Тыдзень нашага жыцьця

 

Шаленства

Аж дзевяць чалавек захварэлі на шаленства ў вёсцы Сар’я Дрысенскага раёну. Іх усіх пры канцы траўня або на пачатку чэрвеня пакусалі або сабака, або ліса. Гэтыя жывёлы ўжо здохлі. Лекары адшукалі труп сабакі і сапраўды знайшлі ў яго ў мазгох вірус шаленства. Лісы ж абсьледаваць не ўдалося, яе труп пасьпеў ужо згнісьці. Сярод дзевяці хворых восем дзяцей у веку ад 4 да 14 гадоў. Аднавяскоўцам хутчэй сталі рабіць прышчэпкі, бадзяжныя жывёлы адстрэльваюць, а свойскія — правяраюць. Шаленства — нярэдкі госьць у лясных раёнах краіны, асабліва на Палесьсі і Віцебшчыне, аднак выпадкаў такога маштабу даўно не чуваць было.

 

Зьмена лідэра ў Партыі Свабоды

Беларускую палітыку ўстрасае шаленства расколаў. Пазьнякісты чарговы раз наставілі дулю паплечнікам, адмовіўшыся ад удзелу ў Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў, што зьбярэцца 2 ліпеня ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў у Менску. Дысыдэнт з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валеры Леванеўскі цешыць урадавую прэсу брэхам на адрас кіраўнікоў лібэралаў, у тым ліку й патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Малады Фронт рыхтуецца да жорсткай дыскусіі клерыкалаў і сьвецкіх на будучым Сойме. Прыйшоў у рэдакцыю і ліст з Партыі Свабоды, у якім абвяшчаецца, што на падпольным зьезьдзе ў Віцебску было прынятае рашэньне пра адстаўку С.Высоцкага з кіраўніка партыі за палітыканства і дзейнасьць, што падрывае аўтарытэт партыі. Імя новаабранага лідэра партыі не абвяшчаецца, прыводзяцца адно ягоныя ініцыялы — сябар ... Абвяшчаецца таксама пра пераход партыі да больш жорсткай стратэгіі нацыянальна-вызвольнай барацьбы і ўзмацненьне кансьпірацыі. Удзельнікі зьезду заклікалі «краёўцаў» і «белых легіянэраў» да каардынацыі дзеяньняў у супраціве акупантам зараз, калі «не перашкаджаюць амбіцыі былога кіраўніка партыі».

 

Не — падвойным стандартам

Прыезду ў Беларусь «двойкі» эўраарганізацыяў чакалі зь непакоем. Урадавыя і расейскія СМІ шмат казалі пра капітуляцыю Эўропы ў беларускіх справах на ўмовах Лукашэнкі. Гэтага аднак не адбылося. У эўраструктурах пераважыла пазыцыя тых, хто лічыць, што Эўропа ня мусіць падыходзіць да Беларусі з пазыцыі падвойных стандартаў. Дэмакратычныя прынцыпы адны і для Беларусі, і для любой іншай краіны Эўропы.

 

41-ы палітычны крымінальнік

Улады ж працягвалі ствараць у краіне «клімат даверу». Статкевічу далі два гады, Шчукіну — год умоўна. Узбуджаная крымінальная справа супраць 18-гадовага Аляксандра Новіка, навучэнца менскага ПТВ, удзельніка леташняга Маршу Свабоды 17 кастрычніка. Як толькі хлопцу споўнілася 18 гадоў, зь яго ўзялі падпіску пра нявыезд. Ён 41-ы чалавек, супраць якога за лукашэнкаўскіх часоў узбуджаюць палітычна матываваную крымінальную справу. Праз адміністрацыйныя арышты й пакараньні па палітычных матывах за апошнія пяць гадоў прайшлі каля 2100 чалавек. Яшчэ нямнога высілкаў карнага апарату, і адмарозкі ператворацца ў аўтарытэтаў.

На гэтым жа тыдні праваабарончы камітэт «Вясна-96» абнародаваў зьвесткі пра псыхалягічны ціск з боку КГБ на жодзінскага актывіста ТБМ Аляксея Лапіцкага і сяброўку менскіх арганізацыяў моладзі Арыю Гатальскую, што зьвярнуліся ў камітэт па дапамогу.

