разважаў пра пошукі ежы, будаўнічага матар'ялу для гнязда. Але нечакана мне падумалася зусім аб іншым. Што здарылася б із сусьветам, калі б кожная варона страціла разуменьне таго, куды і навошта трэба ляцець?

Я слухаў Георга, а перад вачыма стаяла тая варона, якая, нясьпешна махаючы крыламі, упарта ляцела да нейкай невядомай мне мэты. Ці кіравала ёю ў гэтым палёце наканавананьне? Па вялікім рахунку – так. Бо жыцьцё патрабуе выкананьня запраграмаваных прыродай адпаведных дзеяньняў – сну, харчаваньня, клопату пра патомства. Але варона ляцела менавіта ў тым накірунку, менавіта ў той час, менавіта з той хуткасьцю, менавіта на той вышыні…

Я й дасюль не разьвітаўся з пытаньнем пра варону. Прайшло столькі часу, а яно ўсё не дае мне спакою.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0