Вінцук Вячорка: «Лукашэнка праваліўся»

 

На эўрапейскім кантынэнце ёсьць некалькі сталіцаў, якія дэманструюць дастаткова пасьлядоўную лінію да Лукашэнкі — гэта Стакгольм, Прага і Лёндан. Хаця, на жаль, у Лёндана пад уладай лейбарыстаў былі розныя палітычныя піруэты (я маю на ўвазе пасьпешлівую паездку Тоні Блэра ў Пецярбург). Але, тым ня менш, я пераканаўся, што абедзьве буйныя партыі, ня кажучы ўжо пра партыі меншыя (напрыклад, партыю валійс-кіх патрыётаў), і чыноўнікі зь Міністэрства замежных справаў, ведаюць нашую сытуацыю, падтрымліваюць імкненьне Беларусі да незалежнасьці й дэмакратыі.

А тое, што мы пабачылі ў Вашынгтоне, — гэта сапраўды беспрэцэдэнтна. Беларуская тэма, беларуская праблематыка стала «моднаю» ў вашынгтонскіх палітычных колах. З намі выказалі жаданьне сустрэцца найбольш уплывовыя ў палітыцы людзі, сярод іх былі і Зьбігнеў Бжэзінскі, экспэрт для ўсяго заходняга сьвету ў тым, што стасуецца геапалітыкі, і сэнатар Джон Макейн, нядаўні кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, які адмыслова прыйшоў на сустрэчу з нашым удзелам і выступіў з палымянай прамовай у падтрымку беларускай незалежнасьці. Мы дамагліся нашым візытам таго, што ўжо запушчана «ў вытворчасьць» рэзалюцыя Сэнату наконт Беларусі (пасьля рэзалюцыі Кангрэсу яна, магчыма, будзе яшчэ мацнейшай); што беларускае пытаньне пастаўлена ў парадак дня сустрэчы Клінтана з Пуціным. Мы пачулі поўную падтрымку нашага «прынцыпу чатырох пазыцыяў». Чатыры ўмовы выбараў і пэўны час для іх рэалізацыі і затым — свабодныя, дэмакратычныя, прызнаныя сьветам выбары. Гэта ўва ўсіх вашынгтонскіх кабінэтах было цалкам падтрымана.

— Які імідж мае Беларусь у палітыкаў на Захадзе?

— Я б сказаў, што зьменны. Яшчэ восем гадоў таму нават чыноўнікі, магчыма, не знаходзілі нашай краіны на мапе. Потым мы выклікалі цікавасьць, калі вывозіліся ракеты з нашай тэрыторыі. Пасьля наступіла забыцьцё. І толькі разгул дыктатуры ў нашай краіне, прыход да ўлады ў Расеі «чорнага катa ў чорным пакоі» — Пуціна, і самае галоўнае, — рэзкая актывізацыя незалежніцкіх сілаў за апошні год, змусілі зноў заўважыць Беларусь на мапе.

Які імідж мае Беларусь? Імідж краіны, якая, насуперак геапалітычным законам, раптам апынулася ў сфэры ўплыву адроджанай імпэрскай Расеі. Гэта выклікае, перадусім у амэрыканскіх палітыкаў, дзеячоў, якія ўважаюць Амэрыку за апірышча дэмакратыі, жаданьне дапамагчы аднаўленьню дэмакратыі, а тым самым і незалежнасьці Беларусі.

— Пад час паездкі вы сустракаліся таксама і зь беларускай дыяспарай?

— Будучы ў Брытаніі, я ніколі не абмінаю магчымасьці спаткацца з а.Аляксандрам Надсанам, духоўным лідэрам беларускіх грэка-каталікоў, але й сапраўдным маральным і палітычным лідэрам беларусаў Вялікай Брытаніі. Скажу, што ён выдатна арыентуецца ў беларускай сытуацыі, і ў гэтым я чарговы раз пераканаўся.

Я ўзнавіў кантакты з асноўнымі дзеячамі беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах. Меў доўгую тэлефонную размову з Івонкай Сурвілай, гаварыў таксама зь Янкам Запруднікам, Вітаўтам Кіпелем, Антонам Шукелойцем, кіраўніком Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Віталём Зайкам. Я цешуся, што абсалютна ўсе ацэнкі беларускага палітычнага становішча ў нас і кіраўніцтва БНР і БАЗА супадаюць. Дарэчы, кіраўніцтва БАЗА (Запруднік, Зайка, Алеся Кіпель і Расьціслаў Завістовіч) наведалі Вашынгтон праз тыдзень пасьля нас, і, фактычна, замацавалі наш замежнапалітычны посьпех ды скарысталі свой натуральны ўплыў, бо яны (а бальшыня зь іх — амэрыканскія грамадзяне) — гэта тая сіла, да якой Вашынгтон мусіць прыслухоўвацца.

Мы паразумеліся і ў такім спэцыфічным пытаньні, як правядзеньне Ўсебеларускага зьезду. І ў БНФ, і ў беларускай дыяспары ёсьць трывога: каб жа толькі не здэвальваваць Усебеларускі зьезд як ідэю, каб ён ня быў проста банальным чарговым сходам, і, разам з тым, каб не была падважаная легітымнасьць і Рады БНР, і Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Мы дамовіліся пра безупынны кантакт і каардынацыю з кіраўніцтвам Рады БНР у стаўленьні да Ўсебеларускага зьезду.

— На Ваш погляд, чаму Лукашэнка так нэрвова адрэагаваў на візыт аб’яднанай апазыцыі ў Амэрыку?

— Бо гэта ягоная замежнапалітычная параза. Ён меркаваў, што сваёй гульнёй у дыялёг, маніпуляцыямі і частковымі саступкамі (напрыклад, што Чыгіра не пасадзілі ў турму, а адклалі прысуд) ён здолее схіліць кантынэнтальных эўрапейцаў да сцэнару, да якога яны й так звычайна былі схільныя: да спробаў доўгіх і бясплённых размоваў, каб пераканаць дыктатара. Мы памятаем, што польскай «Салідарнасьці» дапамагалі больш не кантынэнтальныя краіны, а Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія, Швэцыя. Паводзіны кантынэнтальных краін часта нагадваюць стравусіныя.

Лукашэнка быў перакананы, што вось-вось ягоны «дыялёг» будзе прызнаны АБСЭ як спосаб выйсьця з палітычнага крызысу. Аж тут раптам на найвышэйшым узроўні, на узроўні міжнародных камісіяў абедзьвюх палатаў амэрыканскага парлямэнту сьцьвярджаецца зусім адваротнае. А вага Злучаных Штатаў — гэта вага Злучаных Штатаў. Для Лукашэнкі стала абсалютна ясна, што ён праваліўся. Вось адкуль ягоныя пагрозы.