Макбэт з водарам бульбы

На вялізнай камунальнай кухні, якую дзеляць між сабой Беларуская Опэра і Беларускі Балет, паставілі «Макбэт»

 

Менскі кампазытар Вячаслаў Кузьняцоў напісаў балет «Макбэт», і Нацыянальны балет вельмі хутка ажыцьцявіў пастаноўку. Прэм’ера адбылася ўчора; я трапіла на генэральны прагон у суботу (як заўжды, зь нейкіх забабонных прычынаў галоўны балетмайстар Беларускага Балету Валянцін Елізар’еў абяцаў не пускаць у залю журналістаў і іншых пабочных асобаў, але тыя нямногія, хто не спужаўся ягонай «абяцанкі», трапілі на прагляд бязь лішніх турботаў).

У празаічнай атмасфэры апошняй рэпэтыцыі, бяз воплескаў, затое зь мікрафоннымі камандамі чараўнікоў-памрэжаў спэктакаль глядзеўся акурат такім, якім ён ёсьць: гатовы прадукт двухмесячнае працы — мо не зaусім удалы, але з прэтэнзіяй на адкрыцьцё новых мастацкіх даляглядаў. Нездарма ж аўтары замахнуліся ажно на Шэксьпіра!

Народы болей амбітныя даўно ўжо маюць сваю ўласную шэксьпірыяну. Першую шэксьпіраўскую опэру — «Рамэа і Джульету» — стварыў у 1776 годзе чэскі кампазытар Іржы Бэнда. У 1816 годзе «іскрамётны» Джаакіна Расіні (як напраўдзе, ён быў найбуйнейшым трагікам) напісаў і паставіў сэнсацыйную на той час опэру «Атэла»; праз два гады славуты харэограф Сальваторэ Вігана перарабіў яе ў балет. Крыху пазьней (1830) Вінчэнца Бэліні напісаў опэру «Мантэкі і Капулеці». Першую опэру на сюжэт шэксьпіраўскай камэдыі «Сон у летнюю ноч» (вядомы ў беларускай традыцыі таксама як «Сон у ночку-пятровачку») напісаў францускі кампазытар Амбруаз Тама (1850), ён жа стварыў першага опэрнага «Гамлета» (1868). Узяўшыся за опэру «Рамэа і Джульета», Пётра Чайкоўскі так і ня здолеў яе напісаць, і таму расейская шэксьпірыяна распачалася ажно ў 1935 годзе, калі Сяргей Пракоф’еў скончыў свой слаўны балет. У 1950-я гады шэраг шэксьпіраўскіх балетаў напісаў грузін Аляксей Мачаварыяні. Дайшла чарга й да беларусаў…

Наколькі мне вядома, сюжэт «Макбэта» быў выбраны не без ваганьняў. Як прызнаваўся сам кампазытар, сьпярша ён марыў пра «Цара Салямона» — паводле біблейнай легенды. І сапраўды, тут адкрывалася шырокая прастора для вытанчаных эратычных фантазіяў і старажытнаўсходняй экзотыкі. Але ўрэшце перамог «Макбэт». Гэткім чынам, Кузьняцоў уступіў у вельмі небясьпечнае спаборніцтва. Вядома ж, што адной зь першых опэраў Джузэпэ Вэрдзі быў «Макбэт» (1847) — сапраўдны шэдэўр, да таго ж надта сьвежы ў памяці нашых мэляманаў, бо ў сьнежні 1997 году расейскае тэлебачаньне трансьлявала прэм’ерны спэктакаль La Scala з удзелам беларускай пяюльлі Марыі Гулегінай. Акрамя таго, Кузьняцову прыйшлося спаборнічаць і са сваім настаўнікам, нядаўна памерлым Яўгенам Глебавым, чые балеты (і перш за ўсё, «Тыль Уленшпігель») калісьці ўпрыгожвалі сабою беларускую сцэну.

