Папараці і папарацы...

Мадэрнізаванае Купальле ў стылі «трэці сэктар»

 

Гэтае месца славіцца сярод месьцічаў сваёю прыгажосьцю. На велічным абрыве вышынёй зь дзевяціпавярховы дом, па-над невялікай рэчкай Лучосай, зь відам на прыгожы лес на тым беразе і бродам унізе. Там адпачываюць розныя кампаніі, бывае, нават не найлепшыя, але гэтым разам тутака сабраліся хлопцы й дзяўчаты, што называюць сябе «Сёмая грань», каб паўдзельнічаць у купальскім сьвяце.

 

Сьмецьце

Першая група, названая кімсьці ласкава «працоўнаю», прыйшла на месца яшчэ а 9.30. Яна знайшла, што прыгожае месца забруджанае ўшчэнт бутэлькамі, слоікамі, поліэтыленавымі пакетамі і нават бітым шклом. Прыйшлося першыя паўгадзіны прысьвяціць прыбіраньню тэрыторыі.

Пасьля была ўсталяваная «штабная» палатка, а дужыя хлопцы выцягнулі некалькі бярвеньняў з-пад абрыву, бо на месцы дроваў не знайшлося.

 

Традыцыі

Да прыходу асноўнай групы ўдзельнікаў працоўная група зрабіла купальскае кола на высокім слупку, абапляла яго дубовымі, кляновымі, бярозавымі галінкамі і лістотай, упляла каляровыя стужкі. Дзяўчаты таксама сплялі дзьве лялькі-русалкі і нарабілі вянкоў. Хлопцы зрабілі плыт, які павінен будзе потым раніцай паплысьці з вогнішчам і русалкамі па рацэ. І, галоўнае, нацягнулі па пэрымэтры абрыву дрот зь белымі сыгнальнымі сьцяжкамі. Каб госьці ня падалі — высока.

 

Госьці

Прыйшлі: байкеры зь велізарным прыгожым матацыклем, анкалягічныя хворыя з сваім доктарам (на ўсялякі выпадак), настаўнікі школы, зь якой супрацоўнічае «Сёмая грань», сябры арганізацыі і іх сябры.

 

Гульні

Прэлюдыя да купальскага вогнішча стваралася з гульняў. Спачатку ўсе зацята «трэсьлі вавёрку», потым «лавілі цяцерку», а пазьней гульні ішлі асобна ў групах.

 

Нячысьцікі

Моладзь з вайскова-спартовага клюбу «Мядзьведзь» выконвала ролю традыцыйных на Купальлі нячысьцікаў. Г.зн. той самай цёмнае сілы, што раней нібыта пераварочвала калёсы, валіла платы, прыпірала дзьверы колам і рабіла іншую брудную працу.

У задачу апранутых у камуфляжы, размаляваных у цёмнае (натуральныя камандас) хлопцаў уваходзіла красьці Купалінку, вугольле з вогнішча, ну, і іншыя шкоды.

 

Купалінка

Першую шкоду яны зрабілі тады, калі ніхто не чакаў — у час выбараў Купалінкі (самае прыгожае дзяўчыны). Галасаваньне праходзіла шумам, і нячысьцікі ўпарта адстойвалі сваю кандыдатуру. Толькі потым усе «белыя» зразумелі, чаму Купалінка аказалася апранутая цалкам у чорнае (такім чынам, калі яе скрасьці і схаваць у лесе, знайсьці будзе цяжэй).

 

Шоў

Пасьля выбараў інструктары таго ж клюбу «Мядзьведзь» прадэманстравалі сцэнку, як у чорным завулку на дзяўчыну нападае хлопец, каб абрабаваць. Удзельнічаў нават нож. Але дзяўчына, якая насамрэч добра валодае самба, так «адкатала» гэтага хлопца, што гледачы пачалі хвалявацца за яго здароўе. Празь некалькі хвілін яны ж прадэманстравалі бой на паходнях, які глядзеўся ў сьвятле фараў матацыкляў, як нейкае кіношнае відовішча. Хлопца-інструктара зноў літаральна «затапталі», але ўсё скончылася без траўмаў.

На мінулым Купальлі гэты ж інструктар пры выкананьні аднаго з трукаў выляцеў галавой уніз з абрыву. Усе баяліся, што ня выжыве. Аднак нічога ня здарылася — гэта ж Купальле. На гэты раз вырашылі абысьціся без такіх галаваломных (літаральна) трукаў.

