Асьцярожнае змаганьне

 

Якія тэндэнцыі існуюць цяпер у Маладым Фронце і ці няма небясьпекі, што іхнае супрацьстаяньне можа прывесьці да расколу арганізацыі на яе Трэцім Сойме 1 ліпеня? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да Алеся Стральцова, старшыні міжнароднай камісіі Маладога Фронту і Натальлі Маковік, старшыні Асацыяцыі маладых прадпрымальнікаў. Сп.Стральцоў належыць да той плыні ў Маладым Фронце, якая выступае за разрыў са старым вобразам і тактыкай арганізацыі. Спн.Маковік аддае перавагу пераемнасьці. І тыя, і тыя гавораць пра жыцьцёвую неабходнасьць пашырэньня шэрагаў арганізацыі, але разыходзяцца ў ацэнках таго, што гэтаму можа паспрыяць. Ці паўплываюць асабістыя амбіцыі адэптаў розных плыняў на долю МФ гэтаксама фатальна, як летась на лёс БНФ? Выдае на тое, што антыбеларускія спэцслужбы 1 ліпеня, як і летась, прыкладуць намаганьні, каб сталася менавіта так. Значыць, усё залежыць ад культуры дыскусіі і ўменьня меншасьці падпарадкавацца большасьці.

 

Алесь Стральцоў: «У абароне каштоўнасьцяў мусім ісьці да канца»

— У межах маладога Фронту ёсьць два асноўныя падыходы ў вызначэньні будучыні. Адзін больш эмацыйны, а другі — прагматычны і рэалістычны. Але гэтая розьніца ў падыходах не павінна прывесьці да расколу. Хаця дыскусіі будуць. Гэта натуральна.

Мне бліжэйшы «прагматычны» падыход. Лічу, што сёньняшняя сытуацыя патрабуе ад беларускага грамадзтва менавіта прагматызму, бо толькі ён дазволіць абараніць і нашыя каштоўнасьці — незалежнасьць, сувэрэнітэт.

Мусяць быць перагледжаныя таксама нейкія формы працы і кірункі. Ад вынікаў абмеркаваньня зробленага за апошнія гады залежыць, патрэбная нам зьмена кіраўніцтва ці не.

Я асабіста хацеў бы сыстэматызацыі розных кірункаў дзейнасьці Маладога Фронту, каб не было такога рэзкага кіданьня ад адных мэтадаў да другіх.

— У чым жа выяўляецца розьніца падыходаў?

— «Эмацыйны» падыход узьнікае як рэакцыя на пэўную падзею і зьвязаны з асабістымі схільнасьцямі лідэра і станам яго душы. Атрымліваецца, што ён робіць усю арганізацыю закладнікам гэтых асабістых перажываньняў.

Канцэптуальныя разыходжаньні востра праявіліся ў ацэнцы дзеяньняў моладзі на першым Маршы Свабоды.

— А ў стаўленьні да будучых парлямэнцкіх выбараў?

— На сёньня яно агульнае: гэта непрыняцьце несвабодных, недэмакратычных, несправядлівых выбараў, якія зьбіраецца праводзіць улада.

— На што цяпер, па-Вашаму, мусіць арыентавацца моладзь?

— На лякальную працу ў культурніцкіх і сацыяльных праектах, на асьветніцтва, паколькі гэта сёньня дае канкрэтны вынік у пашырэньні кола сяброў арганізацыі. Калі добра ідзе праца ў культурніцкім, сацыяльным і іншых накірунках, тады можна казаць і пра моцную палітычную сілу, якая можа рэальна прадстаўляць хаця б нейкую частку моладзі.

У ідэале арганізацыя моладзі павінна ўвесь час несьці штандар змаганьня, увесь час нагадваць пра тое, якія агульнанацыянальныя праблемы ёсьць, да вырашэньня якіх мусіць быць прыцягнута моладзь. Сёньня невядома, якім чынам адбудзецца зьмена існуючага ладу — ці гэта будзе варыянт масавых маніфэстацыяў, ці паддывановае змаганьне, ці — ня дай Бог, але магчыма, — сілавы варыянт. У любым выпадку Малады Фронт павінен быць гатовы да ўсіх варыянтаў.

