Адам Глёбус

Апошняе слова Караткевіча

 

— Здохнеш!

— Ня здохну!

Дзядзька выжлукціў цэлы літар да апошняй кропелькі. Давялося паверыць, бо чырвань чэрава, рук і носа былі відавочнымі доказамі цыкляпічнага ўчынку. Во бывае: лепей сьмерць, чым цьвярозасьць.

Сваю першую набытую ўласнаручна бутэльку віна я выпіў у двары мастацкай вучэльні. Выпіў з рыльца й без закускі. Падбіў мяне на той учынак Сяргей Шаўцоў. Настрой узьняўся. І я пайшоў у ЦУМ, дзе пачаў заляцацца да прадаўшчыц. Яны сьмяяліся. Але ні адна не пагадзілася кінуць працу й пайсьці пагуляць. Дамоў я прыйшоў позна, бо паўночы швэндаўся па горадзе. А вось нараніцу было млосна.

Якіх толькі напояў я ні пакаштаваў за даволі доўгае жыцьцё аматара чаркі. Але ёсьць сярод іх запамінальныя выключэньні, калі выпіваеш адзін раз і болей да іх не дакранаесься. У юнацтве я выпіў 200 грамаў хіннай вады, якая, на думку аптэкараў, дапамагала ад перхаці. У адэкалённай бутэлечцы было 97% мэдычнага сьпірту і 3% кары хіннага дрэва. У мяне зь Сяргеем Паповым не хапала грошай на віно, і мы набылі хінную ваду. Гадасьць неверагодная. Я перажыў тую п’янку больш-менш нармальна. А Сяргей — кепска. Хінін са сьпіртам забралі ягоную сьвядомасьць пасярод вуліцы, і мой сахініньнік бразнуўся тварам на асфальт. Незнаёмы мужчына дапамог зацягнуць Сяргея ў парк на лаўку, дзе я прасядзеў гадзіны з чатыры, пакуль той працьверазеў.

Віна я не люблю, напэўна з-за таго, што ў Беларусі не высьпявае вінаград і ўсё віно нясьвежае, прывезенае, чужое. А віно безь вінаграду я наогул за віно не лічу. Беларускую гарэлку ўжываю рэдка, бо ведаю, што на заводах могуць з-за недахопу сродкаў паскорыць тэхналягічны працэс. Ну, няма валюты купіць фільтры. І гарэлка разьліваецца ў пляшкі нефільтраваная. О, як баліць галава нараніцу пасьля такой гарэлкі. Жах! Таму я аддаю перавагу віскі. Вядома, віскі — напой ня танны. Але ўжо лепей выпіць меней добрага напою, чым набрацца нефільтраванай атруты.

Ёсьць у мяне мара, зьнітаваная з алькаголем: вынайсьці рэцэпт беларускага віскі. Бо ўсё, што цяпер робіцца, гоніцца, вырабляецца ў Беларусі з моцных напояў — дрэнь. «Крышталі 100», «Зуброўкі», «Чарадзеі», «Белавежскія», «Маскоўскія», «Мінскія», ня кажучы пра іншыя, проста атруты. І градус у іх ня той, і смак нафтава-бэнзынава-парфумны, і пабочныя эфэкты ёсьць. А беларускае віскі мусібыць 43°, залатога колеру, ачышчанае й духмянае, як сенажаць пасьля дажджу.

Ведаю, ня я адзіны, хто задумаў увекавечыцца ў рэцэпце нашага віскі. Найбліжэй за ўсіх у гэтым накірунку прасунуўся Андрэй Плісанаў. Ягонае самаробнае віскі, зьмяшанае з розных гатункаў самагонкі — найлепшае, што давялося пакаштаваць. А называе ён свой напой «Плісанаўка» і больш за сто грамаў не налівае.

Надыходзіць момант, і пачынаеш шукаць нагоды, каб ня піць. Нагода выпіць ёсьць заўсёды, хоць бы і проста добры настрой. Цябе запрашаюць узяць чарку па тры разы на дзень, а ты адмаўляесься. Супрацьстаяць выпіўцы можа сэкс.

