Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Дэканструкцыя вакзалу

 

Вакзал — вузел.

Вузел дарог, нэрвовы вузел мэгаполісу, вузел, які ўскідвае на плечы правінцыял-мігрант...

Толькі на вакзале існуе такая непаўторная аўра — трывогі і чаканьня, тугі па тым, што пакідаеш, і па тым прыўкрасным, што ёсьць недзе там, далёка-далёка...

Ты паглыбляесься ў гэтую аўру пульсуючай трывогі нават тады, калі зайшоўся на вакзал выпадкова... Юныя закаханыя любяць прыходзіць на вакзал, сустракаць і праводзіць цягнікі. Напэўна, у гэтыя моманты, сярод віхуры чужых расстаньняў і сустрэчаў абвастраецца радасьць ад таго, што ты — не адзін, і боязь растаньня...

Вакзал — прыдумка цывілізацыі, так званага «новага часу», калі Голем мэханістыкі пачаў слугаваць насельніцтву Сусьветнага гораду, каб неўпрыкмет ператвараць чалавека ў свайго раба. Да гэтага Шлях заўсёды пачынаўся ад парогу ўласнага дому. Цяпер між Шляхам і Домам існуе вакзал — сучасная мэтафара сутнасьці чалавечага быцьця. Інфэрнальны стан гасьцяваньня між не-быцьцём і інша-быцьцём. Чарговая спроба цывілізацыі ўпарадкаваць, кантраляваць, структураваць усе рухі асобнага індывіда — ад руху думкі да перасоўваньня ў прасторы.

На вакзале ўсё незвычайнае. Любая пабытовая дробязь набывае вакзальны «прысмак» — ад гарбаты ў буфэце да крэсла ў пачакальні, падобнага да жоўтай сагнёнай далані. Паскораны пульс гэтага месца («вакзал» — гэта ж ня толькі «будынак») прымушае галасы гучаць грамчэй, рухацца нейкімі перабежкамі.

А «голас з вышыняў», гэты мэталёва-няўмольны, раскацісты голас вакзальных абвестак — хіба магчыма на яго забыцца? Напэўна, многія спрабуюць уявіць сабе жанчыну, чые галасавыя зьвязкі служаць інструмэнтам для стварэньня Вакзальнага Голасу. Цікава, ці знаходзіўся такі вычварэнец, які мог закахацца ў гэты Голас і яго нябачную носьбітку? Я разумею, што ў рэальнасьці яна можа быць прывабнай і нават вытанчанай... Але як увасабленьне Голасу мне яна ўяўляецца постацьцю з плякатаў канструктывістаў 20-х — зубастая баба ў чырвонай хустцы з рэвалюцыйным аптымізмам гарлае «Слу-у-хай!»

Але на вакзале кожны слухае сябе. Бо вір гукаў, мноства чужых аповедаў раздрабняюць увагу, расшчапляюць асобу, і інстынкт самазахаваньня прымушае засяроджвацца на ўласных адчуваньнях...

Але доўгае знаходжаньне на вакзале зьмяняе чалавека, асымілюе да вакзальнай аўры. Раптам перастаеш сьпяшацца, нібыта апускаесься на дно віру, скідваеш абутак, уладкоўваеш стомленыя ногі на чамадан ці пустое крэсла насупраць і з паблажлівай цікавасьцю назіраеш за вакзальным жыцьцём. Твой шлях адкладаецца на пэўны прамежак часу, і гэты час належыць найхутчэй забіць. А хвіліны марудзяць, як вадзяныя кроплі ў кітайскім катаваньні. І ты адчуваеш, што ты тут — назаўсёды, што нічога іншага ня можа быць, акрамя гэтай жорсткай, выгнутай пад табою плястыкавай далані крэсла, акром гэтых людзей з заспанымі тварамі на суседніх крэслах, акром вакзальнага абвесткавага Голасу, гэтага Фатуму, які прымушае кагосьці зноў ускідвацца ў вір мітусьні і скіроўвацца ў шлях... Куды зьнікаюць гэтыя людзі? Ты ніколі іх больш ня ўбачыш, значыць, яны для цябе ўсё адно што паміраюць... Як і ты для іх. Таму вакзал — месца споведзі і злачынства.

