З рэдакцыйнай пошты

 

Ня суд, а судзільня

І вось крышачку распавяду Вам аб дэмакратыі і дыялёгу па-лукашэнкаўску.

Пісаў да Вас аб здарэньні са мною праз асьвятленьне вуліц і іншае на вёсцы, чым нас зараз даймаюць вэртыкальшчыкі.

Адбыўся суд нада мною, і прыпаялі 22 тысячы. Справа — дробязь, ды толькі пустэльна якась пачуваесься. А таму, што людзі не разумеюць, ім няўцям, што прысуд вынесьлі ня мне, а ім, бо рабіў я ўсе 23 гады і сувязь, і радыё дый сьвятло ім. Хацеў, каб лепш было ім і каб хоць крыху ды лепшай была наша доля. Зараз наш люд трусіна-стравусінай натуры сьмяецца, ну, як хто. Вось так, атрымаў я і сьвятло, і дарогу, і ўсе выгоды. Ба, выгоды маюць цяперачкі ўсе, хто каля рэжымнага карыта тырчыць. Але старым няўцям, што іхны Лукашэнка абдзірае дагала іх дзяцей ды ўнукаў, а потым дасьць ім пацюпіні, і рады. Пенцаю нам дае, ды якую! Ну і пайшло, паехала.

Я мог бы і не даводзіць справы да суду, але вырашыў пашукаць праўды ў самым гуманным судзе ў сьвеце, як і сама ўлада зь яе Загадчыкам. О, гэта непараўнальна. Ня суд, а судзільня. Ды чорт зь ім, з тым судам і гэтым рэжымам. Яны гэта з нас хочуць парабіць рабоў, каб паменш елі ды пілі, каб рахманымі былі. А ўжо дэмакратыю мы Вам дамо. Вось так, даражэнькія.

Ды Бог Вам дапамажы. На гэтым усё, да пабачэньня.

А вось на выбары ўсё ж трэба ісьці, што б там ні было. Трэ імкнуцца хоць на кроплю ды вырваць і тут ад іх штосьці. А там час пакажа.

Пятро Філіповіч, Чамярысы

 

Я за ўдзел у выбарах

У апошнім нумары Вашай газэты з новай сілай разгарэлася палеміка наконт удзелу апазыцыйных сілаў у выбарах.

Большасьць нашых апазыцыянэраў схіляецца да няўдзелу ў выбарах. І што рэальна дае такі крок? Нічога. Фактычна для Беларусі гэта нулявое рашэньне — працяг падзеньня эканомікі ў яму, заняпад беларускай культуры і г.д. Атрымліваецца, што сама апазыцыя будзе падтрымліваць Лукашэнку і выконваць яго пляны.

Адзінае выйсьце — удзел у выбарах. Як жа гэта лепш рабіць? На маю думку, хай кандыдаты ў дэпутаты рэгіструюцца як незалежныя. Па апошніх выбарах відаць, што ў парлямэнт прайшлі збольшага так званыя «незалежныя» дэпутаты, і гэта не цемрашальства электарату, а тое, што народ стаміўся ад палітычных ваганьняў улева і ўправа і хоча спакойнага жыцьця. Такім самым чынам галасавалі за Лукашэнку — «свайго ў доску» народнага прадстаўніка. Колькасьць кандыдатаў ў дэпутаты пры гэтым ад апазыцыі павінна быць максымальнай. Такім чынам яны змогуць адцягнуць галасы ад кандыдатаў ад улады і правесьці больш кандыдатаў у другі тур.

І трэба памятаць, што гэты парлямэнт будзе пры гэтым пераходны, як і Вярхоўная Рада 13 скліканьня, вось толькі роля будзе розная — адзін прынёс на сваіх плячох дыктатуру, другі можа прынесьці дэмакратыю, і тэрмін яго існаваньня можа быць кароткі.

Пры любых непрадказальных дзеяньнях улады ўсе прагрэсіўныя кандыдаты ў дэпутаты на любым этапе падрыхтоўкі выбараў могуць адначасова адмовіцца ад удзелу ў фарсе, тым самым у вачох усяго сьвету Лукашэнка ўпадзе чарговы раз, і выбары ня будуць прызнаныя дэмакратычнымі краінамі, як і «рэфэрэндум» 1996 году.

Што ж можа зрабіць парлямэнт, калі б у яго прайшла большасьць апазыцыйных сілаў пры існуючай уладзе?

Заканадаўча дэпутаты могуць аформіць незаконнасьць правядзеньня рэфэрэндуму 1996 году, тым самым паказаць, што Лукашэнка трымае ўладу незаконна. У апазыцыі нарэшце зьявіцца рэальны шанец выйсьці да сродкаў масавай інфармацыі і тлумачыць сваю палітыку.

