Крымінальная расейская папса

 

Расейскі поп-сьпявак Філіп Кіркораў абразіў беларускіх міліцыянтаў, якія ахоўвалі ягоны менскі канцэрт. «Альфа-радыё» ў сераду прыносіла прабачэньні і міліцыі, і гледачам за «недастойныя паводзіны госьця». Кіркораў абазваў міліцыянтаў, што ўтаймоўвалі ўтрапёных гледачоў, «палітычнымі прастытуткамі». Міліцыянты яму гэтага не даравалі і пасьля канцэрту раскідалі ягоную прыватную ахову і затрымалі сьпевака, пагражаючы арыштым. Той быў зьбянтэжаны — праз гадзіну ў яго ішоў цягнік на Маскву — дык мусіў прынародна прыніжана выбачацца.

Міліцыя дзейнічала жорстка, але паводле ўстаноўленых у нас законным чынам прынятых правілаў правядзеньня канцэртаў. Для гасьцёў з Расеі, дзе даўно ніякай улады ні законаў не засталося і ўсё вырашаюць грошы, гэта было нечакана і здавалася нават дзіка.

Беларуская міліцыя, найбольшая ваенізаваная сіла краіны, усё больш адчувае ўласную сілу.

А эстрада зноў прымусіла задумацца пра тое, як у беларусаў з расейцамі «мая твая не панімает».

Але гэта проста дробязі ў параўнаньні з тым, якія падзеі вакол маскоўскай эстрады цяпер разьвіваюцца ў суседняй Украіне. Зьнікненьне ў падваротнях вулічных прадаўцоў расейскай папсы, беспарадкі ў Львове ў апошнія дні, ледзь не сарваны ў Кіеве на пачатку чэрвеня канцэрт Дзімы Малікава...

Усплёск радыкальных настрояў украінскай моладзі справакаваны жудаснай гісторыяй, што адбылася ў Львове яшчэ 8 траўня. У той дзень у адну з львоўскіх кавярняў зайшоў вядомы кампазытар і эстрадны выканаўца Ігар Білазір (часта выступаў разам з жонкай — Аксанай Білазір). У кавярні разгарэлася спрэчка паміж двума іншымі наведнікамі ды бармэнам: падпітыя наведнікі эмацыйна патрабавалі паставіць ім расейскія песьні Шуфуцінскага, Міхаіла Круга ці які-небудзь іншы «блатняк». Паводле словаў відавочцаў, Ігар Білазір умяшаўся ў спрэчку й паспрабаваў давесьці прыхільнікам блатных песень, што ўва Ўкраіне можна слухаць нешта больш прыстойнае. Канфлікт неўзабаве, здавалася, быў вычарпаны. Але, прычакаўшы, калі кампазытар выйдзе, двое злодзеяў кінуліся біць яго на вуліцы жалезнымі прутамі. Пакуль прыехала міліцыя, Білазір ужо ляжаў з праламаным чэрапам. Тры тыдні сьпявак знаходзіўся ў каматозным стане і ўрэшце памёр у шпіталі.

Злачынцаў затрымала міліцыя тамсама, на месцы. Неадкладна завялі крымінальную справу, але — вось дзіва! — на раніцу абодвух адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Высьветлілася, што адзін з нападнікаў, Дзьмітры Воранаў, старшы лейтэнант украінскага войска — сын намесьніка начальніка львоўскай гарадзкой міліцыі. На момант інцыдэнту Воранаў-малодшы падаў дакумэнты на паступленьне ў ваенна-дыпляматычную акадэмію. Ягоны падзельнік, адстаўны афіцэр Юры Калінін, ужо на другі дзень пасьля дачы падпіскі зьнік невядома куды. Гэты чалавек, калі верыць чуткам пра яго, нібыта мае прамое дачыненьне да гандлю зброяй.

Пахаваньне Ігара Білазіра 30 траўня вылілася ў стыхійны мітынг. Ягоны зьмест быў, зразумела, ня толькі антырасейскі, але і «антымянтоўскі». Пасьля пахаваньня разьюшаны натоўп людзей кінуўся да ўправы львоўскай міліцыі, думаючы ўзяць зьнянавідны будынак штурмам. Тое самае магло б чакаць і пракуратуру, якая ніяк не адрэагавала на пакрываньне міліцыяй цяжкага злачынства. Штурм не адбыўся, у натоўпе не знайшлося кіраўніка.

Львоўскія дэпутаты й прадстаўнікі мэрыі тут жа прыбылі на месца беспарадкаў ды сьлёзна паабяцалі правесьці сьледзтва й справядлівы суд. Аднак многія жыхары места ня вераць абяцаньням уладаў. 8 чэрвеня, на дзевяць дзён са сьмерці забітага, нацыянальна сьвядомыя львавяне адзначылі чорную дату мітынгам. Улады напярэдадні рыхтаваліся да вялікіх беспарадкаў: у Львоў былі сьцягнутыя войскі і спэцсілы міліцыі з усяе Ўкраіны. Расейская музыка цяпер у Львове persona non grata.

Тацяна Сьнітко