Вакзал — квінтэсэнцыя грамадзтва. Усё, што адбываецца ў грамадзтве, набывае гіпэртрафаваныя рысы на яго вакзалах. Самыя танныя жанчыны, самыя падазроныя напоі, самыя абадраныя жабракі — гэта вакзал. Сюды першай прыходзіць вайна. Нават чужая — яна зьяўляецца з уцекачамі, з мурзатымі смуглявымі дзецьмі, з маўклівымі кабетамі, захутанымі ў шчыльныя хусткі па самыя вочы.

На вакзале канцэнтруюцца тыя знакі, якімі горад ці краіна спрабуюць кадыфікаваць сябе ў сусьветнай сыстэме кодаў. Гэтыя знакі апрацаваныя маскультурай да стану кічу — яркія паштоўкі з выявамі помнікаў мясцовай архітэктуры, узоры народных рамёстваў, выкананыя фабрычным спосабам ды іншыя «сувэніры»... Акром як на вакзале, іх ніхто нідзе не купляе.

Але на вакзале, у гэтай прамежкавай краіне, ёсьць сваё сталае насельніцтва. Гэтак жа, як ёсьць жывыя арганізмы ў гейзэрах — дзіўныя рыбкі, інфузорыі, водарасьці, што звыклі да павышанай тэмпэратуры й вечнага віраваньня. Але як насельніцтва гейзэра вымушанае з усяе моцы чапляцца за цьвёрдую паверхню, каб ня зьнесла гарачай плыньню, насельніцтва вакзала туляецца па неасьветленых кутах і прывакзальных сквэрыках, зьмешваецца з вакзальным натоўпам, і кожны заўсёды гатовы патлумачыць, куды едзе і якога цягніка чакае, хаця зазвычай ехаць яму няма куды. Гэта паразыты вакзалу, якія харчуюцца яго адкідамі.

Асобная катэгорыя — тыя, хто працуе на вакзале. Гэта, напэўна, гэтак жа сумна, як працаваць у ЗАГСе. Памірае сьвята, памірае выключнасьць у бясконцым паўтарэньні. Нельга з году ў год, дзень пры дні далучацца да радасьці чужога вясельля, і немагчыма дзясяткі разоў на дзень хвалявацца ад прыбыцьця й адыходу цягнікоў, тым больш, што гэта тыя самыя цягнікі і тыя самыя брыгады машыністаў. Пракляты прагрэс разьвянчаў рамантыку шляху, разьбіўшы яго на структурныя элемэнты. Вы заўважалі, што ў цеплавоза — дзьве кабіны, адна сьпераду, другая ззаду? Як у дажджавога чарвяка, які, перасечаны напалам, адрошчвае адной палове — галаву, другой — хвост. Цеплавоз ніколі не разварочваецца. Для яго няма паняткаў пераду ці заду, вяртаньня ці ад’езду. Ён ведае толькі адрэзак між двума вакзаламі.

На вакзале асаблівае значэньне набывае час, і час на вакзале — асаблівы. Ён спатыкаецца празь няроўныя прамежкі аб нацягнуты дрот неабходнай падзеі, ён загнаны ў жорсткія сеткі графікаў і раскладаў. Няма прыроднага падзелу на раніцу, дзень, надвячорак ды іншыя, няпэўныя і сузіральныя інстанцыі... Няма прыблізнасьці, нясьпешнай акругленасьці лічбаў — толькі бязьлітасная дакладнасьць: стаянка цягніка тры хвіліны... Адпраўленьне ў шаснаццаць гадзін пяцьдзясят чатыры хвіліны... Вакзальны Голас прэпаруе час на дэталі, зь якіх складаецца сустаўчатае цела раскладу...

Горад без вакзалу немагчымы. Вёска, якая мае эмбрыён вакзалу ў выглядзе прыпынку прыгараднага аўтобуса ці станцыі электрычкі, носіць у сабе вірус урбанізацыі, які выбаўляе зь вёскі дзеяздольную моладзь.

Дарэчы, назва «вакзал» паходзіць з XVII ст. ад назвы забаўляльнай установы каля Лёндану... Але першыя вакзалы зьявіліся толькі ў XIX ст. Назва, як карнавальная лічына, прыкрыла мэталёвы твар вакзалу-кібарга Новага часу... Гэтак жа, як рамантычны флёр ахутвае выпраўленьне ў Шлях... Хаця, паводле Фройда, сымбалем ад’езду ў цягніку наша падсьвядомасьць зашыфроўвае паміраньне.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0