Два сьвяты

 

6 ліпеня ў Літве адзначалі нацыянальнае сьвята – Дзень літоўскае дзяржавы або каранацыі Міндаўга ў Наваградку. Сёлета адзначалі з асаблівым размахам: канцэрты, сымпозіюмы, сустрэчы... Акурат пасьля сьвяткаваньня ў Беларусі свайго «дня рэспублікі» — вызваленьня Менску ад немцаў...

Тымі сьвяточнымі днямі мне давялося размаўляць з адной настаўніцай зь Вісагінасу, ёсьць такое мястэчка на ўсходзе Літвы. Яна — беларуска з паходжаньня. У Вісагінасе наогул багата беларусаў. І тая настаўніца перадусім павіншавала мяне з тым «днём рэспублікі», а пасьля падзялілася сваёй мараю. Яна хоча калі-небудзь звазіць сваіх вучняў, беларусаў, у Берасьце. «А чаму менавіта ў Берасьце?» — пытаюся. «Ну там жа крэпасьць-герой!»— адказала яна. — У нас, у Літве, цяпер ніхто ўжо пра яе ня памятае. А ў школах пагатоў пра тое ня вучаць. І дзеці нічога пра сваю гісторыю ня ведаюць...» «А што вы ведаеце пра Берасьцейскую крэпасьць?» — спытаўся я. «Ну, як жа! Там пачыналася вайна, і абаронцы крэпасьці гераічна супраціўляліся...» «А вы ведаеце, што большасьць абаронцаў былі энкавэдыстамі, якія не пасьпелі зьнішчыць сваіх вязьняў, жыхароў Берасьця ды ваколіцаў, якіх рэпрэсавалі бальшавікі, расстрэльваючы й катуючы іх аж да самых першых нямецкіх налётаў. Усе вязьні берасьцейскае крэпасьці былі расстраляныя без суда, проста пад сьцяною. Але й самім энкавэдыстам не было куды ўцякаць. Нямецкае войска імгненна захапіла ўсю Беларусь. А вы ведаеце, што вайна гэтая пачалася для Берасьцейскай крэпасьці нашмат раней, яшчэ ў жніўні 1939 году. І тады там быў польскі гарнізон, які складаўся пераважна з тутэйшых беларусаў. І яны гераічна бараніліся ўсё ад тых жа немцаў. А калі з абаронцаў у польскіх мундзірах нікога не засталося ў жывых, немцы, для надзейнасьці, яшчэ два дні пляжылі крэпасьць з самалётаў. А пасьля... пасьля ў Берасьці быў фашыстоўска-камуністычны супольны парад. І гітлераўцы ўрачыста, па-прыязнаму перадалі горад і крэпасьць сталінцам... А яшчэ раней гэтая крэпасьць стала сымбалем здрады, калі тут быў падпісаны мір паміж бальшавікамі й немцамі, паводле якога Масква адкупілася ад Нямеччыны беларусамі. А яшчэ раней на месцы гэтае крэпасьці стаяў прыгожы мураваны горад, адзін з самых прыгожых у Эўропе, дзе была найстарэйшая ў нашых краях мураваная сынагога, дзе была надрукаваная першая ў Рэчы Паспалітай Біблія, дзе быў велізарны Мікалаеўскі сабор, у якім была падпісаная царкоўная вунія, дзясяткі кляштараў зь вялікімі касьцёламі... Маскалі ўсё гэтае хараство зьнішчылі і з той цэглы ўзьвялі сваю крэпасьць».

«Не, — адказала тая настаўніца, — я гэтага ня ведала. У савецкіх падручніках пра такое не пісалі». «Дык пра што вы будзеце цяпер распавядаць дзецям?» «Ня ведаю...» — уздыхнула яна. «Звазіце лепей іх у Наваградак і распавядзіце пра першага нашага караля. Рапавядзіце пра пачаткі нашае гісторыі, пра якія, дарэчы, і пішуць у літоўскіх падручніках».

У Літве вялікае сьвята — у 1253 годзе вялікі князь Міндаўг стаў каралём у Наваградку, старадаўнім славянскім месьце, якое некалі заклалі валынскія князі. Кім ёсьць Міндаўг для беларусаў? Ён злучыў усе нашыя землі ў адно. Менавіта за ім уся Беларусь і ўсходняя частка Літвы аб’ядналіся ў магутную дзяржаву. З таго часу й пачаў складацца беларускі народ. Ягоная каранацыя стала сымбалем таго пачатку для суседзяў ды ўсёй Эўропы. На жаль, сёньня гэтую дату ў Беларусі ніхто не сьвяткуе. Справа ж ня ў тым, ці прыўлашчыць нам караля Міндаўга непадзельна... Справа ў тым, што Беларусь яшчэ надта далёкая пакуль ад таго, каб бачыць ясна сваю гісторыю, нават зусім блізкую. Напрыклад, чаму ўся Беларусь мусіць сьвяткаваць замену акупацыяў, нямецкую на савецкую?.. І якое дачыненьне да ўваходу ў Менск чырвонага войска ў 1944 годзе мае тое ж Берасьце, якое было занятае саветамі на тры тыдні пазьней? А можа больш лягічна было б гэткую дату адзначаць, скажам, на завяршэньні так званае «Беластоцкае апэрацыі», калі былі вызваленыя ад немцаў самыя заходнія раёны Беларусі? Але тады давядзецца тлумачыць, дзе той Беласток...

Тры тыдні таму ў Наваградку сабралася на рыцарскі скамарошны фэст дзятва ды зь дзецюкамі зь Беларусі й Расеі, каб пабіцца ў рыцарскіх дасьпехах. Гучалі расейскія жарты ды прымаўкі. Нашыя бел-чырона-белыя сьцягі забаранілі... Пра Міндаўга ніхто не згадаў.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0