З усёй краіны

 

Нашэсьце пацукоў

Сапраўднае пацучынае нашэсьце пагражае Баранавічам. Гэтыя стварэньні ўсё часьцей залазяць у кватэры жыхароў. Замест патрэбных 36 сьмецьцевозаў у Баранавічах маюцца толькі 18, а працуюць штодня толькі 2—3. Сьмецьце і бруд па пары дзён гніе ў кантэйнэрах каля дамоў, адсюль і пацукі.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Кісяля арыштавалі

У ноч на 6 ліпеня ў менскім тралейбусным дэпо № 5 затрымалі актывiста Маладога фронту з Горадні Валерку Кiсяля. Разам зь некалькiмі маладымі людзьмі, якiм удалося зьбегчы, ён з дапамогай трафарэту наносiў на тралейбусы надпiсы «Жыве вольная Беларусь!» Хлопца зьвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі штрафам у памеры 2 тыс. рублёў. Хлопец прыехаў у Менск у школку і захацеў паказаць менчукам, як Горадня ўмее змагацца.

Паводле інфармацыі БАРЦ

 

У Наваполацку скралі макарону

У Наваполацкі гараддзел міліцыі зьвярнуўся старшыня касьцёльнай парафіяльнай рады: з драўлянай прыбудовы ў яго ўкралі скрыні з гуманітарнай дапамогай — вітамінамі і прадуктамі харчаваньня. Нехта проста аддзёр дошкі ад сьцяны і залез у сярэдзіну.

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак

 

Без заробку працаваць ня хочуць

Рабочыя завода «Магілёўтрансмаш» правялі стыхійны страйк. Гэта быў заробкавы страйк. А лепей сказаць, беззаробкавы. Амаль паўдня людзі на заводзе не пачыналі працы. Калі незадаволены і шматгалосны натоўп дасягнуў амаль тысячы чалавек, сход ператварыўся ў мітынг, дзе людзі патрабавалі аднаго – зарплаты. Да працоўных павыходзілі ўсе намесьнікі дырэктара, каб заклікаць «спакойна працаваць, а дырэкцыя ўсё вырашыць». Ды толькі людзі разыхадзіцца не згаджаліся. У канцы дня, спужанае кіраўніцтва ўсё ж здолела знайсці грошы, каб расплаціцца.

Сымон Глазштэйн

 

Не змагайся са Свабоднымі прафсаюзамі

У Магілёве судзяць колішняга дырэктара, якога зьняў з працы… Свабодны прафсаюз. Цэнтральны раённы суд Магілёва распачаў працэс супраць былога дырэктра завода «Зeніт» Васіля Асіпенкі. Яго абвінавачваюць у крадзяжах і злоўжываньні службовым становішчам. Але праславіўся той дырэктар сваім упартым супрацьстаяньнем з Свабоднымі прафсаюзамі. Працоўная салідарнасьць і мужнасьць зрабілі справу.

Сымон Глазштэйн

 

У Цімкавічах Леніна памылі

Беспрэцэдэнтная гісторыя адбылася ў мястэчку Цімкавічы, што на Капыльшчыне. Там людзям не аддавалі заробку, пачынаючы з сакавіка. Дык нехта прыдумаў у пратэст скрасьці бюст Леніна, а потым скінуць у канаву. Рэч у тым, што ўсё гэта адбывалася перад 24 чэрвеня, калі мусілі сьвяткаваць дзень нараджаньня Кузьмы Чорнага. У мястэчка былі запрошаныя госьці зь Менску, а тут скандал — помнік скралі! Але скончылася ўсё ня так жудасна: Леніна знайшлі, усталявалі на старое месца, пафарбавалі, заробак аддалі за сакавік-красавік, добра адсьвяткавалі дзень нараджэньня Кузьмы Чорнага. Чалавека, як скраў помнік, не знайшлі. А жыхары Цімкавічаў ужо ведаюць — каб атрымаць грошы, трэба памыць Леніна ў канаве.

Сяржук Насевіч

 

Вылучэньне дэлегатаў

Зьмітру Салаўёву, намесьніку старшыні Наваполацкай гарадзкой Рады БНФ, забаранілі правесьці сход-мітынг дзеля вылучэньні кандыдатаў на Ўсебеларускі зьезд. А вось Кальварыйская Рада Маладога Фронту вылучыла ў якасьці дэлегата саліста рок-гурта «Мроя» Лявона Вольскага. Лявон Вольскі паабяцаў выступіць ад імя маладой Беларусі пры прыняцьці Акту Незалежнасьці, а аматары N.R.M. атрымалі аўтографы на касэтах, фотакартках і майках.

Б.Т.

 

Няшчаснае лісяня

Падлеткі ў вёсцы Рагачы, што пад Ляхавічамі, знайшлі каля хаты лісяня. Навязалі і пайшлі зь ім гуляць. Тое пакусала і падрапала сваіх катаў. Калі бацькі прыйшлі з працы, дык забілі лісяня і злупілі зь яго скуру. Старшыня калгасу, даведаўшыся пра гэта, загадаў выкапаць тушку і адправіў на аналіз у Берасьце. Тамака засьведчылі, што лісяня было хворае на шаленства. Цяпер усім, хто кантактаваў зь ім, робяць прышчэпкі.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Гішпанцы добрыя

Ужо амаль тыдзень стаяць у Магілёве некалькі аўтобусаў з Гішпаніі. Яны б мусілі забраць мясцовых дзяцей, каб адправіцца зь імі за Пірэнэі. Але ня могуць гэтага зрабіць, бо гішпанская амбасада не дае візы. Дыпляматы тлумачаць адмову тым, што аздараўляльная паездка не зьяўляецца дабрачыннай, а візы ня могуць быць у такім выпадку бясплатнымі. Цяпер гэтымі пытаньнямі заняліся ўжо і ў самой Гішпаніі, бо гутарка ідзе пра дзясяткі беларускіх дзетак. Іх там чакаюць таксама дзясяткі сем’яў, дзе юныя беларусы і адпачнуць. Зь беларускага боку аздараўленьне дзяцей у Гішпаніі ладзіць дзяржава. І кожны раз кампанію суправаджаюць скандалы і нечаканыя неспадзяванкі: то дзяржава несвоечасова аплочвае вылет дзяцей з замежжа, то прымушае бацькоў уносіць свае сродкі. Кажуць, у гэты раз, «адно месца» каштавала каля 200 даляраў. Добра яшчэ, што гішпанскі бок добры і не разарваў адносінаў з намі.

Сымон Глазштэйн

 

Пад дыктоўку бээнэфаўцаў

Месяц таму Баранавіцкая Рада БНФ зьвярнулася да выканкаму з патрабаваньнем заасфальтаваць пераход на вуліцы Тэльмана, адной з цэнтральных, што ля Палескага вакзалу. І вось на вуліцы зьявіліся грэйдэры.

Руслан Равяка, Баранавічы