— Гвалці ўсіх! — параіла мне знаёмая доктарка-прыгажуня, якой паскардзіўся, што даводзіцца шмат выпіваць.

Вядома, праца й творчасьць выдатна замінаюць п’янству. Яшчэ дапамагае спорт, без прабежак у вечаровым сквэры над Сьвіслаччу мне сумна жыць. І яшчэ я пазьбягаю людзей, якія на сур’ёзныя тэмы гавораць толькі ў хмельным стане.

За чаркаю лягчэй сумнявацца ў каштоўнасьцях, прынесеных грашыма, уладаю і культураю. За хмельным сталом часьцяком успыхваюць палкія спрэчкі пра культуру, уладу й грошы. Вынік падобных перапалак можа быць досыць драматычны. Давялося пабачыць, як адзін п’яны мастак зьбіў другога служку музаў толькі за тое, што той не лічыў Вінцэнта Ван Гога лепшым за Поля Сэзана. А чуў і пра горшае... Захмялелы разьбяр адсек галаву найлепшаму сябруку, бо той не пагадзіўся паставіць скульптуры Мікелянджэла на адзін узровень са статуямі майстроў старажытнага Эгіпту. Ёсьць-ёсьць неразгаданая таямніца ва ўзьдзеяньні алькаголю на розум чалавека й жывёлы.

У дакумэнтальнай кінастужцы пра сакрэты жывёльнага сьвету я назіраў наступны экспэрымэнт… Сьвіней загналі ў загарадку. Празь якую гадзіну яны ўтварылі статак з важаком. Каб разбурыць статак, экспэрымэнтатары налілі ў харч алькаголю. Статак разбурыўся ў адно імгненьне. Самы слабы парсючок палез біцца да важака. Той перамог двойчы: спачатку пагрыз і патоўк слабака, а на наступны дзень, калі зноўку падалі ежу з гарэлкаю, перавярнуў карыта й ня даў статку ап’янець. Рацыянальнасьць сьвіньні ўражвала. Чалавек і блізка ня можа так разумна будаваць калектыў. А тыя абмежаваньні на алькаголь, што пэрыядычна ўводзяць розныя дзяржавы, сьмеху вартыя.

У часы, калі ў саюзе рэспублік кіраўніцтва было старым ці, дакладней, супэрстарым, досыць вялікія сродкі ішлі на фінансаваньне такой навукі, як геранталёгія. Дасьледавалі старэньне арганізмаў. Мая жонка працавала ў інстытуце геранталёгіі. Яе дасьледаваньні паказалі, што з усіх натуральных сродкаў толькі алькаголь здатны замарудзіць працэс старэньня. Вядома, прымаць алькаголь трэба рэгулярна й невялікімі дозамі, шклянку чырвонага віна за вячэраю. Дысэртацыю жонка абараніла. Інстытут зачынілі, бо цяпер на прасторах былога эсэсэру кіруюць збольшага маладыя палітыкі.

Самая старая жанчына ў Беларусі, якой споўнілася 120, распавяла ў тэлекамэру й прадэманстравала сакрэт даўгалецьця. Яна выпіла чарку самаробнай гарэлкі. І так штодня. Ніякіх палітыкаў яна ня ведае, працуе ў полі, а перад вячэраю п’е гарэліцу.

Мой дзед Ладзімер піў віно «паўтаракамі» — 750 грамаў у бутэльцы. У свае семдзесят гадоў мог выпіць шклянку віна за абедам і пайсьці капаць пограб. Я на такое ня здатны, працаваць у п’яным выглядзе зусім не магу. Усё, што мной зроблена, стваралася выключна ў цьвярозым стане.

