У нядзелю 10 чэрвеня у Мінску, як штогод, прайшла працэсія Божага Цела. У працэсіі, якую ўзначалілі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і Апостальскі Адміністратар Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, узялі ўдзел каля дваццаці святароў і некалькі тысяч вернікаў з розных парафій Мінска.

Напачатку ўдзельнікі працэсіі сабраліся каля старажытных муроў касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе адбылася святая Імша, якую цэлебраваў прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне. У гаміліі, якую прамовіў канцлер Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіяльнай курыі і адміністратар залатагорскай парафіі кс. Юрый Касабуцкі, гаворка ішла пра тое, наколькі вялікім Божым дарам з’яўляецца Эўхарыстыя ў жыцці верніка, хоць мы часам не заўважаем гэтага і марнуем шмат намаганняў і часу на бясплённыя пошукі замест таго, каб прыйсці да гэтай крыніцы сапраўднага шчасця.

З Залатой Горкі працэсія са спевам рушыла па цэнтральным праспекце сталіцы ў кірунку Кастрычніцкай плошчы, дзе каля надзвычай прыгожага алтара, падрыхтаванага вернікамі парафіі святога Яна Хрысціцеля, адбылася другая стацыя, якую правёў кс. пробашч Ігар Лашук, серабранкаўскі дзекан. Трэцяя стацыя традыцыйна прайшла каля Чырвонага касцёла, дзе пасля малітвы прагучала некалькі спеваў, а завяршылася працэсія каля галоўнай святыні сталіцы архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут з гаміліяй да вернікаў звярнуўся пастыр архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

Нягледзячы на вельмі спякотнае надвор’е, большасць удзельнікаў працэсіі, у тым ліку і маленькія дзеткі ў белых строях, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, прайшлі разам з Езусам у Эўхарыстыі ўвесь немалы шлях з Залатой Горкі да катэдры. Як слушна адзначыў біскуп Антоні, Эўхарыстычная працэсія стала выразам гонару хрысціянаў сваёю вераю, што дае збаўленне, у супрацьвагу тым незразумелым маніфестацыям, мэта якіх — прапаганда граху, што прыніжае годнасць чалавека і абясцэньвае каштоўнасць яго жыцця.

Фатаздымкі з працэсіі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?