Кампазытар даў рады гэтай няпростай задачы і напісаў вельмі яркую музыку — мо не такую мэлядычную і запамінальную, як музыка Вэрдзі, але поўную выразных тэатральных ідэяў. І гэтая музыка была дасканала выкананая — пры тым, што найбольш дасьведчаная частка опэрна-балетнага аркестру зьехала на фэстываль у Швэйцарыю і ня ўдзельнічала ў падрыхтоўцы прэм’еры. Тут відавочная заслуга ня толькі саміх музыкаў, але таксама й маладога дырыжора Алега Лесуна, які ўпершыню стаўся музычным кіраўніком балетнай пастаноўкі. У свае 27 гадоў Лясун ужо мае цэлы шэраг значных дасягненьняў: скончыўшы кансэрваторыю як піяніст, ён здабыў некалькі дыплёмаў міжнародных фартэпіянных конкурсаў, папрацаваў у опэрным тэатры ў якасьці канцэртмайстра, а неўзабаве атрымаў пасаду дырыжора. Сёлета ён узначаліў гастрольную паездку зборнага сымфанічнага аркестру ў Францыю і атрымаў шмат пахвальных водгукаў у тамтэйшай прэсе за выкананьні сымфоніяў Чайкоўскага, Дворжака і Брамса. Адначасова ён вучыцца на трэцім курсе дырыжорскага факультэту Акадэміі музыкі, дзе мусіць пунктуальна выконваць усе патрабаваньні навучальнага рэжыму. Але ў ягоным дырыжаваньні няма нічога студэнцкага: упэўненыя рухі, ясная і дасканала прадуманая канцэпцыя твору, глыбока пражытыя эмоцыі, тонка распрацаваныя падрабязнасьці... Сталы і вельмі таленавіты музыка з сваім уласным сьветапоглядам. Так што Кузьняцову (і «Макбэту») у гэтым сэнсе выразна пашанцавала.

Калі б яшчэ можна было заплюшчыць вочы і пры гэтым ня чуць тупату танцоўшчыкаў! Тое, што адбывалася на сцэне, было пародыяй на даўнія пастаноўкі Елізар’ева, але ня мела ў сабе нічога супольнага ні з трагедыяй Шэксьпіра, ані з музыкай Кузьняцова. Прымітыўна-безгустоўная дэкарацыя з абавязковай царскай каронай пасярод сцэны, надакучлівае чырвонае сьвятло і яшчэ болей надакучлівыя чырвоныя шматы, якія сымбалізуюць кроў, — суцэльная надакучлівая алегорыя з кіўкамі ў бок крымінальнага кодэксу. Замест сцэнічнай дзеі — безупынная і бессэнсоўная мітусьня. Аніводнага твару, аніводнага характару: куды толькі падзеўся славуты шэксьпіраўскі псыхалягізм? Хацелася б нагадаць пастаноўшчыкам, што «Макбэт» — гэта ня толькі драма забойства, але й драма бязьдзетнай сям’і, драма раскаяньня і адплаты; а ейныя пэрсанажы — ня столькі ліхадзеі, колькі пакутнікі, якія церпяць ад саміх сябе, ад няўпэўненасьці і хісткасьці ўласнага існаваньня.

Аднак чытаць Шэксьпіра — гэта цяжкая праца, якая патрабуе вялікай самаахвярнасьці, мудрасьці і адвагі. Ці варта было чакаць гэтага ад студэнткі-пяцікурсьніцы харэаграфічнага факультэту Акадэміі музыкі, якая ажыцьцяўляла пастаноўку «Макбэта» у якасьці сваёй дыплёмнай працы? Ня ведаю, ці стане Натальля Фурман выдатным харэографам; але цалкам відавочна, што для дасягненьня гэтай мэты ёй прыйдзецца выціскаць зь сябе тыя штампы, якія назапасіліся ў Беларускім Балеце за трыццаць гадоў панаваньня Валянціна Елізар’ева. Зараз гэтыя штампы спутваюць ня толькі пастаноўшчыкаў, але й танцораў. Звыклыя да стылістыкі Елізар’ева, яны папросту няздольныя працаваць іначай. Каб у гэтым упэўніцца, дастаткова паглядзець «Сон у летнюю ноч», пастаўлены ў трапяткой і ажурнай манеры Баланчына. Пры ўсіх намаганьнях, нашым артыстам не ўдаецца адтварыць гэткі спосаб танцу. Ці можа, гэта вынік спажываньня беларускай бульбы?

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0