Пра талент літаратара й беспрабуднае п’янства можна паразважаць усмак. По — піў. Вэрлен — не прасыхаў. Ляўрэат літаратурнай Нобэлеўскай прэміі Ўінстан Чэрчыль хадзіў у парлямэнт пад шафэ. Ну, а мае браткі-беларусы, пачынаючы ад нашаніўцаў, пілі ўсе. Хто колькі мог, столькі й выпіў. Галубовіч з Барадуліным свае дозы выпілі ў маладосьці й перайшлі ў цьвярозы алькагалізм. А Купала піў да апошняга. Караткевіч мог піць з раніцы да ночы па тры месяцы ўзапар, а потым пісаць па васямнаццаць гадзінаў у суткі месяцы з два. Сыс дзесяць гадоў п’е з раніцы да раніцы. Праўда, апошнія гадоў восем ён ня піша, але ж раней піў і пісаў геніяльна. Выключэньне складае Разанаў, ён калі вып’е, страчвае паэтычны дар, таму п’е зусім мала. «Паэт павінен піць!» — вынайшаў гэты лёзунг Крупенька. Праўдзівы лёзунг, але цяжка назіраць, як гарэлка руйнуе таленты. Я бачыў, як гінулі Караткевіч, Семашкевіч і Стральцоў. Бачу, як гінуць Дышлевіч і Сыс. І, напэўна, гэтыя відовішчы спыняюць мяне ад штодзённай чаркі.

Нядаўна ў паштовай скрынцы «Нашай Нівы» зьявілася показка пра Ўладзімера Караткевіча…

Памірае Караткевіч. Ляжыць непрытомны. Вакол сядзяць сябры-таварышы й чакаюць апошняга слова прарока. Усім цікава, якое яно, запаветнае слова.

— Беларусь! — кажа Мальдзіс.

— Бацькаўшчына! — запэўнівае Кісялёў.

— Чарка! — мармыча Невядомы.

— Радзіма! — выказвае вэрсію Барадулін.

— Айчына! — гаворыць Брыль.

Тут да Караткевіча вяртаецца сьвядомасьць. Усе схіляюцца, каб толькі не прапусьціць СЛОВА.

— Адам Глёбус, — прашаптаў Караткевіч і памёр.

Пераказаў мне показку Сяргей Харэўскі і не прамінуў спытацца, ці ня я сам склаў анэкдот.

— Не. Бо ведаю сапраўднае апошняе слова Караткевіча.

Дактары забаранілі дзядзьку Ўладзімеру піць. Ён паабяцаў. А хто з нас не абяцаў кінуць піць. Паабяцаў і вырашыў паехаць у вандроўку ў Палесьсе. Вандраваў Караткевіч зазвычай з найлепшымі сябрамі: Валянцінам Ждановічам і Пятром Драчовым. У вандроўцы Караткевіч не стрымаўся й выпіў. Яму стала кепска, і сябры прывезьлі яго дамоў. А тут яму зрабілася яшчэ горш. Сястра выклікала хуткую дапамогу. А два санітары папрасілі мяне з братам, як найбліжэйшых суседзяў, дапамагчы ім зьнесьці дзядзьку Ўладзімера да машыны і з машыны выгрузіць на бальнічную каталку. У Караткевіча адкрыўся крывацёк у страўніку. Ён пакутаваў і паўтараў толькі адно слова «пячэ». Празь некалькі дзён дзядзька Ўладзімер пакінуў наш п’яны сьвет.

Сумна, гідка, страшна глядзець на чалавека, у якога ў жыцьці засталося толькі адно задавальненьне — гарэлка. Часам я прымушаю сябе назіраць за хворымі вакзальнымі алькаголікамі, каб як мага далей трымацца ад такога жыцьця й не абрынуцца ў падобныя паводзіны. Але лёс ёсьць лёс, і ён можа пажартаваць зь цябе самым неверагодным чынам.

Ведаю двух чалавек, што сыйшлі з кніжна-літаратурнага бізнэсу ў гарэлачны: пісьменьніка Леаніда Дайнэку й выдаўца Аляксандра Токарава. Абодва пабудавалі заводзікі й гоняць паціху горкую сьлязу. Дайнэка ў Беларусі, Токараў у Эстоніі. І ні адзін, ні другі ў кніжную справу вяртацца не зьбіраюцца. А вось каб нейкі дырэктар лікёра-гарэлачнай фабрыкі пачаў пісаць вершы, ня чуў. Ня пішацца на заводзе, як і ня п’ецца. Павер, кепска пісаць і піць на заводзе.