Натуральна, такія дзеяньні не спадабаюцца Лукашэнку, і ён пойдзе на разгон парлямэнту, а гэта чарговы раз засьведчыць усяму сьвету і беларусам таксама палітыку нашых уладаў. Ну, а галоўная задача гэтага парлямэнту — гэта адцягваньне на сябе ўсёй магутнасьці ўлады Лукашэнкі ад будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Адначасова дэмакратычныя сілы ў парлямэнце могуць рэальна вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Гэта дасьць рэальны шанец перайсьці Беларусі на шлях дэмакратыі.

А вулічныя акцыі ў нашай рэчаіснасьці мала што даюць, акрамя ўзмацненьня існуючай улады, і час апазыцыі займацца не балбатнёй, а рэальнай справай.

Яўген Мядзьведзеў, Менск

 

Не чапайце Пазьняка

У размове зь Юр’ем Хадыкам («НН» №26 (183) ад 26.06.2000) сп.Дынько задаў яму пытаньне, якое моцна мяне ўразіла: «Нявыхад апазыцыі на выбары не нагадвае Вам невяртаньне Пазьняка? Мо апазыцыя таму й ня йдзе на выбары, што ёй звыкла й зручна сядзець у завугольлі, выглядаць пакутнікамі на ўвесь сьвет?» Няўжо Вы думаеце, што Зянон Пазьняк знаходзіцца за мяжой, бо яму зручна сядзець у завугольлі й выглядаць пакутнікам на ўвесь сьвет? На маю думку, ягоная эміграцыя — гэта крок разумнага чалавека, які жыве дзеля сваёй Бацькаўшчыны, дзеля Беларусі, бо ўявіце сабе што б чакала яго зараз на Радзіме. У лепшым выпадку турма, а хутчэй за ўсё лёс Ю.Захаранкі ці В.Ганчара. А Зянон Пазьняк яшчэ вой як спатрэбіцца нашай Радзіме і беларусам. І ён гэта добра разумее…

Мне здаецца, сп.Дынько, што параўноўваць зручнасьць завугольля з эміграцыяй Пазьняка ня вельмі прыстойна. Узгадайце, што зрабіў Зянон Пазьняк для Беларусі.

Уладзімер Сінькевіч, Менск

 

Цырымонія акту

Час бяжыць хутка. Ужо напрыканцы ліпеня адбудзецца Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць. Галоўнае — прыняцьцё Акту за незалежнасьць Беларусі.

Але й надзея гэтая вельмі неардынарная. Вымагае яна адметнасьці, інфармаваньня насельніцтва і г.д. Нарэшце — прыняцьцё Акту павінна быць ажыцьцёўлена дэлегатамі зьезду так, каб гэная падзея запомнілася надоўга.

Магчыма, мае прапановы пададуцца вар’яцкімі. Але ж час такі, што вымагае неардынарных падыходаў да ўсялякае справы.

Я мяркую, што асноўную ролю пад час цырымоніі прыняцьця Акту павінны адыграць жанчыны. Што ж рабіць, калі жанчыны ў сучаснай Беларусі бяруць на сябе асноўны цяжар па выратаваньні і ад жыцьцёвых цяжкасьцяў, і ў палітыцы. На маю думку, урачысты сцэнар прыняцьця Акту за незалежнасьць можа быць такі. Гучыць аб’ява. Дэлегаткі зьезду агаляюцца. Жанчыны больш-менш сталага веку застаюцца ў спадніцах. Дзяўчаты распранаюцца да майткаў. Грудзі аголеныя. Абутак здымаецца — басанож. На пачатку дзьве прыгожыя дзяўчыны выносяць вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Гучаць пяшчотныя мэлёдыі. Кожная з дэлегатак падыходзіць да сьцягу, становіцца на калені і цалуе яго. Выключэньне — для жанчынаў сталага веку і вельмі паважаных. Дзяўчаты і маладыя жанчыны падыходзяць да сьцягу, становяцца на калені і схіляюць галаву. Далей чакаюць, пакуль усе дэлегаты ўшануюць сьцяг. Потым ушанаваньне пачынаюць маладыя жанчыны, а сканчаюць дзяўчаты.

Жанчыны вяртаюцца на месцы. Гучыць тэкст Акту за незалежнасьць. Дэлегаты паўтараюць яго. Акт абвяшчаецца прынятым. Гучыць гімн беларусаў «Магутны Божа». Пад час яго выкананьня жанчыны зноў становяцца на калені.

Далей жанчыны апранаюцца. Зьезд працягвае працу. А што ж мужчыны? Калі яны нас падтрымаюць, будзе добра. Не падтрымаюць… Жанчыны самі зробяць прыняцьцё Акту за незалежнасьць выбітнаю падзеяю, а не чарговай абрыдлаю апазыцыйнай тусоўкаю. Гэй, шчырыя, прыгожыя, працавітыя беларускі! Падтрымаеце мяне?

