«Беларусы ўсё рашаюць у апошнюю гадзіну»

Ісьці ці ня йсьці на выбары?

 

Беларуская апазыцыя вырашыла ня йсьці на восеньскія выбары парлямэнту і чакае, пакуль Лукашэнка сам пойдзе ёй насустрач. Але ці ўсё вырашаюць палітыкі? Людзі культуры дзеляцца з намі сваімі развагамі наконт удзелу ў восеньскіх выбарах, уяўляюць сябе ў ролі лідэраў палітычнай апазыцыі ды спрабуюць свае сілы ў палітычным прагназаваньні: на які адсотак выбарцаў могуць разьлічваць дэмакратычныя сілы, калі ўсё-ткі дойдуць да выбарчых участкаў.

 

Зьміцер Колас, перакладчык:

Мусова пайсьці

 

Апазыцыя мусіць пайсьці на выбары, бо без прысутнасьці на рэальнай палітычнай сцэне мы ніколі нічога не дасягнем. Як можна прыйсьці да ўлады, нічога ня робячы? На сёньняшнім этапе апазыцыя павінна ствараць максымальныя магчымасьці для прапаганды сваёй праграмы: насельніцтва абсалютна ня ведае, чаго апазыцыя хоча. Безумоўна, лягчэй за ўсё наракаць на кантроль улады над сродкамі масавай інфармацыі. Вядома, калі адпаведныя ўмовы ня будуць створаныя, цалкам верагодна, што апазыцыя ня зойме ў парлямэнце ніводнага крэсла, нават калі й возьме ўдзел у выбарах. Бо ў нашых партыях шмат нармальных, здаровых людзей, але яны не палітыкі. Той самы Вячорка — цудоўны хлопец, выдатны спэцыяліст у сваёй галіне, але ці стаў бы сапраўдны палітык прылюдна спальваць дамову аб абґяднаньні з Расеяй? Трэба ясна ўсьведамляць сытуацыю, што існуе ў краіне.

Не выкарыстоўваецца і дапамога прафэсіяналаў. Згадаем 1993 год, калі Пазьняк адмовіўся ад практычна дармовай дапамогі палітолягаў, якія б маглі забясьпечыць яму рэальную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах. Тыя людзі ў Ангельшчыне, калі, здавалася, народ стаміўся ўжо ад Жалезнае Лэдзі і ўсе прарочылі перамогу лейбарыстам, зрабілі так, каб торы сталі пры ўладзе яшчэ на адзін тэрмін, у вонкава безнадзейных умовах. Тыя прафэсіяналы, для якіх палітыка — гэта спорт, браліся ўдзельнічаць і ў падрыхтоўцы прэзыдэнцкіх выбараў у Літве, але ў нашых суседзяў таксама перамагла местачковасьць, і да ўлады прыйшоў былы камуніст Бразаўскас.

У свой час нацыянальная плыня ў апазыцыі зрабіла яшчэ адну вялікую памылку, адмовіўшыся ад супрацоўніцтва з былымі партфункцыянэрамі кшталту Краўчанкі ці Бутэвіча. Але ж гэта людзі, якія прайшлі ў свой час па ўсіх камсамольска-партыйных лесьвіцах і ведалі, што і як трэба рабіць дзеля дасягненьня палітычнае перамогі. Калісьці на вайсковай катэдры ў інстытуце мы вывучалі прадмет «спэцпрапаганда», дзе вучылі, як давесьці ворагу сваю рацыю. Калі падысьці да гэтае справы з розумам, пераканаць праціўніка ў сваёй перавазе зусім ня цяжка. Тым больш, што народ наш — зусім ня вораг апазыцыі, трэба толькі данесьці да яго сваю праўду.

 

Адам Глёбус, літаратар і выдавец:

Больш фантазіі

Асабіста я ні на якія выбары не пайду — такая мая пазыцыя. Але калі ты назваўся палітыкам, ты мусіш удзельнічаць у палітычным жыцьці пры любых умовах. Якім чынам браць удзел у выбарах, якую тактыку ці стратэгію абраць — гэта іншае пытаньне. А так гэта ўсё выглядае на дзіцячыя гульні ў пясочку.

