Тыдзень нашага жыцьця

Незалежнасьць

 

У Менску першых пасажыраў перавёз трамвай, выраблены на «Белкамунмашы». Вагон мае сучасны дызайн, але грыміць на рэйках мацней, чым ягоныя чэскія аналягі. Трамвай «увялі ў строй» да Дня вызваленьня Менску ад немцаў. Да 3 ліпеня прымеркавалі і першы канцэрт у новым, гігантычным Палацы Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы. Праспэкт Скарыны на тры дні перакрылі і разгарнулі на ім велізарны кірмаш на тысячы ятак. Але людзі збольшага засталіся сядзець на дачах, і праспэкт быў параўнальна пусты.

Лукашэнка, пераходзячы зь беларускай мовы на расейскую, выступіў на ўрачыстым сходзе з завярэньнямі ў недатыкальнасьці беларускай незалежнасьці. Сход сустрэў іх воплескамі. «Расеі нявыгадна, каб Беларусь страціла свой сувэрэнітэт, як Савецкаму Саюзу нявыгадна было прымаць у свой склад Баўгарыю», — сам сабе даказваў А.Лукашэнка. «Беларусі нявыгадна страчваць свой сувэрэнітэт», — так праінтэрпрэтавала словы Лукашэнкі расейская праўрадавая інтэрнэтаўская gazeta.ru. «Вось тут кажуць, што яны расійцы, а ня рускія», — абверг А.Лукашэнка фальсыфікатараў лінгвістычнай праўды. — «Ніякія яны не расійцы, а рускія, бо заўсёды гатовыя аддаць нам тое, што нам патрэбна, аддаць бескарысьліва», — прыкладна так аргумэнтаваў ён сваю ўпэўненасьць.

 

Камуністы — страйкбрэхеры

Камуністы (на чале з Калякіным) далі Лукашэнку згоду на ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, а за гэта іх цяпер ці не штовечара выпускаюць на экраны БТ. Камуністаў Расея не баіцца — яны так і так за Саюз. Паслуга за паслугу. І цяпер камуністы пачалі кампанію супраць Шарэцкага: кажуць, яму трэба або скласьці зь сябе паўнамоцтвы старшыні Вярхоўнага Савету, або вярнуцца ў Беларусь. А зь іхных рук кампанію падхоплівае Зімоўскі і БТ — ужо зусім беспардонна. З адыходам камуністаў праца Вярхоўнага Савету 13 скліканьня аказваецца фактычна параліжаваная.

 

Бітва за сена

Цэны зноў папаўзьлі ўверх — на 5,5% за першыя тры тыдні чэрвеня.

ТБМ сабраў 27 тыс. подпісаў за адкрыцьцё Нацыянальнага ўнівэрсытэту, зь іх 8 тыс. у Лідзе, 5 тыс. у Менску, 103 — у вёсцы Хількавічы Жыткавіцкага раёну і 114 — у Санкт-Пецярбургу.

У Гомелі 13-гадовы хлапчук захацеў паказаць «што та я» ды залез на 190-мэтровую тэлевежу. Наверсе яму стала страшна, і спусьціцца сам ён ужо ня змог. Пабачылі яго там толькі дзеля істотнага пагаршэньня якасьці радыёсыгналу.

Тамсама ў Гомелі памёр Рыгор Клімовіч — адзін з кіраўнікоў паўстаньня вязьняў у Нарыльскім лягеры, які апісаў гэта ў сваёй кнізе «Канец Гарлагу». Было яму 75. Зямля яму пухам. На год менш пражыў артыст Купалаўскага Мікалай Яроменка. Лекары даўно забаранялі яму іграць у апошнім ягоным спэктаклі «Касьцюмэр», але ён усё адно іграў, яшчэ і ў палітыцы рваўся ўдзельнічаць, у лукашэнкаўскія палаты ўваходзіў.

А двое дзядоў, іхных аднагодкаў, у Дубоі (гэта старое мястэчка на захад ад Пінску), пабіліся на поплаве — не падзялілі сенажаці. Адзін адному даў мянташкай па галаве, другі ў адказ прастрэліў першаму нагу. На Камянеччыне ў такой сама сытуацыі адзін адному сена падпаліў, і яно згарэла разам з возам. Людзі б’юцца за сена, значыць будзем з малаком.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0