Была і адна судовая перамога праваабаронцаў: Кастрычніцкі райсуд адмяніў пастанову пра штраф Яўгену Марчуку, які скандаваў «Свабоду Чыгіру» пад вокнамі менскага гарадзкога суду пад час працэсу. Судзьдзя палічыла, што гэта ня матная лаянка.

Баранавіцкую штаб-кватэру БНФ (вячоркаўцаў) атакавалі тутэйшыя лімонаўцы (расейскія камуністы-нацыяналісты). Здаецца, Баранавічы — адзіны горад Беларусі, дзе дзейнічае гэтая экзатычная групоўка.

 

Дрындушкі

Скончыўся фэстываль «Беларуская полька» ў Чачэрску. Шмат у апошнія гады такіх псэўдафальклёрных фэстываляў праходзіць у Беларусі — «Пастаўскі гармонік», нацменшасьцяў у Горадні. Замест культуры фінансуюць у нас дрындушкі.

З 25 чэрвеня Беларуская чыгунка робіць пляцкартны вагон Менск-Друя штодзённым.

З наступнага году ў краіне забароняць выкарыстаньне неёдаванай солі, толькі цяпер у яе будуць дадаваць ёдыд калію палепшанай якасьці, соль з дадаткам якога можна будзе выкарыстоўваць і для кансэрваваньня. Беларусь — краіна, дзе ў глебе й паветры бракуе ёду. А гэта выклікае хваробы шчытавіцы і выпадкі прыроджанага крэтынізму.

У вёсцы Карнаць, што ля Сьвіслачы, разьбіўся мясцовы аматар-самалётабудаўнік, які сканструяваў ужо не адзін лятальны апарат і адлятаў на іх на 10—15 км. Рухавік заклініла, і ён упаў з вышыні. Было дзецюку 38 гадоў, працаваў ён апэратарам машыннага даеньня.

Нацбанк адбіў новую памятную манэту, прысьвечаную Віцебску.

Зноў бяды нарабілі прымаразкі — асабліва шмат прымёрзла ўсяго на Мастоўшчыне і Мёршчыне. Замаразкі ў другой палове чэрвеня здараюцца ў Беларусі хіба раз на 20 гадоў.

28 чэрвеня ў мармуровай залі Палацу Рэспублікі адбудзецца рэспубліканскі выпускны баль для выдатнікаў, школьныя ж вечары праходзяць гэтымі днямі. А старыя людзі і ў парках на берагах Сьвіслачы, і на жыткавіцках глухіх межах гэтымі днямі зьбіраюць ліпавы цьвет і чабор.

Барыс Тумар

 

Страйкуюць усе

У Дрыбінскім раёне адбыўся беспрэцэдэнтны страйк. Старшыня гаспадаркі калгасу «Дрыбінскі» баставаў разам зь сялянамі. Старшыня «Дрыбінскага» Мікалай Юркоў сказаў: «У мяне і людзей няма іншага выйсьця. Я не магу атрымаць грошы за малако, што калгас прадаў дзяржаве. А значыць, не магу аддаць вяскоўцам іх заробкі. А гэта 20 мільёнаў новых рублёў. А людзі ня могуць па-чалавечы жыць, ня хочуць бясплатна працаваць. Што рабіць нам у гэтай сытуацыі? Дзяржава забараніла нам самастойна прадаваць сваю прадукцыю. Яна загадвае прадаваць усё дзяржаўным нарыхтоўшчыкам. Значыць, улады павінны і адказваць за тое, што не выконваюць сваіх абавязкаў. Наш папераджальны страйк — гэта пратэст супраць цяперашняга становішча, калі мы, нават ведаючы што і як рабіць, нічога зрабіць ня можам, нам зьвязваюць рукі шматлікія загады і інструкцыі».

Страйк быў сымбалічным, цягнуўся усяго гадзіну. Толькі што раззлаваныя несправядлівасьцю даяркі «Дрыбінскага» вылілі бітон малака на зямлю. Пад час страйку прайшоў кароткі мітынг. Страйкоўцы не выстаўлялі палітычных патрабаваньняў.

Сымон Глазштэйн, Магілёў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0