Клічуць мяне Ірэна. Маю дзьвюх дзяўчатак, 8 і 12 год. Жывем у ладзе з прыродаю. Загартоўваемся. Зімою а 6-й раніцы падымаю дзяўчатак і на двор. Аголеныя. Мыемся, робім руханку, абціраньне сьнегам. У любое надвор’е. Далей бяжым на рэчку. Купаемся ў ледзяной вадзе, ды нам ўжо звыкла. Вылазім з рэчкі і робім гімнастыку ёга. І нават у даволі вялікі марозік усё атрымліваецца. Малодшая дачушка вылазіць з рэчкі і ўжо можа ў даволі дрэннае зімовае надвор’е (сьнег, моцны вецер, мароз) з паўгадзіны выконваць складаныя ёгаўскія практыкаваньні. А то нават прастаяць нерухома ў нязручнай позе.

З паловы красавіка да пачатку кастрычніка ходзім басанож (у хаце і на двары). Улетку абыходзімся амаль бяз вопраткі (толькі ў людзі выйсьці). Сьпім летам няшмат. А 4-й раніцы пачынаецца руханка. Потым дачушкі залазяць у балеі з халоднай вадою ды сядзяць даволі доўга. Вада з калодзежу. Сама таксама абліваюся вадою са студні. Вой, гэта я ўжо шмат пра сябе і дачушках распавядаю… Жывем мы ў далёкай вёсачцы, амаль на хутары. Вось таму і ёсьць магчымасьць весьці такі лад жыцьця.

А нашым дэмакратам хаця б палову такіх выпрабаваньняў. Выбрацца ім з утульных фатэляў… Прозьвішча свайго не пазначаю, даведаюцца людзі і будзе ўжо кепска. У спакоі не пакінуць!

А дэмакратам раю спыніць тусоўкі. Ды й зрабіць нешта дзейснае.

З павагаю, Ірэна

 


 

Нашы ў горадзе

Водгукі чытачоў

 

***

Добры дзень, шаноўная «Наша Нiва». Зь цiкавасьцю прачытаў артыкул Зьмiтра Бартосiка «Нашы ў горадзе». Цалкам згодны з аўтарам, што даўно пара прамаўляць сваёю моваю на поўны голас. Каб «зьверабабы» затыкнулiся. Зрэшты, я даўно карыстаюся ў грамадзкiх месцах сваёю роднай моваю, i не заўжды гэта выклiкае кепскую рэакцыю. Напрыклад, нядаўна, ехаў я ў цягнiку Унеча-Горадня, мне закарцела ў прыбiральню. У межах санiтарнай зоны Менску. Калi б я зьвярнуўся да праваднiцы па-савецку, дык i атрымаў бы савецкi адказ «Ждзiце, таварыш, i цярпiце». А на ласкавае беларускае «Цётачка, няма сiл трываць», запаветныя дзьверы расчынiлiся з пажаданьнем «Пiсай, сынок». Так што, калi хто зьбярэцца ехаць вышэйзгаданым цягнiком, хай бярэ шосты купэйны вагон. Дзе разумеюць i людзкую мову, і людзкiя праблемы.

Цi вось яшчэ. Мяняў неяк валюту, i касiрка перадала мне лiшнiх пяцьсот рублёў. Я ёй, безумоўна, iх вярнуў. Але — з чаканьнем чароўнага слова. «Спасiбачкi», — адказала тая. «А калi ўсё ж падумаць?» «Дзякуй, — расплылася яна ва ўсьмешцы. — Ну, канечне, дзякуй».

З афiцыянткамi й таксiстамi прасьцей. Яны любяць чаявыя. За ветлiвае абслугоўваньне на расейскай хай на iх не разьлiчваюць. (У «зьверабабаў» лепш увогуле не харчавацца). Авось за пераход на мову клiента можна й заплацiць. Але я пакуль па рэстаранах не хадок.

Самае складанае — размаўляць у чарзе. Калi ззаду напiрае хвост, а ў вакенцы сядзiць той самы «зьверабаб». Я пакуль не заўсёды рызыкую, наблiжаючыся да той клеткi, гаварыць па-людзку. Але, вiдаць, трэба сябе прымушаць.

З павагаю, Максiм, 17 гадоў, Менск

 

***

Адклікаюся на Вашую прапанову скласьці сьпіс беларускіх і адначасова беларускамоўных месцаў і фірмаў.

Мне давялося замаўляць квіткі на выпускны вечар. Сярод менскіх друкарняў, у якія я тэлефанаваў, адзіная, дзе ў размове адразу перайшлі на беларускую мову, была друкарня «Асобны дах». Дарэчы, іхная рэкляма таксама па-беларуску.