На маю думку, адной з моцных хібаў апазыцыі ёсьць няўлічваньне ўсходняга вэктару. Усе нашыя посьпехі на Захадзе маюць аднабаковы характар, і ўлада выкарыстоўвае гэта. Чаму б не навязаць кантакты з расейскім «Мядзьведзем» ці «Яблыкам»? Нашыя «яблыкаўцы» — гэта людзі, ня вартыя ўвагі. Як можа называцца дэмакратам той самы Фядута, пры якім выходзілі газэты зь белымі палосамі?

Яшчэ адным крокам апазыцыі мусіць стаць зьмена палітычнай рыторыкі, лексыкі. Прыкладам, замест выразу «незалежныя сродкі масавай інфармацыі» пісаць «прагрэсіўныя». Улады сваімі дзеяньнямі ўжо стварылі свой рэальны вобраз, апазыцыя ж ні ў якім выпадку ня мусіць пазбаўляцца свайго рамантызму: менавіта ён малюе пэрспэктывы жыцьця. Няхай сабе будзе дасягнута толькі 50% ад заплянаванага.

Недапрацоўкай я лічу і ігнараваньне левых сілаў у апазыцыі.

Я маю на ўвазе не Калякіна ды іншых — гэта ўжо мінулае, а ў першую чаргу моладзі, якая верыць у сацыялізм як справядлівую мадэль грамадзтва. Тыя ж «Навінкі» — левая газэта, і яны маюць вялікія пэрспэктывы. У Каталёніі, да прыкладу, існуе найшчыльнейшая повязь паміж нацыяналізмам і сацыялістычнымі ідэямі. Тут не вядзецца, праўда, пра баскаў ці ісламскіх фундамэнталістаў: мы ня горная краіна.

А на пытаньне, які адсотак набярэ апазыцыя на парлямэнцкіх выбарах, калі ўсё ж возьме ў іх удзел, я адказаць не магу: я ж ня Глоба, я — Глёбус.

 

Галіна Дубянецкая, паэтка:

Нічога ня знаю

 

Для мяне галоўнае, каб палітыкі не заміналі жыць людзям. Гэта як пры добрым мастацтве: як мастак таленавіты, ягоных высілкаў па стварэньні карціны не заўважаюць. Калі палітыкаў не чуваць, значыць, людзям жывецца вельмі няблага. Ці будзе ў апазыцыі посьпех на выбарах? Калі яна захоча гэтага, дык будзе, калі ж не...

 

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр:

Удзельнічаць,
калі дазволяць

 

Апазыцыя можа ўзяць удзел у выбарах толькі на тых умовах, якія яна зараз вылучае. Гэта адкрыцьцё сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх палітычных сілаў за паўгады да даты прызначэньня выбараў ды ўнясеньне ў Выбарчы кодэкс паправак на карысьць прапарцыйнай сыстэмы — інакш народ зноў падпадзе пад уплыў дэмагогіі Лукашэнкі, які абавязкова скажа, што як гэта мы дамо телевізійны эфір тысячам кандыдатаў. І трэцяй умовай зьяўляецца наданьне Палаце статусу правамоцнага заканадаўчага органу, якім яна на сёньня не зьяўляецца. З такім самым посьпехам дэпутаты могуць прадстаўляць народ у дзіцячым садку — будзе гэтулькі ж плёну. А калі прыняць удзел у выбарах на ўмовах улады, рэжым сшалее зусім, зьляціць з капытоў. У суседніх народаў ня будзе падставаў нам дапамагаць, а дыктатуры Мілошавіча з Гусэйнам пададуцца нам ідэальнымі дэмакратыямі. Баюся, каб не спазналі мы тады колішніх умоваў жыцьця ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы з Бакасам на чале.

