Мікалай Дамашкевіч застанецца ў сыстэме кіравання краінай, заявіў Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы на пасадзе старшыні Менскага аблвыканкаму Леаніда Крупца.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў свой час Мікалай Дамашкевіч быў незаменны. Ён амаль дзевяць гадоў кіраваў вобласьцю, адзначыў прэзыдэнт. Паводле слоў Лукашэнкі, сёньня час патрабуе новых кіраўнікоў. "У таптаньні Менскай вобласьці на месцы немалую ролі згулялі заганы ў стылі працы Мікалая Дамашкевіча", — заявіў А. Лукашэнка.

Пры гэтым А. Лукашэнка запэўніў, што былы кіраўнік вобласьці "ня будзе выкінуты на вуліцу". "Калі нехта думае, што эра Дамашкевіча закацілася, то вы памыляецеся. Такімі кадрамі не раскідаюцца". М. Дамашкевіч "паплечнік прэзыдэнта", — сказаў А. Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прадставіў на пасадзе старшыні Менскага аблвыканкаму Леаніда Крупца. Кандыдатура Леаніда Крупца была аднагалосна зацьверджана 11 чэрвеня на пазачарговай сэсіі аблсавету дэпутатаў. Кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў губэрнатару Менскай вобласьці службовае пасьведчаньне.

Лукашэнка назваў Леаніда Крупца — «чалавекам ад зямлі, селянінам». Гаворачы пра яго, Лукашэнка заявіў: "Я сыходзіў з таго, што гэта нармальны чалавек пасьля жорсткага стылю Мікалая Фёдаравіча Дамашкевіча. Крупец — мякчэйшы, але больш настойлівы".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што падставай для прызначэньня Крупца стаў не эканамічны абвал або нейкія сацыяльныя канфлікты. Папросту «новыя ўмовы гаспадараньня патрабуюць кардынальнага павышэньня эфэктыўнасьці кіраўніцкай дзейнасьці і адказнасьці кіруючых кадраў, асабліва на рэгіянальным узроўні».

«Многае залежыць ад асобы старшыні аблвыканкаму. Ён адказвае за ўсё ў вобласьці — ад гаспадарчых спраў да палітычных. Гэта публічная фігура, па справах і ўчынках якой людзі мяркуюць аб здольнасьці кіраваць сытуацыяй», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў: "Той пэрыяд, калі Дамашкевіч з выкарыстаньнем адміністратыўнага рэсурсу мог кіраваць вобласьцю, закончыўся". "Сёньня патрэбныя людзі ўдумлівыя, патрабавальныя і спакойныя".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?