Харал «А хто там ідзе?»

 

Некалі, яшчэ зусім маладым, я задумаў напісаць кніжку-дасьледаваньне пра адзін верш. Гэтым вершам я акрэсьліў сабе славуты купалаўскі шэдэўр «А хто там ідзе?» І зразумела, чаму. Зь юнацкіх гадоў мяне хваляваў лёс нашага народу, яго гісторыя, будучыня, наступствы. Тады ж зь юнацкім імпэтам пачаў турбаваць усіх, каго льга было яшчэ патурбаваць, хто яшчэ памятаў пра той час, калі гэты верш нарадзіўся і зажыў актыўным грамадзкім і літаратурным жыцьцём. Гэтак я патрывожыў Паўліну Мядзёлку, Канстанцыю Буйло, Васіля Гарбацэвіча, Гаўрылу Гарэцкага, дочак Альбэрта Паўловіча, Пётру Сергіевіча, Міхася Забэйду, а таксама перакладчыкаў «А хто там ідзе?» на мовы народаў сьвету: Міколу Брауна, Міхася Ісакоўскага, Альбінаса Жукаўскаса, Мустая Карыма, Уолтара Мэя і шмат каго іншых. За сямідзясятыя гады ў мяне намножыўся досыць цікавы летапіс славутага Купалавага твору. Частку гэтага свайго жывога збору я апублікаваў у часопісе «Нёман», у «ЛіМе», «Голасе Радзімы». Частка ж і да сёньня невядомая нашаму люду. Напрыклад, успаміны Зоські Верас і ўнука Францішка Багушэвіча Зыгмунта Абрамовіча. Зосьцы Верас і Зыгмунту Абрамовічу выпала ў адну пару вучыцца ў адной і той жа гімназіі, ствараць адзін і той жа гурток гарадзенскай вучнёўскай моладзі. Менавіта славуты купалаўскі верш, ягоны грамадзянскі патас і паклікаў да жыцьця згаданы маладзёвы гурток. Абодва і творча дэбютавалі ў нашаніўскую пару і праз «Нашу Ніву».

 

Зоська Верас:

(31/VIII.76) «Учора атрымала Ваш ліст. Сьпяшаюся адказаць. Каб усё для Вас было ясна, мушу пачаць ад кароткай весткі аб Гарадзенскім Гуртку Беларускай Моладзі.

Гэты нелегальны Гурток быў заснаваны ўвосені 1909 г. ...

— Вось гэты наш Гурток 19 лютага 1910 г. ладзіў спэктакль-вечарыну і тады першы раз у Горадні пяялі «А хто там ідзе». — Пяялі на 2 галасы. Юзя Касацкая і Зыгмунт Абарамовіч.

Уражаньне на ўсіх словы паэта зрабілі вялікае... Настрой быў узьнёслы і паважны. Дагэтуль помню... — Я жыву ў Вільні ад 1923 г. — Хіба і тут на канцэртах «А хто там ідзе» можна было пачуць. — Аб гэтым найлепш Вам скажуць Р.Шырма ды Янка Хвораст.

Мой калега з Гуртку Зыгмунт Абрамовіч — мой равесьнік. Нам па 84 гады... Працаваў у трупе І.Буйніцкага. Магчыма, ён мог бы сказаць што цікавае аб вершы «А хто там ідзе». — Мо ён уваходзіў у рэпэртуар трупы? Раджу Вам напісаць, запытацца.

— З. Абрамовіч жыве даўна ў Польшчы, але мовы не забывае. Адрас падаю у канцы ліста.

— Калі б Вы да яго пісалі, спашлецеся на мяне, а мне паведамце, то я таксама да яго напішу, падганю, каб Вам адказаў. Ён часта хварэе, але ўсё ж да мяне піша».

Клопаты Зоські Верас былі недарэмныя, нямарныя. Праз пэўны час Зыгмунт Абрамовіч адгукнуўся на маю просьбу і прыслаў досыць разгорнутыя ўспаміны пра творчае жыцьцё купалавага верша «А хто там ідзе?» і пра яго эпоху.

 

Зыгмунт Абрамовіч:

«Шматгодзьдзе прайшло ад таго дня, калі ў гарадзенскіх кляштарных мурах я перш-наперш прачытаў, а пасьля вывучыўся пяяць незабыўны, сумны, як тагачаснае жыцьцё беларусаў, купалаўскі верш «А хто там ідзе?»

У сёньня ўжо гістарычным гуртку беларускай моладзі, які здолеў выклікаць да жыцьця і нелегальнай дзейнасьці Ф.Грынкевіч, — «А хто там ідзе?» чутно было амаль штодзённа. Прамаўлялі да нас і словы-тэкст і балючы зьмест — і музыка, якую зь вялікім зразуменьнем напісаў таленавіты кампазытар Л.Рагоўскі.

Аднак я, маючы імкненьне (мо акцёрскае) да больш глыбокіх аналізаў, да падрабязнага разварушваньня матэрыялу, які трэба было выконваць, зацікавіўся пытаньнем — чым жа па сутнасьці зьяўляецца «А хто там ідзе?» сярод іншых твораў.

Верш даволі незвычайны па форме, нейкая не штодзённая вэрсыфікацыя — гэта ж пытаньні і адказы! А хто пытае і каму сумны рэй нясе гэты адказ?