Калі ж умовы апазыцыі будуць прынятыя, будзем спадзявацца, што Лукашэнка з Замяталіным дазволяць дэмакратычным сілам заняць пэўны адсотак месцаў у парлямэнце.

 

Аляксандар Кулінковіч, «Нэйрадзюбэль»:

Трэба ўлезьці ў гаўно

 

Думаю, што на выбары ісьці трэба: колькі ўжо можна размаўляць адкульсьці здалёк, хто з-за мяжы, хто з завугольля. У нас сытуацыя, як у паганай Расеі, дзе, напрыклад, ёсьць Яўлінскі — добры дзядзька, але нагэтулькі добры, што ўвесь час дзеіць уцішкі ці заяўляе, што ў яго незаплямленае сумленьне, таму ў брудных гульнях удзельнічаць ня будзе. А палітыкам час ад часу проста неабходна ўлазіць у гаўно. Беларускай жа апазыцыі трэба ўлезьці ў гаўно канкрэтна.

Калі б я стаў зараз на чале апазыцыі, я б, бадай, пайшоў на дамову з Лукашэнкам. Гэта, ведаеце, як калі ты йдзеш па вуліцы і да цябе чапляецца які хуліган ці п,янае быдла. Ясна, што можна зьбегчы ад яго ці закрыцца рукамі, як гэта робіць нашая апазыцыя, але можна ж і дамовіцца зь ім, паразмаўляць. Калі ў цябе нармальная, цьвярозая галава, ты гэткім быдлам ня станеш, а й яго чаму добраму навучыш. А не, дык пакажаш людзям, што яно такое, тое быдла.

І мяркую, што пры ўмове сумленнасьці выбараў апазыцыя здолее-такі набраць 50% галасоў па ўсёй краіне.

 

Леанід Екель, старшыня Саюзу журналістаў:

Час унёс карэктывы

 

Калісьці я лічыў, што журналістыка заўсёды павінна знаходзіцца ў разумнай апазыцыі да ўлады, але час унёс свае карэктывы. Паміж мною і той апазыцыяй, што ў нас існуе, стаіць бар,ер непаразуменьня. Я ня бачу шчырасьці ў дзеяньнях гэтых палітыкаў. Несумленна езьдзіць па сьвеце ды паліваць брудам улады сваёй краіны. Альтэрнатывы цяперашняй уладзе і кіраўніку дзяржавы я ня бачу.

А колькасьць месцаў у парлямэнце, на якую можа прэтэндаваць апазыцыя, мізэрная — максымум 5—7%.

 

Арлен Кашкурэвіч, мастак:

У безуладны парлямэнт няма чаго лезьці

 

У тых умовах, калі парлямэнт ня мае ніякай моцы, на выбары ісьці ня варта. Каб гэта быў хаця заканадаўчы орган кшталту колішняга Вярхоўнага Савету. Калі ж улада пойдзе на кампраміс, апазыцыя займее рэальны шанец рэпрэзэнтаваць сябе ва ўладных структурах, бо людзі ўжо па-іншаму глядзяць на рэжым.

 

Максім Капран,
web-дызайнэр:

Адсоткаў 30%

 

Усё залежыць ад таго, што будзе ўяўляць сабою заканадаўчы орган. Калі гэта будзе цяперашні Нацыянальны Сход з нулявымі паўнамоцтвамі, ісьці туды будзе азначаць зацьвердзіць легітымнасьць рэжыму. Калі апазыцыя пойдзе на такое, няхай сама ў такія гульні і гуляецца. Пры зьмяненьні ж зазначаных умоваў, пры нармальных інфармацыйных умовах, пад якімі я разумею карэктнае стаўленьне СМІ да розных палітычных поглядаў, апазыцыя зможа набраць пад 30%. Максымум.

