Штраф за бацьку
Бацька 11‑гадовай Ліды, старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамады) Алег Шабетнік з Рэчыцы, расказвае:
— Ніхто з банкаўскіх работнікаў 323‑га аддзялення не мог патлумачыць, на якой падставе спісаны грошы з рахунка дачкі. Сказалі толькі, што яны пайшлі на мой шраф.
Гісторыя штрафа
Напрыканцы лютага па пошце Алегу Шабетніку прыйшла пастанова суддзі Цэнтральнага раёна Гомеля Марыны Дамненкі аб прызнанні яго вінаватым ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу друкаваных выданняў. Партыйны актывіст пакараны штрафам у памеры 1 мільён 550 тысяч рублёў — прыкладна 720 долараў ЗША. Суддзя Дамненка аштрафавала Шабетніка завочна на падставе адміністрацыйнага пратакола Гомельскай мытні.
Невядома паводле якіх крытэрыяў яна зрабіла выснову, што «інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў канфіскаваных друкаваных выданнях у Шабетніка А.В., можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца забароненай да перамяшчэння праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь». Адзначым: размова ішла пра матэрыялы ўстаноўчай канферэнцыі Саюзу левых партый, а таксама пяць асобнікаў брашуры «Аб кульце асобы Лукашэнкі».
Суд з пратаколам пагадзіўся і аштрафаваў партыйнага актывіста.
Алег Шабетнік: — Я не адмаўляўся плаціць штраф. Кожны месяц пералічваў па 200 тысяч рублёў. Больш не дазваляюць фінансавыя магчымасці. Але ж навошта адбіраць дапамогу ў дзяцей? Няўжо дзяржава збяднее, калі атрымае ад мяне ўсю суму штрафу на два‑тры месяцы пазней?
Дарэчы, менавіта ў чэрвені 1934 года ў СССР было ўведзенае ў практыку пакараньне членаў сям’і за іншадумства некага з бацькоў. Што — гісторыя паўтараецца? Ліда Шабетнік аштрафаваная, бо яна — «член сям’і ворага народа»?
Даведка
Як сцвярджаюць юрысты, артыкул 525 ГПК забараняе спаганяць з даўжнікоў «дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».