 

Крадзёж

Сьвятло выключылі, і нячысьцікі пачалі свой сок. Празь некалькі хвілінаў чаканьня нехта выліў ваду ў простае (не купальскае) вогнішча, каля якога сядзела Купалінка. Усе разам асьлеплі, дым засьцяліў мясцовасьць, а нячысьцікі з воем скралі Купалінку.

 

Бітва

Але нездарма простыя удзельнікі былі папярэджаныя, што, калі скрадуць Купалінку, не чакай каханьня ўвесь год. Такое кожны палічыў бы непрымальным, і беларусы кінуліся ў бой. Некалькі хвілінаў сьцежка ў лесе, па якой нячысьцікі хацелі ўцягнуць дзяўчыну, выглядала, як дыван зь целаў. Нехта з «чыстых» прабіраўся па целах з крыкам «Калечыць буду!», нехта роў, нехта проста крычаў. Адбілі, а пасьля некалькі хвілінаў хадзілі і шукалі сярод дрэваў хто гадзіньнікі, хто ключы, хто грошы. Але гэта такі адрэналін, скажу я вам! Дарэчы, нячысьцікі, між іншым, некалькі чалавек абярнулі ў сваю веру — намазаўшы ім вуглем твар.

 

Вогнішча

У дванаццаць пачалося самое дзейства. Вогнішча разгаралася марудна (усюды вакол прайшла залева з навальніцаю, а на месцы сьвята было чуваць толькі грымоты і крыху пакрапала), таму прыйшлося дапамагчы яму купальскімі песьнямі. Справа пайшла, пайшоў і карагод. Усе чакалі, хто стане шчасьлівы на ўвесь год — на каго абрынецца слуп з купальскім колам. І дачакаліся. Паціраючы лоб, шчасьлівым стаў адзін з хлопцаў. З дапамогаю дзьвюх дзяўчат, што ў карагодзе былі зьлева і справа (усе вырашылі, што шчасьця стукнула столькі, што трэба дзяліцца), ён выканаў песьню і замацаваў сваё права.

Пасьля кожны рабіў, што хацеў, на выбар — гулялі ў гульні, лавілі нячысьцікаў (альбо чысьцікаў — не разьбярэш), танцавалі, сядзелі і пяклі бульбу, пілі піва.

 

Пошукі

Нехта згадаў, што няблага было б знайсьці папараць-кветку. Але й тут не абышлося безь нячыстых: яны паселі ў лесе і запальвалі сьвечкі-зьнічкі, каб блытаць людзей. Апошнія, такім чынам, блукалі з паўгадзіны, губляючы адсталых, якіх нячысьцікі мазалі сажай. Але знайшлі, адразу з прызам — майкай з Амэрыкі.

 

Ачышчэньне

Нячысьцікі так надакучылі, што два хлапцы вылавілі аднаго зь іх і перакінулі цераз вогнішча — як вядома, разам з закідам у крапіву, гэта мэтад, каб ачысьціць нячысьціка. Тых як ветрам здула.

 

Вянкі

Пачало сьвітаць, дзяўчаты пайшлі варажыць — спачатку кідалі вянкі на дрэвы (у каго зачэпіцца). Хлопцы кінуліся лезьці на дрэва, каб трапіць у кандыдаты ў абраныя. Пасьля дзяўчаты пайшлі запускаць вянкі на ваду. У перадсьвітальнай імгле вельмі прыгожа выглядалі гэтыя вянкі зь сьвечкамі на іх.

Побач палезьлі ў ваду купацца хлопцы.

 

Русалкі

Апошнім акордам стаўся запуск плыта з русалкамі і вогнішчам на ім. Яму пажадалі даплысьці мінімум да Дзьвінску, а лепш у Швэцыю, да партнэраў арганізацыі. Пасьля некаторым актыўным удзельнікам сьвята ўручылі дыплёмы зь лягатыпамі свята.

Засталося прыбраць за сабой.

А чаму называецца «папарацы і папараці»? Бо ўсё было зьнята на відэа і фота, і гэтыя фотаздымкі можна будзе пабачыць у Інтэрнэце. Так нам абяцалі з аднаго on-line часопіса.

Сёма Гранін, Віцебск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0