Яшчэ адзін данаец

 

У адным з ранейшых нумароў мы пісалі, як намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Іван Іванавіч Пашкевіч рыхтуецца перамагчы на выбарах у палату, раздаючы на Століншчыне невядома адкуль узятыя мільёны на будаўніцтва праваслаўных цэркваў. Цяпер свой «данаец» зьявіўся і ў Пінску. Дэпутат Лукашэнкавай палаты, дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-дыягнастычнага цэнтру ў Пінску Анатоль Волкаў таксама раптоўна заняўся дабрачыннасьцю — днямі перад тэлекамэрамі раздаваў інвалідныя вазкі.

З гэтай нагоды нават цэнтар, у якім штодзень абсьледуюцца каля 200 дзяцей, быў зачынены. У па-сьвяточнаму прыбраным двары ўстановы змантавалі сцэну, на якой пасьля шматлікіх одаў «дабрачынцу» прысутных інвалідаў ды іхных сваякоў весялілі дзеткі з самадзейнасьці і нават клёўны.

Аказваецца, 19 новых інвалідных вазкоў таварышу Волкаву «вырашыў перадаць» Менскі завод колавых цягачоў, каб Волкаў ад свайго імя ўручыў іх каму трэба. Самі гэта зрабіць менчукі, пэўна, не змаглі. Цікава, што амаль усе атрымальнікі новых вазкоў прыехалі па падарункі ўжо на сваіх вазках, часам зусім ня горшых за прэзэнтаваныя.

Варта адзначыць, што цяпер, каб зрабіць у цэнтры, прыкладам, тэст страўніка «японскім зондам», трэба чакаць больш за год.

Кажуць, што адна жанчына-інвалід у размове з Волкавым сказала, што ня хоча паказвацца на людзі ды яшчэ перад камэрамі і калі б ён хацеў ёй дапамагчы, то хай бы прывез вазок дахаты, а не рабіў з гэтага помпу. «Дэпутат» пасьля такой размовы вельмі раззлаваўся...

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск