БІБЛІЯТЭКА

 

Жаданьне гаварыць па-свойму

Антон Цвид. «Сторінки хвиль». — Берасьце, 1999. Сэрыя «Берасьцейскае вогнішча — Берестейське багаття», 104 с. Наклад 299 ас.

Гэты невялічкі зборнік вершаў -- першая кніга паэзіі чыста на ўкраінскай мове, выдадзеная на Берасьцейшчыне пасьля 1944 году. Дзіўнае пачуцьцё, якое ўзьнікае па яе прачытаньні, можна выказаць фразай: хочацца гаварыць па-свойму...

Цвыд піша вершы пра рэчы, мае, родныя ад пачатку: пра кантрольна-сьледавую паласу на мяжы, што мазоліла вочы з маленства, пра дызэль Берасьце-Ўладава, які, здавалася раней, ідзе з Заказанкі ў вялікі сьвет, а цяпер ідзе са сьвету ў Заказанку, пра старыцы Бугу, і маладую ўкраінку, што ўтапілася ў іх паўстагодзьдзя таму... Сьвет майго жыцьця — сьвет, які памяць адразу ж паслужліва разбудоўвае і размалёўвае такімі фарбамі, якія бываюць у сьне: пясчаныя сівыя пагоркі-выдмы, вечны несьціханы шум соснаў над домам, твары тых, хто гаварыў на адной са мною гаворцы і каго даўно ўжо няма...

Тэхніка вершаў адыходзіць на другі плян. «Простыя словы, простыя рэчы», паводле ўдалага выразу Міхала Анемпадыстава, калі яны сапраўдныя, кранаюць мацней за вытанчаныя да дасканаласьці.

Вершы назапашваліся ўсё жыцьцё, каб аднойчы, у сапраўды добры дзень, ператварыцца ў кніжку. Наклад, вядома, невялічкі. Ахвотных купіць кнігу й пачытаць, як «Над Мотикалами гуртуються бусли» і «Знову травень засвітив кульбаби...», было б несумненна нашмат болей. Аўтар таксама пераклаў для свайго зборніка найбольш упадабаныя вершы беларускіх паэтаў. Гучаць арганічна.

Па-ўкраінску ў Беларусі дасюль амаль ніхто ня піша. Дый скуль зьявіцца пісьменьнікам, калі нідзе ў Беларусі ўкраінскай не вывучаюць? Але ні бяды. Word-2000 мае праверку ўкраінскай артаграфіі і граматыкі. Цяпер па-ўкраінску пісаць лягчэй, чым па-беларуску: кампутар паказвае памылкі ды яшчэ й раіць, як іх выправіць. Цяпер мы ўжо расьпішамся, трэба думаць...

 

Євгенія Жабіньска. «Коли приходить тиша». Більск-Підляський, 1995. Выданьне Саюзу Ўкраінцаў Падляшша.

Перабрацца праз Буг і трапіць у Беларусь — гэта, як бачым, займае пяць гадоў.

Калі жанчына піша вершы і жыве на Бузе, дык, акрамя каханьня, якім ня можа ня жыць кожная паэтка, яна жыве тугой і сумам. Моцна ж даюцца нам у знакі практыкаваньні ў пераносе межаў, якімі цешылі сябе моцныя гэтага сьвету паўстагодзьдзя таму! У кругаверці жыцьця не-не, а вяртаесься да колішніх дзіцячых пытаньняў:

Дорогами калікими
снуються
тіні підляшуків
не приписаніх
до батьківщини
незнаної з дитинства

дорогами калікими
снуються
тіні тіней

Хто цешыць сябе ілюзіямі, а хто будуе дом, а той рыдлюе грады, тая чакае дзіця, а тая чакае дзіця з арміі, а вось паэтка ведае:

Ні одних
дверей
за собою
не замкнеш
щільно
все
щілинами
сочиться
смуга минулого

Прыемны зборнічак ціхай, сумнай паэзіі, якую прынята называць жаночай. Шкада, што падобных кніжок нельга купіць у менскіх кнігарнях.

Натальля Бабіна


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

А.Адамовіч. Рана на Івана. — Менск: Беларуская навука, 2000. — 215 с., іл. — Наклад 800 ас. ISBN 985-08-0299-5

Аўген Адамовіч у сваёй кнізе сабраў плён шматгадовае працы ў дасьледзінах адраджэньня й сьвяткаваньня ў Беларусі традыцыйных (паганскіх) сьвятаў у апошняе дзесяцігодзьдзе ХХ ст.

Э.Ажэшка. Выбраныя творы. / Укладаньне, прадмова й камэнтары В.Гапавай. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2000. — 512 с., іл. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-6318-73-4

Чарговы том «Беларускага кнігазбору» выйшаў у чырвонай сэрыі гэтага шматтомнага выданьня, дзе друкуюцца клясыкі беларускае літаратуры. Творы гарадзенскае пісьменьніцы выходзяць па-беларуску ўпершыню за апошнюю чвэртку стагодзьдзя (апошняга разу Ажэшку выдавалі па-беларуску ў 1975 г.).

С.Астравец. Цэнзарскія нажніцы: Проза 1984—1999 г. Горадня — Беласток, 2000. — 545 с. ISBN 83-912637-1-1

Гарадзенскі карэспандэнт «Свабоды» й «Нашай Нівы» Сяргей Астраўцоў сам выдаў некалі «рассыпаную» ў наборы дзяржаўнага выдавецтва кнігу свае прозы. Наконт набыцьця зьвяртайцеся ў сядзібу БНФ (Варвашэні, 8) або званеце 227-78-92.

Беларусь глазами российских журналистов. — Масква: Галерия, 1999. — 208 с. — Наклад 1500 ас. ISBN 5-8137-0025-0

Кнігу склалі нарысы расейскіх журналістаў зь іхнымі ўражаньнямі й рэфлексіямі ад наведаньня лукашэнкаўскае Беларусі, напісаныя ў часе візыту ў нашу краіну паводле адмысловага праекту інстытуту «Адкрытае грамадзтва» й Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Л.Галубовіч. Апошнія вершы Леаніда Галубовіча. — Полацак: Выдавецкая суполка «Полацкае ляда», 2000. — 76 с. — (Сэрыя «Анталёгія», біб-ка часопісу «Калосьсе».) — Наклад 180 ас.

Адна з найлепшых кніг паэзіі за апошнія гады. Леанід Галубовіч абвесьціў, што перастае пісаць вершы. Наклад кнігі зусім малы, прадаецца яна толькі на сядзібах БНФ і ТБМ.

Да дэмакратыі праз грамадзянскую супольнасьць. / Пад рэдакцыяй П.Фэнрыха, У.Роўды. — Шчэцін, 1999. — 270 с.

М.Ермаловіч. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Менск: Беллітфонд, 2000. — 448 с. — Наклад 8500 ас. ISBN 985-6576-08-3

Аўтар гэтае кнігі не дажыў да поўнага выданьня сваіх гістарычных прац усяго некалькі месяцаў. Кніга абгрунтоўвае беларускія прыроду й паходжаньне Вялікага Княства Літоўскага. Цана 1900 рублёў. Адна з самых тыражных беларускіх кніг апошніх гадоў. Спадабаецца шырокаму колу чытачоў.

С.Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. — Менск: «Беларускі гістарычны агляд», 2000. — 160 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6374-15-4

Сымон Кандыбовіч (1891—1972) на пачатку 1930-х быў кіраўніком справаў Савету народных камісараў БССР (менавіта ён разам з старшынём СНК БССР Мікалаем Галадзедам 26 жніўня 1933 г. падпісаў пастанову ўраду «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу»), у 1940 г. быў арыштаваны, у часе другое сусьветнае вайны браў чынны ўдзел у беларускім грамадзка-палітычным жыцьці (быў сябрам Беларускае Цэнтральнае Рады), пасьля на эміграцыі, дзе ад 1956 г. выконваў абавязкі рэфэрэнта Сакратарыяту Рады БНР у пытаньнях гаспадаркі. Аўтар быў сьведкам апісаных у кнізе падзеяў; гэтаксама ў выданьні шмат турэмных фотаздымкаў беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Крыж памяці. Кароткі сьпіс войнаў, паўстаньняў, рэпрэсіяў, катастрофаў, што выпалі на лёс Беларусі за тысячагодзьдзе / Аўтар праекту й складальнік К.Тарасаў. Мастакі В.Бугаенка, В.Фёдарава. — Менск: ТАА «Лекцыя», 2000. — 116 с.: іл. — Наклад 450 ас. ISBN 985-6305-26-8

Выданьне складаюць «чорныя» даты беларускае гісторыі — ад спаленьня Полацка кіеўскім князем Валадзімерам у 980 г. да трагедыі на Нямізе ў Менску 30 траўня 1999 г.

Кур’ер. № 2, травень 2000 г. — Менск, 2000. — 48 с. — Наклад 5300 ас.

Галоўная тэма нумару — нацыянальны характар. Адзін з найцікавейшых матар’ялаў — нарыс Аляксандра Фядуты пра палітычны шлях і жыцьцёвую долю Віктара Ганчара. Але ўвага: амаль суцэльна расейскамоўнае выданьне.

У.Ліпскі. Каралева белых прынцэс: Выбранае: Аповесьці. Казкі. Апавяданьні. Для малодшага школьнага веку. / Мастак Я.Ларчанка. — Менск: Юнацтва, 2000. — 335 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0296-7

Старшыня Беларускага дзіцячага фонду Ўладзімер Ліпскі, напэўна, найбольш выдаваны дзіцячы пісьменьнік краіны. Цана 1650 руб.

Магілёўская даўніна, 1999 г. — Магілёў, 1999. — 192 с., 50 іл. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6568-07-2

Гэты магілёўскі часапіс цяпер выходзіць штогод. Наконт набыцьця трэба зьвяртацца ў менскую сядзібу БНФ і ТБМ.

Д.Міцкевіч. Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа. — Менск: Полымя, 2000. — 288 с., іл. — Наклад 2800 ас. ISBN 985-07-0363-6

Даніла Міцкевіч, сын народнага песьняра, згадвае пра невядомыя бакі жыцьця Коласа, пра ягоных сяброў і сучасьнікаў. Кніга мае шмат фотаздымкаў і лёгка чытаецца. Цана 515 руб.

Памяць. Мсьціслаўскі раён: Гістарычна-дакумэнтальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. / Укладальнік У.Гасянкоў; Рэдкалегія: У.Гасянкоў ды інш. Мастак Э.Жакевіч. — Менск: Полымя, 1999. — 608 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-02-01-Х

Чарговая кніга «Памяці» прысьвечана радзіме Алега Трусава і Ўладзімера Караткевіча.

Студэнцкая думка. № 5, травень 2000 г. — Менск, 2000. — 40 с. — Наклад 1000 ас.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0