Энцыкляпэдыя папулярных памылак 

 

СЫМБАЛІ

 

ЧОРНЫ СЬЦЯГ — ЗНАК ПІРАТАЎ

Піраты, марскія рабаўнікі, флібуст’еры, карсары — Бог ведае як яшчэ зваліся гэтыя рыцары ўдачы — не выкарыстоўвалі чорных сьцягоў для абазначэньня свіх караблёў. Чорны сьцяг існаваў адно ў фантазіі аўтараў прыгодніцкіх раманаў на марскую тэматыку. Морган, Оланэз, Флінт, Кід ды Барталямэй Партугальскі ў выбары сваіх сымбаляў праяўлялі лепшы густ. Над іхнымі камандамі луналі палотнішчы з выявамі жывёлаў, у тым ліку авечкі, сьвятых патронаў караблёў і геральдычных істотаў. Чорны прапар з чэрапам і косткамі быў прыдуманы толькі ў XIX ст., калі пірацкая слава мінула, і злачыннае рамяство даўно перастала быць залатым дном. Дарэчы, масавае пірацтва адрадзілася было пад час першае сусьветнае вайны, калі адмысловыя нямецкія караблі пад нямецкім жа трыкалёрам тэрарызавалі гандлёвы флёт па ўсім сьвеце.

 

 

РАГАТЫЯ ШАЛОМЫ — АДМЕТНАСЬЦЬ ГЕРМАНЦАЎ

Германцы, нарманы, вікінгі ніколі не ўпрыгожвалі сваіх шаломаў рогамі. Рогаў няма ні на адным тагачасным малюнку, няма на вядомым дыване з Баё — габэлене даўжынёю 70 мэтраў, дзе ў сучаснай манеры, накшталт коміксу, выяўлены паход Вільгельма Заваёўніка ў Ангельшчыну ды ягоная перамога ў 1066 годзе ля Гастынгсу. Тыповым нарманскім зьяўляецца вядомы нам з «Пагоні» (адно ня гэткі востры) просты ды функцыянальны шалом, а ягоныя дэкаратыўныя элемэнты, абечак ды пласьціна для аховы пераносься, зьявіліся ў пазьнейшым сярэднявеччы. Рогі на шаломах германцаў былі прыдуманыя ў сярэдзіне XIX ст. нямецкімі патрыятычна настроенымі студэнтамі, якія тады ладзілі адмысловыя касьцюмаваныя імпрэзы ў адноўленых паводле летапісных зьвестак строях. Маладыя гісторыкі, мабыць, няслушна патрактавалі выраз «крылатыя шапкі» — так на схіле існаваньня Заходнерымскай імпэрыі называлі нарманскіх вершнікаў, бо тыя прымацоўвалі сабе на шаломы птушыныя пёры.

 

 

ДЗІКІ ЗАХАД — ГЭТА КАЎБОІ

Амэрыканскія пагоншчыкі быдла сталіся ахвярамі бясконцага шэрагу памылковых штампаў, распаўсюджаных перадусім нямым кінэматографам у дваццатых гадах нашага стагодзьдзя. Насамрэч, героі вэстэрнаў у замшавых штанах, капелюшах ды з рэвальвэрамі па бакох ніколі не былі галоўным саслоўем маладое Амэрыкі ці Дзікага Захаду. Каўбоі зьявіліся ў шасьцідзясятых гадах XIX ст. на запатрабаваньне тагачаснай эканомікі й цалкам зьніклі як зьява ўжо праз дваццаць гадоў з разьвіцьцём чыгункі. Іхнай функцыяй на працягу ўсяе кароткае гісторыі існаваньня быў перагон буйной рагатай жывёлы з Тэхасу ў паўднёва-заходнія штаты. Дарога доўжылася год і болей, таму сюжэт пра Сьмярдзючку Джо — гразу мястэчка й заўсёдніка салуна — папросту ня мае сэнсу; Джо ўвесь час быў у дарозе, а йначай — ён не каўбой. Дарэчы, каўбояў было ўсяго ня болей за дваццаць тысячаў (як гакеістаў у Беларусі), а большая частка зь іх — нэгры ды індзейцы, бо на гэткую цяжкую працу за 6 даляраў у тыдзень ня кожны белы йшоў.

 

 

СОНЦА — КРЫНІЦА ЖЫЦЬЦЯ

У далёкай будучыні Сонца паступова згасьне, Зямля ператворыцца ў ледзяную пустыню… Яшчэ дваццаць гадоў таму гэта было пастулятам астраноміі, хаця й невясёлым, але бясспрэчным. Адылі аказалася, што гэта памылка, адна з памылак здаровага сялянскага сэнсу, які параўноўвае гарэньне тарфянішча і ядравую рэакцыю распаду вадароду (менавіта гэткую прыроду Сонца ўважае за праўдзівую сучасная навука). Працэс пераўтварэньня вадароду ў гелі адбываецца на Сонцы зь нязьменнай хуткасьцю. Цяпер суадносіны H да Не прыкладна 95% да 4% (1% — цяжкія элемэнты). Вядомыя сп.Шушкевічу раўнаньні ядравых працэсаў прадказваюць Сонцу яшчэ сама мала 50 міль-ярдаў гадоў жыцьця, у дзесяць разоў болей, чым век любога вядомага цьвёрдага рэчыва на Зямлі. Але няма прычынаў радавацца за нашчадкаў. Як той казаў, ня росна, дык млосна. Задоўга да згасу сьвяціла, тады, калі вадароду ў ім стане хаця б упяцёра меней чым гелія, зямныя акіяны… выпарацца, атмасфэра згарыць, а скалы паплавяцца, бо зь цягам часу крыніца жыцьця сьвеціць усё ярчэй.

 

 

МЕСЯЦ — НАЙБЛІЖШЫ КАСЬМІЧНЫ СУСЕД

Месяц — ня самае блізкае да Зямлі касьмічнае цела, хаця да яго «ўсяго толькі» 356 000 км. Рухаючыся па моцна выцягнутай арбіце, на цэлыя дзьве тысячы кілямэтраў шчыльней да нас пэрыядычна набліжаецца малая плянэта Гермэс. Апошні раз гэтак было 30 кастрычніка 1937 году, якраз у разгар сталінскіх рэпрэсіяў; ацалелыя ад перасьледу навукоўцы пасьпелі тады нават сфатаграфаваць небясьпечны аб’ект на адлегласьці 354 000 км. Гермэс — зусім не гігант, 700 мэтраў у дыямэтры, аднак мы павінныя быць удзячныя Богу й законам нябёснай мэханікі за тое, што паміж жалезным карлікам ды чалавечым домам не на якуюсь тысячу кілямэтраў меней. Бо тады рызыка падзеньня камлыгі на шмат мільёнаў тонаў вагою павялічылася б у дзясяткі разоў. У выпадку катастрофы жудасны выбух зьнішчыў бы ўсё на плошчы 50 000 км2, то бок тэрыторыі, роўнай чвэрці Беларусі. А ўзьняты вецер пабурыў бы дамы й паваліў лес на тысячы кілямэтраў ад эпіцэнтру. Дарэчы, як сьцьвярджаюць астраномы, Месяц ня раз прымаў удары аграмадных мэтэарытаў, «прызначаных» для Зямлі.

Вадзім Карцаў,
трактоўны пераклад паводле Людвіга Соўчака


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0