Філёзаф-гураль

Кс. Праф. Юзаф Тышнэр (1931—2000)

 

Хачу падзяліцца з Вамі сумнай навіною. 28 чэрвеня пасьля цяжкай хваробы памёр мой Настаўнік і Прафэсар часоў студыяваньня ў Кракаве ксёндз Юзаф Тышнэр. Другога ліпеня ў ягонай роднай вёсцы адбылося пахаваньне, на якім я, на жаль, ня змог прысутнічаць. І таму хацелася б, каб мая кароткая споведзь стала хаця б невялічкай данінай памяці гэтаму цудоўнаму чалавеку, слава пра якога дасягнула, мяркую, і інтэлектуальных колаў Беларусі.

У 1979 годзе я, зусім яшчэ малады чалавек, упершыню прачытаў некалькі артыкулаў на тэму нетамістычнага напрамку ў хрысьціянскай філязофіі. Гэтыя артыкулы друкаваў кракаўскі штомесячнік «Znak», а таксама «Tygodnik Powszechny». Артыкулы сьведчылі аб тым, што, апроч тамізму, у хрысьціянстве, у прыватнасьці, у каталіцызме, ёсьць месца і для іншай філязофіі. Тэксты выклікалі вялізную дыскусію і нават спрэчкі паміж «тамістычным» Люблінам (Каталіцкі ўнівэрсытэт) і «фэнамэналягічным» і дысыдэнцкім (у інтэлектуальным сэнсе) Кракавам. Тышнэр быў вучнем вядомага прафэсара Рамана Інгардэна, аўтара вялікай шматтомнай працы «Спрэчка пра існаваньне сьвету». Прафэсар Інгардэн, у сваю чаргу, быў вучнем і аднадумцам прафэсара Эдмунда Гусэрля. І да сёньня фэнамэналягічныя традыцыі ў Кракаве дастаткова моцныя.

Праф.Тышнэр, аднак, не абмяжоўваўся тэарэтычнымі пытаньнямі школы Гусэрля ці Гайдэгера. У сярэдзіне 70-х гадоў пабачыла сьвет ягоная кніга «Сьвет чалавечай надзеі», збор неартадаксальных тэкстаў на тэму хрысьціянскай філязофіі, а таксама крыніцаў і сутнасьці польскай філязофіі.

Панятак «надзея» становіцца для праф.Тышнэра асноўным ува ўсёй ягонай творчасьці. Час ад часу зьвяртаючыся да этыкі, тэалёгіі, ён разважае на тэму становішча чалавека ў сучасным сьвеце. Адкідваючы ідэалёгіі і «ізмы», што абмяжоўваюць свабоду чалавека, Тышнэр адкрывае перад сваімі вучнямі і слухачамі вялізную прастору надзеі, якую дае чалавеку адчуваньне ягоных магчымасьцяў і бясконцасьць розуму. Абапіраючыся на тэксты фэнамэнолягаў, ён указваў на неабходнасьць звароту да крыніцаў як з галіны гісторыі мысьленьня, так і практыкі.

Калі прыйшоў час смуткаў і рэвалюцыяў «Салідарнасьці» ў 1980 годзе, прафэсар Тышнэр зьвяртаецца да крыніцаў марксізму, г.зн. да Гегеля, і наноў перачытвае «Фэнамэналёгію духу». Біблейская гісторыясофія Гегеля выкрывае ідэалягічную залежнасьць Маркса ад арыгінальнай «гностыкі», якой зьяўляецца вера ў прагрэс. Празь некалькі гадоў гэтай тэме будзе прысьвечана кніга «У краіне хворага ўяўленьня».

Мне пашанцавала сустрэцца з праф.Тышнэрам, калі я ў пачатку 1981 году вырашыў прыехаць у Кракаў. Я марыў вывучаць філязофію, але ня ведаў, з чаго пачаць, бо я знаходзіўся па-за межамі сьценаў навучальнай установы і ня меў ніякіх студэнціх правоў. Першае, што я зрабіў, гэта накіраваўся да Тышнэра. Ён паглядзеў на мяне, пасьміхнуўся і запрасіў наведваць заняткі. Потым, дзякуючы яму, я зразумеў, што вышэйшая навучальная ўстанова — гэта ня толькі заліковая кніжка, лекцыі, іспыты. Галоўнае — гэта прысутнасьць Майстра і сьледаваньне за будыйскім гуру ці Сакратам, паўсюдна сьледавалі за Тышнэрам: на заняткі ў духоўную сэмінарыю, у тэатральную студыю, на факультэт паляністыкі і на імшу ў касьцёл сьв.Ганны, у якім кожны тыдзень прафэсар Тышнэр чытаў казані-лекцыі сваім нізкім цудоўным голасам.

