ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ ПАПУЛЯРНЫХ ПАМЫЛАК

Манархі

 

Клеапатра — непераўзыдзеная прыгажуня

Мяркуючы з прыжыцьцёвых партрэтаў царыцы, а мастакі, пэўна ж, імкнуліся дагадзіць заказчыцы, Клеапатра (69—30 да н.э.) не была прыгажуняй. Паўнаватая жанчына зь невыразным тварам была, аднак, вельмі прывабная, бо ў палітычных інтарэсах яна скарыла спачатку Юлія Цэзара, потым — Антонія. Клеапатра не распускала пэрлаў у віне й ня піла гэтага дарагаватага напою, бо карбанат кальцыю можна распусьціць хіба толькі ў воцаце, а, п’ючы воцат, можна памерці. Дарэчы, памерла Клеапатра, хутчэй за ўсё, не ад зьмяінага ўкусу. Студэнты мастацкіх вучэльняў да сёньня малююць старажытнаэгіпэцкую гістарычную асобу з прыціснутым да грудзей гадам. Насамрэч у шчыльна зачыненым пакоі зьмяюкі не знайшлі. Сучасьнікі лічылі, што яе мог прынесьці й вынесьці верны раб у кошыку зь фігамі. Але адначасна з царыцай памерлі ейныя служанкі, Ірас і Гарміён, і нават у аграмаднае кобры забракла б яду на трох. Хутчэй за ўсё, там было групавое самагубства праз атручваньне.

 

Мэсаліна Валерыя — распусьніца

Трэцюю жонку рымскага імпэратара Кляўдыя Тыбэрыя, пакараную сьмерцю ў 48 годзе да н.э. за ўдзел у змове супраць мужа, прынята лічыць нягоднай і распуснай. Хаця б празь дзьве тысячы гадоў варта зьняць зь беднай кабеты ілжывыя абвінавачаньні. Як яно было... Мэсаліна — праўнучка Актавіі, сястры імпэратара Аўгуста, у юна-чым веку пайшла за старога, жорсткага й псыхічна хворага Кляўдыя. Той праз шлюб хацеў займець выгодныя палітычныя сувязі, але памыліўся, нешта не атрымалася. Тымчасам Агрыпіна, сястра Калігулы, паабяцала Кляўдыю ўзамен на шлюб з сабою тыя ж палітычныя выгоды. Мэсаліну давялося прагнаць. Маладая прыгажуня з палёгкаю ўздыхнула й заручылася з консулам Гаем Сыліем. Усё б добра, але Агрыпіна вырашыла канчаткова зьнішчыць суперніцу, сфальсыфікавала сьпіс з 160 быццам бы каханкаў Мэсаліны ды напрыдумляла яшчэ багата якой лухты. Экс-імпэратрыху пасьля хуткага суду публічна забілі. А «добрая й справядлівая» Агрыпіна, абаронца маралі рымскіх матронаў, празь нейкі час атруціла сужэнца, каб вызваліць месца свайму сыну Нэрону.

 

Нэрон — ліхадзей

Нэрон (37—68 да н.э.) ня быў гэткім самым ліхадзеем, як ягоная маці. Запамінайце: Агрыпіна не была забітая на загад сына (старая памерла сама); Нэрон ня граў на арфе, гледзячы на палаючы Рым, гэта прыдумка; ён не даваў загаду Рым падпальваць (пэўна, гэта зрабілі спэкулянты зямлёй). Да нашых дзён чамусьці папулярныя тэндэнцыйныя крыніцы жыцьцяпісу рымскага імпэратара. Хлусьня ляжыць, па-першае, на сумленьні гісторыка Тацыта, які не любіў Нэрона й культываваў жудасныя байкі пра яго, па-другое, на сумленьні Гая Пэтронія, сучасьніка цара й змоўніка супраць яго. Але найбольш няпраўды пра Нэрона, як цьвердзяць гісторыкі, разьнесла рымская хрысьціянская меншасьць, якая пацярпела ад імпэратар-скіх жаўнераў. Тагачасная паліцыя разагнала аднойчы групу ваяўнічых вернікаў, што хуліганскімі паводзінамі чарговы раз спрабавалі сарваць гарадзкі спэктакаль. За гэта пазьней, за часоў панаваньня хрысьціянства, летапісы, што пазытыўна адгукаліся пра дзейнасьць Нэрона, старанна зьнішчалі. Усё ж сёе-тое праўдзівае ацалела.

 

Карл IV — першы вінаградар

Калі ў Чэхіі вы пачуеце ад гіда, што менавіта чэскі кароль Карл ІV першы на ўсходзе Эўропы пачаў разводзіць вінаград, ня верце. У касьцёле сьвятога Віта, што ў Старой Празе, дасюль ляжыць чэрап сьвятога Вацлава, бадай, самага раньняга з тамтэйшых гістарычных пэрсанажаў (ён быў забіты ў 929 годзе, за колькі стагодзьдзяў да нараджэньня Карла ІV). Дык вось, Вацлаў, калі навярнуўся з паганства ў хрысьціянства, да самае сьмерці ўласнаручна (уласнаножна) ціснуў віно для імшы, і ваш гід пра гэта пэўна ведае. Наўрад ці сьвежыя ягады дастаўлялі князю з Францыі ці Нямеччыны. Увогуле ж вінаград атрымаў распаўсюд на ўсходзе Эўропы разам з хрысьціянствам, бо адно вінаградны сок, высакародны напой, на думку тадышніх сьвятароў, мог сымбалізаваць кроў Хрыста. А Карл ІV толькі загадаў засадзіць вінаградам усе вольныя землі вакол сталіцы, што зрабіла гэтую культуру больш папулярнай і даступнай ня толькі сьвятарству.

 

Люі ХIV — гэта дзяржава

«Кароль-сонца» ніколі не казаў перад францускім судом: «Дзяржава — гэта я!» Тым больш, гэта не магло здарыцца ў красавіку 1655 году, калі жывы яшчэ быў усемагутны кардынал Мазарыні, а юнаму каралю толькі споўнілася сямнаццаць. Такі выраз нідзе не запісаны (дарэчы, кароль напэўна сказаў бы ня «я», а «мы», як патрабаваў палацавы этыкет). Няма ніякіх доказаў і таму, што наступны Люі ХV ці ягоная фаварытка мадам Пампадур казалі славутае: «Пасьля нас хоць патоп». Абедзьве фразы добра перадаюць абсалютысцкую й неабмежаваную ўладу Людовіка ХІV, а таксама вымагальніцкае кіраваньне ягонага нашчадка; але размова йдзе, гледзячы па ўсім, пра пазьнейшы досьціп. Няма як спраўдзіць і большасьць быццам бы апошніх словаў знакамітых людзей, хаця іх часта цытуюць (Гётэ: «Болей сьвятла!»; Напалеон: «Францыя-армія-авангард...» і г.д.).

Вадзім Карцаў
трактоўны пераклад паводле Людвіга Соўчака


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0