 

Міхал Анемпадыстаў, паэт-песеньнік:

Дайце народу арыенцір

 

Несур,ёзна ісьці на выбары на такіх умовах, якія ставіць рэжым. Апазыцыя ясна ўсьведамляе свае слабыя месцы, і патрабаваньне зьменаў у выбарчым кодэксе ды адкрыцьця мас-мэдыяў натуральныя. Апазыцыі варта было б вызначыць асобныя пераможныя пункцікі ў праграме, накшталт тых, што прывялі некалі да ўлады Лукашэнку. Як творца, я б надаў нацыянальнай ды дэмакратычнай ідэі больш прывабныя абрысы. Зараз народ ня мае перад сабою нармальнага арыенціру, да якога ён мог бы імкнуцца: куды ісьці, кім быць, якое грамадзтва будаваць. А трэба, напрыклад, вызначыць, што беларуская сям,я з двух чалавек мусіць мець двухпакаёвую кватэру, лецішча і аўтамабіль. Неабходна сесьці і ляпіць вобраз беларуса будучыні. Вызначыць усё да дробязяў. Месца, дзе звычайныя беларусы будуць адпачываць, — таксама неад,емная частка палітыкі: будзе гэта лецішча, Крым ці, прынамсі, сонечная Баўгарыя.

 

Ігар Бабкоў,
філёзаф:

Палітыкі
таксама людзі

 

Праграма дзеяньняў апазыцыі мусіць быць прадуманай, узважанай, весьці да рэальных вынікаў. Дзякаваць Богу, прынятая палітыка няўдзелу ў выбарах стратэгічна ды тактычна абгрунтаваная і таму заслугоўвае падтрымкі ды перагукаецца з палітыкай саюзных сілаў у замежжы, прыкладам, ЗША. Калі ж апазыцыя здолее дамагчыся выкананьня сваіх патрабаваньняў ды будзе ўдзельнічаць у выбарах, тады будзе важным ня сам адсотак галасоў, а сытуацыя скарыстаньня ўсіх публічных магчымасьцяў дзеля пашырэньня сваёй электаральнай базы. Хоць я ўважаю, што ўзьдзеяньне праз парлямэнцкія выступы ды дзяржаўнае тэлебачаньне менш эфэктыўнае, чым беспасярэдняя праца зь людзьмі: выезд на месцы, распаўсюджваньне адпаведнай літаратуры, ладжаньне акцыяў. Ня ведаю, ці апазыцыя напоўніцу выкарыстоўвае гэткія сродкі, але трэба зазначыць, што мы часьцяком успрымаем нашых палітыкаў як машыны, а не як людзей, што жывуць у неспрыяльных эканамічна-псыхалягічных умовах.

 

Пятро Васючэнка, літаратуразнаўца:

Ну, пабачым

 

Беларусы, як вядома, усё рашаюць у апошні дзень ці нават гадзіну. Абіраюць ці скідваюць уладу, ідуць або ня йдуць на выбары. Апазыцыянэры, мяркую, — таксама беларусы. Таму лічу, што адказ на вашае пытаньне знойдзецца ў апошні дзень або гадзіну перад выбарамі. «За туманам нічога ня відна..»

Апытваў А.Прас.

 

Р.S. Падчас гэтага апытаньня адбылася таксама ўнутрырэдакцыйная дыскусія «НН». Галоўная тэза наступная: ідучы на выбары, апазыцыя легітымізуе рэжым, аддае яму легітымнасьць — адзіную сваю на сёньняшні дзень моцную карту — і застаецца ні з чым. Міжнароднае прызнаньне выбараў у «палатку» пацягне за сабою легітымнасьць наступных прэзыдэнцкіх выбараў. Зразумела, што апазыцыя ў палатку не пападзе і, у выніку, яшчэ больш маргіналізуецца. Зразумела таксама, што прэзыдэнцкія выбары зноў выйграе Лукашэнка. Такім чынам, рэжым умацуецца, а апазыцыя лясьне.