Тышнэр заўсёды быў аточаны шчыльным колам вучняў: студэнты, мастакі, палітыкі, дысыдэнты... Нягледзячы на гэта, яму неўласьціва было пачуцьцё фанабэрыі. Ён быў чалавекам незвычайна сьціплым і адначасова вельмі дасьціпным. Умеў заўсёды трапна і некалькімі словамі спыніць плынь словаў і балбатню сваіх апанэнтаў. Цудоўнае эрудыцыі чалавек, ён меў над імі вялікую інтэлектуальную перавагу, а яго бліскучы розум абяззбройваў крытыкаў-пасрэднасьцяў, як зь лягеру марксістаў, так і каталіцкіх інтэгрыстаў. Адносна першых і другіх Тышнэр быў дысыдэнтам. Можа, менавіта таму ён так і ня здолеў дасягнуць вялікіх пасадаў і ляўраў.

Але, нягледзячы на гэта, менавіта Ян Павал ІІ любіў часта запрашаць да сябе і слухаць, сьпярша ў Кракаве, потым у Ватыкане, «шараговага» ксяндза Юзафа Тышнэра ў пошуках падтрымкі і натхненьня для сваёй пастырскай актыўнасьці.

З прычыны філязофскіх захапленьняў яго запрашаюць на зьезд «Салідарнасьці», які адбыўся ў 1981 годзе, і, нечакана для самога сябе, ён становіцца духоўным лідэрам «Салідарнасьці». Пасьля ўвядзеньня вайсковага становішча, не шкадуючы сваіх сілаў і працы, ён заклікаў да мужнасьці і захаваньня надзеі. На аснове цыклю ягоных лекцыяў была выдадзеная кніга «Этыка Салідарнасьці», якая для многіх дзеячоў, якія былі за кратамі, зьяўлялася духоўным і інтэлектуальным апірышчам у цяжкі час.

І калі мы, усхваляваныя студэнты, прыходзілі да яго ў 1982 годзе з пытаньнем «што рабіць?», ён вымаў запыленыя асобнікі кніг Норвіда і пераконваў нас, што ў Польшчы адбываюцца незвычайныя падзеі менавіта таму, што яна мае глыбокія традыцыі грамадзкай думкі. Патрыятызм Тышнэра ўпісаўся ў даўнія традыцыі польскай палітычнай думкі ХІХ і ХХ ст. Ён рабіў стаўку на мысьленьне, а не на неабачлівае дзеяньне, якое ўжо неаднойчы прыводзіла палякаў да безнадзейнасьці і «сармацкай мэлянхоліі».

Заслугай Тышнэра для Польшчы было тое, што ён падняў статус рэгіёнаў і правінцыі. Ён заўсёды ганарыўся тым, што зьяўляецца горцам («гуралем»). Паходзіў зь беднай сям’і вясковага настаўніка на Падгалі. Ідэальна размаўляў на дыялекце горцаў, лічыў яго «высокай мовай». Ягоная «Гісторыя філязофіі па-гуральску» стала ў апошнія гады бэстсэлерам для чытачоў. А горцы абіралі яго сваім ганаровым старшынём у некалькіх рэгіянальных арганізацыях.

Калі паміраючага ад раку гартані наведала дэлегацыя ад Прэзыдэнта, каб уручыць яму самую высокую польскую ўзнагароду — Ордэн Белага Арла, ня маючы магчымасьці размаўляць, ён піша на паперы: «Ня шмат вам скажу, бо вучуся размаўляць наноў, але лягчэй за ўсё мне даецца гуральская лаянка». У лякарні наведаў яго таксама Папа пад час свайго леташняга візыту ў Польшчу.

Ягоная хвароба — гэта прынясеньне сябе ў ахвяру на алтар служэньня сваім вучням, студэнтам, слухачам. Я ніколі не забуду, як ён узімку, з завязаным на шыі шалікам, прыходзіў на лекцыі. Не зьвяртаючы ўвагі на сіплы і амаль зьніклы голас, ён мужна змагаўся са сваёй хваробай і не стамляўся распавядаць нам пра тое, што не заўсёды можна было прачытаць у самых разумных кнігах. Непасрэдную перадачу ведаў, дыялёг са сваімі вучнямі лічыў самай лепшай формай, каб падзяліцца сваімі ведамі і досьведам.

Пакінуў пасьля сябе дзясяткі кніг, сотні артыкулаў, тысячы вучняў і прыхільнікаў. Але, найперш, ён пакінуў пасьля сябе надзею, што не прагрэс і рэвалюцыі зьмяняюць сьвет, а сіла чалавечай дабрыні.

Марыюш Машкевіч