Безумоўна адно: пытае поўны вялікага суму і гневу дапытлівы Пясьняр, адказвае пад’ярэмны, прыгнечаны Народ. З маіх думак я рашуча выкінуў назоў «гімн». Яшчэ не надыйшла пара. Лічыць, што «А хто там ідзе?» — кантата — неяк ні да чаго і ў музычным, і ў зьместавым сэнсах.

Купалаўскі верш не даваў мне супакою, пакуль я не знайшоў слова «харал». Я падзяліўся сваёй думкай, і сябры выказалі згоднасьць.

Пазьней, ужо акцёрам І.Ц.Буйніцкага, у якога мы на кожным выступленьні пяялі «А хто там ідзе?» — мела характар харалу.

У маіх успамінах «Няходжанымі сьцежкамі» (Полымя, красавік 1976, №4) я прысьвяціў купалаўскаму харалу некалькі словаў.

Як выконвалі «А хто там ідзе?» у праграмах 1-й Беларускай Трупы?

Пытаньне сьпяваў адзін голас — сола. Адказ пяяў хор нясьпешна (leute) — сумна, аднак зь цьвёрдай рашучасьцю ў канцавых радках песьні.

Гледачы, якія на 10-15 мінут раней сьмяяліся з выкрутасаў «Моднага Шляхцюка», прыціхалі, калі ў «канцэртнай частцы» пачыналася «А хто там ідзе?»

Неяк зьнячэку запаноўвала ціша, не чутно было нават шэпту.

Здавалася, што вось зараз усе паўстаюць зь месцаў і песьню Янкі Купалы прыйме глядзельная заля як гімн, як Бацькаўшчыну.

Гэта не літаратура — гэта памяць майго старога сэрца.

Такі эфэкт быў паўсюль, дзе на сцэнічную плошчу выходзіла «буйніцкая» моладзь.

«А хто там ідзе?» я слухаў у сваім родным Слуцку, яго на вечарынках выконвалі вучні Беларускай Гімназіі. Акампанэмэнт вяла маладая вучыцелька родам з Старыцы Любоў Уладзімераўна Ранчэўская, мой шчыры і незабыўны таварыш.

Даўно таму ў Наваградку я чуў, што нейкія «патрыёты» зладзілі беларускі сход. Скончыўся дрэнна — прысутныя пачалі выходзіць з памяшканьня, нехта запяяў «Ад веку мы спалі», а з другога канцу залі два-тры галасы — «А хто там ідзе?»

Слухаў я на вёсцы каля Стоўпцаў у доме польскай настаўніцы, як моладзь сьпявала купалаўскі харал на зладжанай вечарынцы.

У самы цяжкі час гітлераўскага тэрору ў Ашмяне — я прабраўся над рэчку і ішоў побач невялікіх хатак. Ужо вечарэла і хутка надыходзіла «паліцэйская гадзіна». З аднаго дамку зусім ціха чутно было гітару. Зьдзіўлена, ня верачы вушам, я спыніўся. Нехта ціхенька іграў мэлёдыю «А хто там ідзе?»...

Я доўга ня мог зразумець, чаму, калі ішла гаворка аб творчасьці Янкі Купалы, якая зьяўляецца высокай магутнай вехай на дарозе беларускага адраджэньня — мяне спыняе нейкі недахоп.

І толькі цяпер, калі я напісаў аб маіх «сустрэчах» зь вершам вялікага Песьняра, я зразумеў і знайшоў адказ: рэч у тым, што між дзеячоў беларусаў, якіх я ведаў, гутарыў і меў асабістыя адносіны да іх творчасьці, не было Купалы. Не давялося мне ўбачыць Яго і падзякаваць за ягоную творчасьць.

Сягоньня з далёкай Польшчы з нагоды «А хто там ідзе?» я хачу далучыць словы глыбокай пашаны для памяці Янкі Купалы. Яна на стагодзьдзі застанецца сярод усіх, хто любіць беларускі народ, мае пашану да прыгожай мовы продкаў...»

 

Перачытваючы згадкі Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, думаеш сёньня ня толькі пра тое, што яны згадалі, але і пра іх саміх. Досыць ужо сталага веку, на дзявятым дзесятку, калі ўжо і памяць прыжухлая, і рука не тае трываласьці, як у маладосьці, яны ўсё ж адгукнуліся на маю просьбу, знайшлі сілы, каб занатаваць на паперы найцікавейшыя для нас падзеі з часу нашага нацыянальнага адраджэньня на заранку дваццатага стагодзьдзя. Імі кіравала высокае ўсьведамленьне сваёй адказнасьці перад будучыняй Беларусі, краю. Ім хацелася, каб пра іхныя парываньні ведалі наступныя пакаленьні. І ня проста ведалі, а каб на закладзеным імі нацыянальным падмурку будавалі сьведама велічна дзяржаўны гмах. Зоська Верас, прыкладам, на мае трывогі, ці не занадта я надакучаю ёй сваімі пытаньнямі, звычайна казала: «Не і не! Гэта ж мой сьвяты абавязак, і ня толькі мой, а ўсяго старэйшага пакаленьня расказаць малодшым усё, што вартае нашае гісторыі». І гэта былі праўдзівыя словы.

Уладзімер Содаль