Падзьвіжнікі
Калі надзяваеш ласты і маску і даеш нырца ў цёмныя воды возера Балдук, цябе яшчэ не пакідае думка пра тое, што глыбіня гэтага возера — 40 мэтраў. Дно, парослае дзівоснымі расьлінамі, можна разглядаць, як у тэлевізары. Крыху вусьцішна робіцца ад таго, што яно такое стромае, так імкліва зьбягае ўніз і губляецца там у цемры вазёрнае глыбізны. Вось бы сюды з батыскафам! — адгукаецца ў табе прага пазнаньня. Што там можа быць, на сарака мэтрах? Якія-небудзь затанулыя чаўны, вайсковыя дасьпехі прамінулых часоў, сьведчаньні гісторыі. Нарэшце трэцяя думка, якая ўспрымаецца табою як адкрыцьцё — гэтае падводнае царства, поўнае таямніцаў і свайго неперапыннага жыцьця — гэта таксама Беларусь.
Ужо на беразе, малюючы сабе ва ўяўленьні мапу краіны, ты думаеш пра тое, якую тэрыторыю займае яна — падводная Беларусь? Тысячы азёраў і рэк... Сюды ж дадаем непралазныя балоты і лясныя чашчобы, дзе жывуць сваім адасобленым жыцьцём усе гэтыя нябачныя воку тысячы ласёў, ваўкоў, барсукоў... Словам, усё, дзе не бывае, не гаспадарыць чалавек. Пасьля невялікае дыскусіі зь сябрамі пагаджаемся, што гэта можа быць і трэцяя частка. Краіна, у якой мы жывем і не жывем адначасова. Краіна, якая таксама носіць найменьне Беларусь, але існуе па-за грамадзкімі дачыненьнямі ды парадкамі, што завялі людзі. Краіна-анклаў. Зрэшты, зь ейнага гледзішча гэта якраз мы на сваіх цывілізацыйных выспах — анклаў. Калі б мы разумелі гэта, бадай, зусім іншым было б і наша стаўленьне да гэтае краіны, дзе мы, аказваецца, ня поўныя гаспадары і дзе далёка ня ўсё існуе ў адпаведнасьці з законам.
Разьвіваючы гэтую думку, абавязкова прыйдзеш да высновы, што і ў чалавечым грамадзтве ў Беларусі сытуацыя падобная. Мы тут ламаем дзіды на менскіх вуліцах, часта не падазраючы, што адначасова з намі існуе паралельная Беларусь, свая планіда са сваёй лёгікай і сваімі парадкамі. Да прыкладу, тыдзень таму па ўсёй краіне ішлі пілігрымы. Іхны пешы маршрут — да Будслава, дзе ўшаноўваюць сьвяты абраз Маці Божай Будслаўскай. Не вар’яты-фанатыкі, а людзі паспалітыя, ідуць-пяюць, зьдзяйсьняюць свой подзьвіг. Ідуць ажно з Гомеля, а гэта з паўтысячы кілямэтраў! У гэтых шлях займае два тыдні. Ёсьць такія, што ўвесь шлях ідуць на каленях. Вось бы ўзьняцца ў паветра, ды пабачыць, як па беларускіх дарогах імкнуць гэтыя чалавечыя ручаіны. Каб ацаніць аб’ём гэтае энэргіі, што рэалізуецца ў паралельнай Беларусі. Менавіта там сканцэнтравалася ці ня ўсё беларускае сучаснае падзьвіжніцтва, якое пакінула анэмічнае цела Беларусі гэтай — сацыяльнай, культурнай, эканамічнай.
Раней беларускія вернікі за самы вялікі аб’ект свайго паломніцтва мелі Вострую Браму ў Вільні. Але цяпер сьвятыню адрэзала мяжа. І пілігрымы ходзяць у Будслаў. Наколькі мы ў гэтым сэнсе прагрэсуем, можна ацаніць, параўноўваючы сёньняшні дзень і старую гісторыю, калі ў Беларусі паломніцтва было ніяк ня меншым, даходзілі ажно да Ерусаліму. Хрэстаматыйныя прыклады пілігрымак Эўфрасіні Полацкай або Мікалая Радзівіла Сіроткі пацьвярджаюць гэта. Цяпер жа непераадольныя межы гэтую масавую зьяву сканцэнтравалі на тэрыторыі краіны.
Ксёндз Шуткевіч скардзіцца, што беларусы ня хочуць утрымліваць свой беларускі віленскі касьцёл. Магчыма, і тут праблема — у дачыненьнях дзьвюх паралельных Беларусяў. Беларусь духоўная зьдзяйсьняе подзьвіг і апэлюе да Беларусі сацыяльнай, нацыянальнай — па матэрыяльную падтрымку. А тая перажывае стан анэміі і абыякавасьці да ўсяго на сьвеце і таму адказвае маўчаньнем.
Такім чынам, Беларусь падзялілася на два паралельныя сьветы. Адзін, фасадны, жыве мімалётнымі палітычнымі ды сацыяльнымі праблемамі, вяртаецца ў СССР або пратэстуе супраць гэткага вяртаньня, змагаецца за незалежнасьць і супраць яе, вырашае, ісьці ці ня йсьці на восеньскія выбары ў парлямэнт. А другі жыве адно вечнасьцю і выратаваньнем душы. Хвалі часу перакочваюцца над ягонаю галавою, не зьмяняючы сутнасьці, бо надта ж яна глыбокая. Нібы тое возера Балдук, дно якога вядзе на саракамэтровую глыбіню. Спакусьліва нырнуць туды, у самую пучыну. Але ў самую не атрымаецца. Ад вялікага ціску можа лопнуць галава. Да такіх нырцаваньняў трэба прывучаць сябе штодзённа на працягу многіх гадоў. Магчыма, нават усё жыцьцё.
Сяргей Паўлоўскі