А яшчэ кепска піць у кватэры п’яніцы. Сам не заўважыш, як набярэсься, як засьнеш, як нараніцу ўгавораць апахмяліцца. Як я не люблю апахмелкі! Колькі разоў спрабаваў, нічога добрага не атрымлівалася. Аднойчы ледзь не памёр пасьля ранішняй чаркі. Вопытная жанчына, між іншым, дырэктар прадуктовае крамы, угаварыла выпіць зранку трыццаць грамаў каньячку. Выпіў, выйшаў на вуліцу, сеў на лаўку й чую — паміраю. З гадзіну прасядзеў пад кустом бэзу й вярнуўся з таго сьвету. Як для мяне, дык вельмі небясьпечна апахмяляцца ў чужых людзей, а дома я ніколі й не апахмяляўся.

Мой самы кепскі ўспамін пра п’янку зьвязаны зь вёскаю Латыголь. Я, студэнт, маляваў хату, а гаспадары той хаты гулялі-балявалі й запрасілі мяне за стол. Пілі яны самагонку стограмовікамі, заядалі цёплым салам з цыбуляю. Як цяпер памятаю тры стограмовікі, што заглынуў, і тры дні, якія ня мог есьці, усё, што праглыну, праз хвіліну назад выскоквае.

Ёсьць людзі, зь якімі нельга піць ні ў якім разе. Гэта тыя, хто ад алькаголю ўпадае ў агрэсію й лезе біцца да міліцыянтаў. Ведаю я аднаго Гену, як вып’е, дык адразу пачынае шукаць мянта. У цьвярозым стане Гена выхаваны й асьцярожны чалавек, а п’яны робіцца звычайным аршанскім жыганам-бандытам. Знаходзіць міліцыянэра й б’е, ці, хутчэй, спрабуе біць і трапляе ў пастарунак. З такімі хлопцамі выпіваць — сабе даражэй.

Кепска піць у менскіх сквэрах, парках і дварах. Ты яшчэ толькі зрабіў першы глыток, а мянты ўжо стаяць побач. І пачынаецца: пастарунак, пратакол, чаканьне. Ня трэба піць у Менску на вуліцы.

Зь людзьмі, што ня любяць цябе або зайздросьцяць тваім посьпехам, выпіваць не садзіся. І, крый Бог, не запрашай такіх да сябе дадому. Бо нап’юцца ўвобмільг, нагавораць абразаў, пачнуць біць посуд, лаяцца й плакаць з-за ўласнай прыніжанасьці. Радасьці ад такога застольля ні кроплі, адна прыкрасьць.

Добра п’ецца ў бaры, дзе маеш знаёмага бармана. Але ў бары ня варта выпіваць больш за сто грамаў. І задорага і небясьпечна. Калі намерыўся выпіць болей, варта пайсьці да сваякоў ці дахаты.

Добра піць са сваякамі на сьвяты й з жонкаю, пад настрой. Калі й хопіш лішку, пакладуць спаць.

Большасьць твораў, што апісваюць алькаголь і паказваюць стан ап’яненьня, робяць гэта з адназначным знакам мінус. Чытаць іх непрыемна. Адзін час я адмовіўся ад гэтага занятку, як на пэўным складаным прамежку жыцьця адмовіўся ад ужываньня алькаголю й тытуню. Але пазьней я вярнуўся да піцьця моцных напояў і чытаньня кніжак пра п’янства. Як ні круці, а выпіць чарку — ні з чым не параўнальнае задавальненьне. Галоўнае ў п’янстве — ведаць уласную мерку, яно канечне складана, але з двух станаў — быць цьвярозым алькаголікам або быць алькаголікам п’яным, я пакуль што абіраю другі, бо ведаю: надыдзе час, і выпіць ня зможаш.

У п’янстве ёсьць, безумоўна, адна цудоўная рыса. Ніхто, акрамя п’янтоса, ня можа ацаніць цуд цьвярозага жыцьця.

Менск, чэрвень 2000 году


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0