тыдзень нашага жыцьця

Эўрапейская Куба

 

Тыдзень пачаўся з выступленьня будучага пасла Амэрыкі ў Беларусі Майкла Козака ў Сэнаце, якое зьвярнула на сябе ўвагу тым, што ён працытаваў словы зь леташняга сэнацкага дакладу пра Беларусь, у якім нашу краіну называюць «эўрапейскай Кубай». Ён таксама сказаў: «Палітыка, апэрацыі і праблемы бясьпекі, зь якімі мы сутыкаліся на Кубе, вельмі падобныя да тых, якія мае пасольства ў Менску». І таксама: «Беларусь — краіна, што перажывае сур’ёзны канстытуцыйны й палітычны крызыс, выкліканы неканстытуцыйнымі спробамі... Прэзыдэнта падоўжыць час свайго знаходжаньня на пасадзе і падпарадкаваць выканаўчай уладзе ўсе значныя дзяржаўныя інстытуцыі». Майкл Козак выказаў разуменьне таго, што «гэты крызыс, калі не зьвяртаць на яго ўвагі, можа істотна закрануць інтарэсы суседзяў Беларусі. А падтрымка Беларусяй варожых Амэрыцы рэжымаў можа закрануць інтарэсы самой Амэрыкі». Ён зьвярнуў увагу на тое, што рыторыка Лукашэнкі й Кастра вельмі падобная. У той жа час ён падкрэсьліў, што ЗША не зьбіраюцца падтрымліваць адну ці другую палітычную сілу краіны. Гэты выступ Козака выклікаў рэзкую рэакцыю МЗС РБ, якое назвала ацэнкі, што прагучалі, «пасьпешлівымі».

Прызначэньне ў Беларусь спэцыяліста па Кубе й Гаіці сьведчыць пра тое, што з Лукашэнкам не зьбіраюцца «цацкацца».

Беларуская апазыцыя дэманстравала на гэтым тыдні сваю еднасьць: вырашылі правесьці 2 ліпеня, напярэдадні чарговага візыту тройкі АБСЭ, чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім вырашыць — ісьці ці ня йсьці на выбары. Вызначылася і тое, хто складае ядро апазыцыі — гэта Народны Фронт, АГП, сацыял-дэмакраты «Народнай Грамады» і «Хартыя-97». Усе астатнія працягваюць куляцца ў пошуках гаспадара, які б іх прытуліў, або надта мала значаць. Гэтыя найбольш уплывовыя партыі апазыцыі выказалі таксама сваё стаўленьне да меркаванага Ўсебеларускага Зьезду і прыняцьця Акту незалежнасьці. Няма чаго пароць гарачкі, нерэальна арганізаваць прадстаўнічы зьезд ужо ўлетку, кажуць яны, лепей адкласьці яго на восень, каб гэта быў не чарговы сход пары соцень актывістаў, а сапраўды Ўсебеларускі Сход, роўны па сваім значэньні Першаму і Другому. Але, нягледзячы на тое, што такую пазыцыю занялі і Івонка Сурвілла, і Сямён Шарэцкі, і Вінцук Вячорка, усё ж А.Старыкевіч і Г.Бураўкін, два галоўныя завадатары Зьезду, упарта стаяць на сваім і нікога пакуль ня слухаюць. Сойм БНФ у суботу ўрэшце прапанаваў ім кампраміснае рашэньне — правесьці 29 ліпеня не Ўсебеларускі зьезд, каб не фальшаваць і не зашмольваць гэткую гістарычную назву, а проста Зьезд за незалежнасьць.

М.Статкевіч і В.Шчукін выступілі з палымянымі прамовамі ў абарону сябе, сваёй дзейнасьці і восеньскага Маршу Свабоды на крымінальным судзе над імі — прамовы гэтыя вартыя таго, каб увайсьці ў залаты фонд беларускай публіцыстыкі. «Свабода або сьмерць», — альтэрнатывы няма, заявіў М.Статкевіч. Прысуд маюць вынесьці на наступным тыдні.

Уладзімер Ярмошын праславіўся фразай «хохлы всё равно будут обдирать», гаворачы аб працы ўкраінскай мытні — раней усё Лукашэнка самаручна арганізоўваў давоз гнілога малдаўскага вінаграду, цяпер гэты ўзяўся. Цікава, ці дадуць яму папярэджаньне за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці? У кожным разе, слова не верабей — Ярмошын істотна падмачыў міт пра ўласную інтэлігентнасьць. Адна з «прадсядацелем» кампанія.

Пакуль Ярмошын лаяў маларосаў, Кучма заявіў, што да 15 сьнежня закрые-такі Чарнобыльскую АЭС, а баўгары абвесьцілі, што на лета зьмяншаюць цану візы на ўезд, каб болей турыстаў завабіць.

Дарэчы, за мяжу бяз банкаўскага дазволу хутка можна будзе вывозіць 1,5 тысячы даляраў, а не 500, як цяпер — да новых правілаў абавязвае Мытны саюз. А вось суму гарантаванага дзяржавай валютнага ўнёску ў банк (то бок таго, які дзяржава абяцаецца кампэнсаваць у разе, калі банк збанкрутуе) зьменшылі з 2000 да 1000.

У чацьвер на плошчы Перамогі ў Менску забілі вядомага ўзбэка-прадпрымальніка Аджы-Асманава. Радыё Свабода кажа, быццам бы прычына — у перадзеле правоў на імпарт у Беларусь збожжа, што моцна вырасла ў цане апошнім часам.

70 тыс. жыхароў Менску пераводзяць з Фрунзэнскага ў Цэнтральны раён — памяняюць райвыканкам тыя, хто жыве ў раёне Машэрава-Кальварыйскай. Бо Цэнтральны раён — найменшы, а Фрунзэнскі з пабудовай Захаду, Масюкоўшчыны і Краснага Бору надта разросься.

У суботняй «Народнай волі» надрукаванае інтэрвію зь Віньнікавай, якая ізноў нічога ня кажа. «ЛіМ» у чацьвер ня выйшаў — няма грошай на рахунку, і дзяржава нічым ня можа дапамагчы. Гэтаксама завісьлі і іншыя дзяржаўныя датацыйныя выданьні. То проста заробку не плацілі, а то ўжо й на друк зажмындзілі.

Тымчасам у Магілёве адбыўся першы сёлета сполах дызэнтэрыі — захварэла больш за 300 чалавек. Трэба рукі мыць!

Б.Т.