«Лукашэнка памёр»

 

Ах, якую цудоўную ноч мы правялi з адным беларускiм акторам у адным менскiм стрыптыз-бары! Дзе менскiя прыгажунi зь целамi, нiбы вырашчанымi ў iнкубатары, колькi гадзiнаў спакушалi нас сваiмi нясьцiплымi танцамi. Дзе падобныя да сьцюардэсаў афiцыянткi называлi нас гаспадамi й грацыёзна падносiлi халодны «Бэйкер», каб мы сваечасова ахалоджвалiся ад сьпякотнага вiдовiшча. Дзе мы не шка-давалi грашовай масы, шчодра напаўняючы станiкi й майткі ўсiх гэтых Клеа й Мэры роднымi купюрамi, тлумачачы, што мы — беларускiя патрыёты. Дзе нiшто, аркамя дэбiльных выкрыкаў бандзюганаў за суседнiм столiкам, не выдавала сёньняшнюю РБ. Дзе мы на якi час забылiся пра панылую савецкую рэальнасьць за сьценамi й адчулi сябе ледзь не кiношнымi амэрыканскiмi агентамi, што заслужылi свой адвязны адпачынак пасьля цяжкай працы ў СССР.

Але за вокнамi пачынаўся новы шэры дзень, у залi запалiлi сьвятло, апранутыя танцоркi з экзатычных дзiваў ператварылiся ва ўсяго толькi сымпатычных паненак. Мы з прыяцелем выйшлi на шэры пустынны праспэкт. Мэтро яшчэ не працавала, а ў нашых запасах знайшлася бутэлька «Менскага бровару». Усеўшыся на бардзюр, мы пiлi кепскае пiва, пакрысе адаптуючыя да краявiду.

Першымi, як мы зразумелi, у нашым горадзе прачынаюцца бамжы. Раней за дворнiкаў. Дзьве старыя абдрапаныя алькагалiчкi асьцярожна перасоўвалiся ў наш бок. Пасьля начнога шоў iхныя ранiшнiя постацi глядзелiся па-асаблiваму вычварна. Мы, не згаворваючыся, вырашылi не даваць гэтым жаўручкам «нi пойла, нi тары». Але далейшага прадбачыць нiяк не маглi.

Тая, што маладзейшая ды папрыгажэйшая, наблiзiлася да нас i сказала адну толькi фразу. З двух словаў. Сказала так, нiбы жадала падзялiцца глыбокай асабiстай радасьцю зь першымi сустрэчнымi. Сказала так, што недапiтая бутэлька iмгненна перайшла ў яе брудныя рукi. Сказала так, што нашыя затарможаныя мазгi на пару сэкундаў далi пачутаму веры.

«Лукашэнка памёр».

На трэцяй сэкундзе да нас дайшло, што нас падманулi. Што хiтрая бамжыха дакладна разь-лiчыла, чым можна «ўзяць» двух беларускамоўных пахмельнiкаў. Але ж асабіста ў мяне радасьцi якраз i не было. Той радасьці, зь якой, здавалася, сустрэну гэтую вестку. I смутку не было таксама. Была кароткая асалода ад моманту такога гарманiчнага пераходу казкi ў рэальнасьць, ночы ў дзень. З новымi надзеямi, з новымi праблемамi, з новымi жанчынамi.

Зьміцер Бартосік