Для чаго Лукашэнку легітымнасьць? Бо міжнародна прызнаны Пуцін ня стане аб’ядноўвацца зь міжнародна непрызнаным Лукашэнкам, інакш страціў бы ўласнае прызнаньне. А Лукашэнку тое аб’яднаньне трэба да зарэзу, бо ўласных ідэяў пабудовы незалежнае Беларусі ён ня мае, эканоміка краіны дэградуе, а Лукашэнкава электаральная падтрымка грунтуецца менавіта на ўсходняй арыентацыі, на «аднаўленьні саюзу». Лішне казаць, што ідзецца тут адно пра ўтрыманьне ўлады, а не пра выкарыстаньне яе. Нездарма ўсе свае шэсьць гадоў на пасадзе Лукашэнка займаўся выключна ўмацаваньнем асабістае ўлады — «жыць лепей» ня стала.

Але што ж апазыцыя? Мы пагадзіліся, што яна мусіць удзельнічаць у выбарах — як працэсе. Зьнешнепалітычная актыўнасьць апазыцыі апошнім часам абсалютна пераважвае ўнутрыпалітычную. Нават не ідучы на ўчасткі, можна сустракацца зь людзьмі, выступаць і распаўсюджваць друкаваную прадукцыю, тлумачыць сваю палітыку. І тут вось што важна: пастуляты апазыцыі, у тым ліку і яе ўмовы ўдзелу-няўдзелу, мусяць быць зразумелыя людзям. Досьвед паказвае, што ў нас ня кожны студэнт ведае і разумее сэнс слова «мажарытарны». Апроч таго, няма сумневу, што падзелены на два БНФ мае сёньня нашмат меншыя шанцы прайсьці сьпісам, чым асобныя кандыдаты, якія стаяць на пазыцыях БНФ. Няшмат спадзеву і на допуск да СМІ, улічваючы каварства БТ (паказальны выпадак з прамым эфірам С.Шушкевіча), але высілкаў і часу змаганьне ў гэтым полі адбярэ шмат. Словам, нельга сказаць, што пералічаныя ўмовы апазыцыі былі б зразумелыя і блізкія народу. Якая альтэрнатыва?

Пакінуць толькі адну ўмову ўдзелу-няўдзелу — вызваленьне палітычных вязьняў — дэпутатаў Вярхоўнага Савету. У такой сытуацыі, нават церпячы татальную паразу на выбарах, апазыцыя істотна папраўляе свой аўтарытэт у вачох народа. Урэшце, некалькі выратаваных лёсаў далёка ня самых апошніх у Беларусі людзей — гэта годны і ўсім зразумелы ўчынак.

Пры выкананьні гэтай умовы ісьці на выбары, праводзіць па ўсёй краіне перадвыбарчыя сустрэчы — паказацца народу. Урэшце пры брутальным адсоўваньні апазыцыйных кандыдатаў, у іх заўсёды застаецца магчымасьць на знак пратэсту зьняць усе кандыдатуры і тым самым дэлегітымізаваць выбары.

Ісьці ў «палатку» і дамагацца перагляду яе паўнамоцтваў. Новаабраная «палатка», зразумела, будзе зусім іншай, чым цяперашняя — безгалосая і кішэнная.

За гады свайго праўленьня Лукашэнка шмат наламаў дроваў у палітычнай структуры Беларусі, і пакуль ён трымае рэальную ўладу, неверагодна разьлічваць, каб ён за паўгода ці год «адматаў» усё назад. Зь іншага боку, апазыцыя, якая мысьліць рэалістычна, ня можа разьлічваць на «ўсё адразу». У тым, да чаго мы дажыліся, ёсьць доля адказнасьці і апазыцыйных палітыкаў. Таму альтэрнатывы ўдзелу няма. Чаканьне яшчэ год ці дзесяць гадоў, пакуль Штаты будуць націскаць на Лукашэнку, а самім рабіць спарадычныя вылазкі на Маршы Свабоды — гэтага ня хочацца ўжо нікому. Гэта прывяло б да поўнае страты інтарэсу людзей да палітыкі.

Прынамсі на такой думцы сыйшліся супрацоўнікі «НН» падчас унутрырэдакцыйнай дыскусіі.

 

А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0