Даражэнькі Бацька Сталін!

 

Даражэнькі Бацька Сталін! Я дзяўчынка 10-гадовая Ірэна Аляксандраўна Гапанёнак. Я хаджу ў школу ў 3-ю клясу. Сёньня 8 лістапада 1940 г. – вялікае сьвята, якое прынесла для ўсяго савецкага народа нечуванае шчасьце. Сёньня ў нашай школе а 10-й раніцы была імпрэза для дзяцей. І я там дэклямавала вершык: «Слава!» І калі распавядала, рукамі* глядзела на твой партрэт і гучна мовіла: «Леніну слава! Сталіну славу!» І бачыла я, як усе заўсьміхаліся зь вялікай радасьцю, гледзячы на твой партрэт. Вярнуўшыся дахаты, узяла паперу і пёра, і, працягваючы да твайго партрэту сваю маленечкую руку, прашу цябе, не адмаўляй мне ў вялікай просьбе, вярні мне майго татулечку, Аляксандра Францавіча Гапанёнка, які быў арыштаваны 15 верасьня 1940 г. Арыштавала яго мясцовая міліцыя Вялейскай вобласьці, Дунілавіцкага раёну, вёскі Глінішчы. Родны бацька Сталін, калі нас выслалі зь Вялейскай вобласьці і мы ехалі ў цягніку, я ўвесь час пяяла песьні твае, сталінскія, поль-скія фашысты мяне абзывалі маленькую за гэта, мацюкалі, і абзывалі мяне за гэта камуністкай. Але гэтае слова было для мяне вялікай славай. І гэта слова засталося вялікай радасьцю. Родны бацька Сталін. Дні і гадзіны буду ад цябе чакаць адказу. Я, маленькая піянерка, пяю твае песьні і з гэтай вясёлай усьмешкай дачакаюся твайго ліста, зь якім буду ісьці правільнай дарогай да свайго татулечкі Аляксандра Францавіча Гапанёнка, аддам твой ліст яму ў рукі… Родны бацька Сталін, прашу моцна, аддай нам нашага татачку. Чакаю як хутчэйшага адказу, сэрца маё падскоквае ад радасьці, што бацька Сталін дасьць адказ, я буду перакананая, твая Сталіна дачка, Іра Аляксандраўна Гапанёнак, мне 10 год. Мой адрас: Паўладарская вобласьць, Бескарагайскі раён, сяло Семіяск.

 

Пасьляслоўе

Пасьля прыходу саветаў у верасьні 1939 г. адразу пачаліся арышты. Як сьведчыць кніга Натальлі Івановай і Уладзімера Адамушкі пра рэпрэсаваных у Вялейскай вобласьці «Зьлітуйцеся», паводле якой цытуецца гэты ліст, у Пастаўскім павеце была раскрытая контрарэвалюцыйная арганізацыя (ОЗОН) у складзе 14 чалавек. Сярод сяброў арганізацыі быў і Аляксандар Гапанёнак. Чым займалася, згодна з судовым заключэньнем, гэтая група?

1. Праводзіла актыўную прапаганду і агітацыю, накіраваную на ўмацаваньне ў былой Поль-шчы нацыянал-фашызму.

2. Пад час выбараў ў былы польскі парлямэнт і мясцовыя органы ўлады ў 1938 г., дэлегатамі былі абраныя тыя, якія былі пажаданыя кіраўнічым колам Поль-шчы і кіраўнікам арганізацыі.

3. Вяла актыўную антысавецкую прапаганду і паклёп на СССР.

4. Умацоўвала каталіцкі касьцёл і праводзіла апалячваньне нацыянальных меншасьцяў…

Большасьць сяброў арганізацыі, сярод іх і бацька дзяўчынкі Аляксандар Гапанёнак, атрымалі па восем гадоў лягераў, іхныя сем’і выслалі ў Казахстан, там апынулася і дачка Аляксандра Гапанёнка Ірэна. Гэтая маленькая дзяўчынка шчыра верыла, што бацьку можна вярнуць…

А.Г.

* Так у тэксьце


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0