Лісты ў рэдакцыю

 

«Сказ пра Лысую гару» з КГБ*

У другой палове 70-х, калі я маладым спэцыялістам працаваў на менскім заводзе імя Арджанікідзэ, у наш канструктарскі аддзел прыйшоў такі ж малады спэцыяліст, як я, але з МРТІ — Аляксей П-еў. Да мозгу касьцей кар’ерны хлопец: яго бацька быў нейкім там начальнікам у аддзеле кадраў КГБ, і Аляксей на ўсе 100% адпрацоўваў магчымасьць пасьпець увайсьці ў «залатое кола» намэнклятуры. Камітэт камсамолу заводу (аб’яднаньня) — ЛКСМБ — партыя...

Але гэта асобная гісторыя. Я ж хачу засьведчыць, што праз памянёнага хлопца мы, шараговыя савецкія інжынэры, здолелі пазнаёміцца і з той «Лысай гарой», і з «Майстрам і Маргарытай», і з Салжаніцыным, і нават зь нейкім (быццам бы індыйскім) сэкс-бэстсэлерам, што тады было о-ё-ё-й!..

Пры гэтым Аляксей нам напрамую казаў, што літаратуру ён пазычаў у добрых людзей «адтуль» (ЦК КПБ, КГБ)...

Алесь Катлянік, Менск

*Водгук на тэму нумару ў «НН» №23.

 

Беларускі калярыт у расейскай мове

Падтрымліваю ідэю пасьмяяцца з «рэфэрэндумак». Зьяўляюцца яны, калі імкненьне арыгінальна паведаміць пра тавар, краму ці паслугу ды інш. спалучаецца зь вялікай самаўпэўненасьцю і значна меншым веданьнем мовы. Атрымліваецца рэкляма наадварот — брык-рэкляма.

Каб даслаць Вам адзін зь яе прыкладаў, давялося набыць варенье из яблок «Ласунок». Хто спрабаваў кансэрвы Чырвонаслабодзкага камбінату, зразумее, што было ў невялічкім, на шчасьце, слоічку.

На ваўкавыскі сьвіны тлушч толькі падзівілася — не спажываем. Ды даведалася з абгорткі, што вырабляюць гэты харч на вул. Акцябарскай, 15.

Калі ласка — капэрта, у якой Вы атрымалі мой ліст. Каля беларускага «куды-каму» — малюнак са словамі «ХВ Пасха».

ОАО «Руденск» вырабляе «обувной крем «Світанак».

А ў Менску на вуліцы Казлова ёсьць фирменный магазин «Стужка».

Недалёка ад яго, на Камароўцы, нейкі максымаліст павесіў на сваім шапіку шыльду «Гандлёвая крама».

Тое-сёе зь беларускай мовы памятаюць і серабранскія гандляры — у краме «Прыпутнік». Аўтар кульгавага слоўца шукаў лягічную назву свайму ўнівэрсаму, які месьціцца каля Ўсходняга аўтавакзалу. Аднак ня здолеў успомніць да канца слова «трыпутнік» — іншае найменьне вядомай расьліны падарожніка. Але ж усе шматлікія «інстанцыі» зарэгістравалі АТ «Прыпутнік». А часопіс «Гермес» Міністэрства гандлю дадаў інтрыгі, пераклаўшы нэалягізм на расейскую мову — припутник.

Дарэчы, яшчэ часопіс — толькі дзіцячы. «Познайка». Яго рэклямуюць у панядзелкавых «Калыханках» на БТ. Вядучыя перадачы гутараць з Познайкой-мульцяшкам і стваральнікамі часопісу па-беларуску, а тыя ўпарта адказваюць па-расейску. Нават малое дзіця, паслухаўшы гэта, пытаецца, чаму Познайка ўсё ведае, а беларускія словы — не. Каб жа хутчэй такое «дабро» ў нас зьвялося!

Валянціна Рашэтнік, Менск

 

Бульба-таўканічка

50-я гады. Савецка-беларуская правінцыя. Ворша. Ужо тады вясковая беларускасьць разьбівалася аб новабэтонную расейскую савецкасьць. Наіўныя беларусы хаваліся на гарадзкіх звалках ці ўцякалі назад ад кожнага выбуху агрэсіі ці проста незадаволенасьці з боку ўсялякага кшталту старшыняў, кіраўнікоў і іншых «адукаваных» людзей. А нездаволеныя яны былі часьцяком, і асабліва прастатой і вясковай натуральнасьцю. Ці, у залежнасьці ад дрэннага настрою, «вульгарнай інтанацыяй» беларускай мовы. Ці негарадзкой выпраўкай наведнікаў у мірыяды кабінэтаў у пошуках паперак, даведак, у пошуках паратунку. Вось тады і нарадзілася канчаткова трасянка — савецкая пачвара, якая пачала выскокваць зь беларускіх целаў, парушаных і абваропаных савецкімі экспэрыментамі.

Так аднойчы Вольга, беларуская дзяўчына з далёкай вёскі, прыдыбала да сваёй савецкай сястры пагасьцяваць, зрабіць патрэбную куплю, аддаць паўнюткія вясковымі харчамі торбы. Настасься, ейная сястра, ужо два гады як вучылася на настаўніцу, і таму розьніца ў манерах была надзвычай відавочнай. Настасься не магла ўявіць сабе, як можна было вярнуцца жыць у вёску пасьля гораду з душам, зялёна-бутэльным кефірам і квіткамі ў кіно. Вольга таксама не разумела, як можна было штодзень цешыцца на брудных велічных вуліцах, убівацца ў паўнюткія аўтобусы, стяць у чарзе па харчы, піць «нясмачнае і перагоннае» малако. Родныя сёстры, напэўна, інтуітыўна здагадваліся аб разьбеглых за апошнія два гады шляхах, аднак яны былі сёстрамі, таму любілі і паважалі адна адну.

Аднойчы ўдзень Настасься павяла Вольгу ў сталоўку, каб паказаць чыстую і камфортную залю з сурвэткамі і ўтульнымі крэсламі, ну і каб, канечне, пачаставаць сястру гарадзкімі стравамі. У душы Настасься баялася гучнай беларускай гаворкі сястры, ад чаго навакольныя гараджане, якія кагадзе замянілі лапці на чаравікі, напэўна, будуць сьмяяцца.

Сеўшы за стол, Настасься ўтэркнула ў рукі Вольгі мэню, але сама выбрала сястры пажыву на свой густ — «давай паямо пюрэ» — і хутка скакнула вачыма за суседзкі стол, дзе сьнедалі прыемныя мальцы. Яна ўсё стракатала, толькі каб сястрыца не разявіла мялкі і не напужала далікатных мальцаў, усё пераказвала ёй сваё гарадзкое жыцьцё. Але Вольга ўсё ж знайшла момант, каб падзяліцца сваім расчараваньнем:

— Якое ж гэта пярэ, гэта ж бульба тоўчаная!

— Якая розьніца! Ямо! — толькі і адказала Настасься, раззлаваная ад сораму, ад наіўнасьці сястры, якая ў дадатак спудзіла мальцаў за суседзкім столікам, якія ўжо былі заўважылі зграбнае дзяўчо ў блакітнай паркалёвай сукенцы.

Расчараваная ж Вольга, якая ўяўляла сабе «пярэ» як невядомую і дужа смачную страву, ціха варушыла відэльцам вадзяністую таўканіцу.

Уладзіслаў Гарбацкі, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0