Алесь, Менск

 

Ва Ўкраіне наморднікаў больш, чым застэрэжнікаў

Як філёляга мяне цікавяць працэсы, што адбываюцца з моваю ўвогуле, а як праўнік я цалкам падзяляю ды падтрымліваю ваша імкненьне зьвярнуць увагу чытачоў на злабадзённасьць моўнага пытаньня ў Беларусі. Падобная праблема існуе і ва Ўкраіне, праўда, глеба для яе вырашэньня трохі больш спрыяльная.

Ня маю намеру, як той нявыхаваны госьць, займаць вас украінскімі гісторыямі. Не змагу таксама параіць замену цяперашняму «намордніку». Затое з нагоды артыкулу «Наморднік» у мяне ўзьнікла жаданьне падзяліцца ўласнымі думкамі наконт цяперашніх моўных акалічнасьцяў — з досьведу Ўкраіны. Але, перакананы, ён ня меншаю мераю датычыць і Беларусі.

Вось жа, перадусім, я не выяўляў бы залішняга пэсымізму. Сытуацыя, што існуе цяпер у Беларусі з мовай, далёка не фатальная. Гэта «хвароба», якая, аднак, мае «здаровыя сымптомы» свайго цячэньня. Расейская мова, мова вуліцы, мае свае моўныя рамкі: з аднаго боку, іх вызначае беларускамоўная вёска, а зь іншага — беларускамоўная эліта. Шанцы на сустрэчу «нізоў» зь «вярхамі» абнадзейваюць. Бясспрэчна, такія шанцы зрэалізуюцца або пры ўмове неўмяшаньня ў працэсы (што я ўважаю самым натуральным, гледзячы на сёньняшніх беларусаў), або наадварот, пры ўмове актыўнае прабеларускае моўнае палітыкі на канстытуцыйным узроўні. Іншага варыянту я не дапускаю, бо тое, што адбываецца сёньня, супярэчыць цывілізаванаму здароваму сэнсу нагэтулькі, што прырэчанае на правал. Таму, мяркую, губляць запалу ня варта.

Што да «наморднікаў» і г.д. я хацеў бы сказаць, што любая мова складаецца з запазычаньняў. Тыя ці іншыя гістарычныя пэрыяды ўносілі цэлыя слоўнікавыя пласты. Расейскія запазычаньні ёсьць прыродным (хоць для некага балючым) фактам. Але пасьля мова сама, празь яе носьбітаў, мае ўласьцівасьць падбіраць собскія эквіваленты запазычаньняў. Як толькі зьяўляецца патрэба больш удала ці канкрэтна перадаць сэнс таго ці іншага слова, як зьяўляюцца новыя словы, у тым ліку і ўласныя. Мова сама фільтруе прыроднасьць тае ці іншае адзінкі з увагі на яе гучаньне, напісаньне ды словаформы. Таму, прыкладам, поруч з найманымі забойцамі хаваюцца ўдвая карацейшыя кілеры, а сустрэча на найвышэйшым узроўні ўтрая прайграе саміту. Узьнікне патрэба, дойдзе чарга й да «намордніка», бо ж сілком не прымусіш таго, хто ўжо звык і не разумее, навошта патрэбнае інакшае слова. Каб прыжывалася новае слова, трэба каб самім носьбітам мовы старое было нязручным. Тады абавязкова зьявіцца, як ва ўкраінскай мове «собачий запобіжник», а ён ужо пасьля ператворыцца ў проста «запобіжник». Для прыкладу, ва ўкраінскай мове слова «намордник» жвава функцыянуе, бо ўтворанае ад украінскіх лексэмаў і дакладна перадае сэмантыку слова.

Калі ж у слове бачыцца непажаданае падабенства да ..., было б няправільна такое слова безапэляцыйна касаваць як накінутае пазычаньне. (Дый, зрэшты, сьлед яшчэ добра падыскутаваць, хто ў каго гістарычна больш запазычыў!)

Відавочна, што ўласныя здабыткі — і мову ў прыватнасьці — належыць адстойваць годна, але й без фанатызму.

Дык жа будзьма мудрымі і ўзважлівымі, панове!

Мікола Паўлаў, [email protected]

 

Напрысьнік

Калісьці ў вёсцы Падстарынь Івацэвіцкага раёну называлі сабачую пысу «прыхай». Адпаведна наморднік будзе гучаць як «напрысьнік». Мо гэтае слова й мясцовае, але я мяркую так:

у добрых людзей – твар,

у кепскіх – морда,

у вашых сяброў на чатырох лапах, зь якімі вы ходзіце на паляваньне – твар,

у ратвэйлераў, што брэшуць на мірных дэманстрантаў – прыха.

Генадзь Мазько, Івацэвічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0