Віктар ШНІП

Сабачыя гісторыі

Адзін сабака закахаўся ў ангельскую прынцэсу. А Граждан быў імпрэсіяністам і па начох з калгаснага поля насіў дахаты бручку.

У сквэры паставілі помнік аднаму сабаку. Граждан начамі прыходзіў да помніка і сьпяваў Інтэрнацыянал.

Адзін сабака пазнаёміўся з афрыканскім Гражданом. Запрасіў яго ў госьці. А Граждан прыйшоў у хату і сказаў: "Ну што, ламбаду танцаваць будзем?"

Ад аднаго сабакі застаўся толькі прывід. Убачыў гэта Граждан і сказаў: "Гэты цень мы прыбліжалі як маглі!.."

Адзін сабака прыйшоў да Гогаля, каб даведацца, чаму ён спаліў другі том "Мёртвых душаў". "А каб Гражданы пыталіся!" – адказаў Гогаль і памёр.

Там, дзе жыў адзін сабака, зрабілі музэй. А там, дзе жыў Граждан, вырас дуб.

Да аднаго сабакі заляцела ў хату варона. А ўсьлед за птушкай – Граждан на рабым кані.

За адным сабакам хадзілі прыхільнікі яго таленту. Граждан валакаў за сабой агароднае пудзіла і чытаў яму Гамэра.

За аднаго сабаку захацела выйсьці замуж замежніца. Граждан зусім азьвярэў – пагаліў сабе галаву, вышчыпаў бровы, у нос уставіў колца і, выйшаўшы на вуліцу, аб'явіў галадоўку ў гонар галадаючых Паволжа.

Аднаму сабаку патэлефанаваў Граждан і спытаўся: "Што было першым: курыца ці яйка?" Сабака прамаўчаў. І Граждан залез да суседкі ў куратнік і задушыў пеўня.

"Ня бойцеся сабак!" – сказаў Граждан. "Адзін сабака ў полі ня воін!"

За адным сабакам хадзіла дурная слава. Граждан лічыў сябе гарадзкім і езьдзіў на "Запарожцы".

Да аднаго сабакі прыйшоў Фройд. А да Граждана – Фрыдман.

"Калі існуе вечнасьць, няма часу. А калі няма вечнасьці, то час таксама не існуе", – сказаў адзін сабака. Граждан не змаўчаў: "Трэба ўсё ўва ўсіх забраць і разьдзяліць!"

Адзін сабака быў артыстам. Граждан жыў па-суседзку і пасьля бульбы на вячэру, малатком грукаючы ў сьценку, крычаў: "Я цябе навучу Родзіну любіць!"

Адзін сабака вывучаў гісторыю заходняй філязофіі. У Граждана быў "Мэрсэдэс", і ён на ім ужо трох сабак адправіў на той сьвет.

Аднаму сабаку хацелася сямейнага дабрабыту, і ён жаніўся з удавой Граждана. Граждан ляжаў у магіле і варочаўся.

З адным сабакам усе лічыліся. Граждан хварэў на пранцы і пісаў мэмуары пра Гражданскую вайну.

Ад аднаго сабакі Граждан даведаўся, што на Марсе існуе жыцьцё. І Граждан, седзячы ў прыбіральні, дрыжачым пальцам напісаў: "Тут быў Коля!"

У аднаго сабакі вучоныя знайшлі інтэлект. Граждан перавярнуў усё ў хаце і сказаў: "Сьцяна – белая. З-пад крана цячэ вада. А з сабакам я ўсё роўна вітацца ня буду!"

У аднаго сабакі ў кватэры пагасла сьвятло. Гэта сусед Граждан уключыў бэнзапілу.

Адзін сабака жыў у сабачым горадзе. Гражданы прыяжджалі на экскурсію і елі марозіва ля помніка Дзяржынскаму.

Аднаму сабаку прыйшла думка зрабіць так, каб усім было добра. Граждан катэгарычна адмовіўся: "Не хачу!" і напісаў ліст Піначэту: "Мілы дзядуля, забяры мяне адгэтуль!"

Сядзеў на лавачцы адзін сабака. Побач ішоў Граждан і сказаў: "Вы яшчэ не памерлі?"

Адзін сабака пайшоў у цырульню. І яго падстрыглі пад Граждана.

Адзін сабака сачыніў "Лысую гару" і падпісаўся Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. А нехта пусьціў чутку, што гэты твор мог напісаць толькі Граждан.

Аднаму сабаку за вываз гною на поле далі грамату. З подпісам Граждана і заклікам: "Гражданы ўсіх краін, яднайцеся!"

Адзін сабака прыдумаў сьвята – Дзень Граждана. І Граждан сказаў сабаку: "Быў бы я мастаком, я б зь цябе карціны пісаў!"


ад Гражданоў

Калі ты патрабуеш свабоды і справядлівасьці, а нейкі мярзотнік сьмее нацкоўваць на цябе сабаку, я кажу табе: "Забі гэтага сабаку!" Я паўтараю табе зноў і зноў, нават калі мне давядзецца заплаціць за гэта сваім жыцьцём: "Забі гэтага сабаку! Забі гэтага сабаку!" Так пісаў Малькальм Х.

Геранім Цэлюсь, Менск

Адзін сабака памяняў сваю будку ў Малінаўцы на такую ж у Шабанах. Але з даплатай. А ў Граждана Валавы Ўнутраны Прадукт узрос на 4,68%.

Адзін Граждан сваім Указам прысвоіў В.Шніпу званьне "Заслужаны Гражданазнаўца і Ганаровы Сабакалюб". З уручэньнем дзесяці кіляў "Пэдыгрыпалу".

Адзін Граждан начытаўся "Нашай Нівы" і вырашыў, што шніп – гэта такая парода сабак.

В.В., Менск

Адзін сабака мераў сутану. А Граждан спытаўся: "Почем опиум для народа?"

Serge

Усю зіму сабака праляжаў на сене, і Граждан вымушаны быў карміць карову саломай.

Адзін Граждан зьеў сабаку. Але зубы выплюнуў.

Адзін Граждан ляжаў у маўзалеі. Другія хадзілі да яго. І толькі сабака не хадзіў – ён быў паралізаваны.

Адзін сабака быў дужа пародны, а Граждан таксама жыў у падвале.

Сяржук Гр.Сабакевіч, Магілёў

Каб не Студэнты, сьвет бы складаўся з Сабак і Гражданоў.

За кратамі Граждан пісаў вершы. Сабака друкаваў. Студэнты плакалі. А я чытаў і зьдзіўляўся.

Граждан спужаўся Сабакі і залез у БТР. А як убачыць Студэнта ці, барані Бог, мяне?

Сабака ішоў у нагу з Гражданом. Але не атрымлівалася, хоць ён вельмі стараўся.

Калі параўнаць Сабаку і Граждана, ёсьць адрозьненьне – хвост. Да каго ж аднесьці пасьпяховага Студэнта?

Калі ў Сабакі хвост абаранкам, значыць, яго продкі жылі ў Смургонях.

Граждан кінуў піць, бо памёр. Сабака пахаваў яго, але ня плакаў.

P.S. "Сабачыя гісторыі" нагадалі мне чамусьці батлейку. Таму і вырашыў крыху пашырыць колькасьць пэрсанажаў.

Вангор Вушацкі, Маладэчна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0