Прагматычная плынь скіраваная на негвалтоўныя мэтады барацьбы. Але мы ўяўляем сабе небясьпеку аднабаковага сілавога ўзьдзеяньня, якое цяпер ажыцьцяўляе дзяржава і, мы ўважаем, што, у выпадку патрэбы ўстаўшы на абарону сваёй краіны, сваіх каштоўнасьцяў, мы мусім ісьці да канца, і калі такая абарона будзе дапускаць ужываньне больш жорсткіх сродкаў, дык мы павінны быць да гэтага гатовыя.

Любая зьмена, нават ня мэтаў, а спосабаў дзейнасьці выклікае зьмены ў патэнцыйным коле сяброў арганізацыі. Зьмены ў МФ былі б знакам для тых групаў моладзі, якія сёньня адмоўна рэагуюць на тое, што ў выбары стратэгіі МФ пануе эмацыйнасьць. Мы чакаем прыходу да кіраўніцтва МФ асобаў, якія мысьляць больш спакойна.

 

Натальля Маковік: «МФ павінен фармаваць эліту»

— Малады Фронт заўсёды зьмяняўся. На самым пачатку гэта была арганізацыя моладзі, якая бегала на дэманстрацыі 1996—1997 г. у першых шэрагах і найбольш радыкальна выказвала сваю нязгоду з дыктатарскім рэжымам, потым ён стаў арганізацыяй найперш культурнікаў, адраджэнцаў, якія ладзілі віктарыны, дыскатэкі. Пазьней прыйшоў накірунак хрысьціянскі, таксама кансэрватыўны. Зараз надышоў час для новых зьменаў, якія павінны адлюстравацца ў праграмных дакумэнтах Маладога Фронту.

— Гэтае адчуваньне неабходнасьці зьменаў можа быць расцэненае як крыза ў арганізацыі?

— Не, гэта не крыза. Крыза была тады, калі Павал Севярынец знаходзіўся ў турме, калі ў нас не было кіраўніка. Калі арыштавалі Паўла, была такая небясьпека, што мы ня знойдзем чалавека ці групу людзей, якая будзе выконваць тое, што рабіў адзін ён.

— Наколькі важна для арганізацыі, каб яе лідэр быў вядомай асобай?

— Сапраўдным лідэрам можа быць толькі чалавек, які проста народжаны лідэрам, гэта мусіць быць асоба з моцнай харызмай, бо мы — не закрытая арганізацыя, а імкнемся пашыраць свае шэрагі. Старшынём Маладога Фронту ня можа быць чалавек без свайго твару, без індывідуальнасьці.

Небясьпека для арганізацыі была ў тым, што мы маглі перайсьці на жыцьцё ад акцыі да акцыі, калі ўлетку і ўзімку арганізацыя «вымірае» і «абуджаецца» з надыходам восені ці вясны. Дзякуй Богу, так ня стала.

Беларуская маладзёвая арганізацыя ў ідэале павінна сфармаваць будучую беларускую эліту, каб менавіта гэтыя людзі, сябры гэтай арганізацыі сталі дэпутатамі, міністрамі, начальнікамі прадпрыемстваў, дырэктарамі школаў і ўнівэрсытэтаў.

— Ці Вы можаце прывесьці прыклад такой арганізацыі ў нас ці за мяжой?

— Напрыклад, Эўрапейскія Маладыя Кансэрватары, арганізацыя, створаная яшчэ пры ўдзеле Маргарэт Тэтчар. Практычна ўся моладзь з Эўрапарлямэнту — выхадцы з Эўрапейскіх Маладых Кансэрватараў.

— Хто можа быць палітычным ідэалам для будучай эліты?

— Для мяне — Вацлаў Гавал.

— Якая пазыцыя Маладога Фронту ў дачыненьні да парлямэнцкіх выбараў?

— Мы ня маем права браць удзел у гэтых выбарах, бо гэта будзе просты шлях да легітымізацыі А.Лукашэнкі. Удзел у выбарах быў бы сьмерцю для дэмакратыі Беларусі.

Гутарыла Ганна Штэйнман


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0