Пасьмяротная туга чалавека

Алена Ермаловіч абараняе добрае імя свайго бацькі

 

Чалавек жыве, ня маючы спакою. І пасьля сьмерці ў спакоі яго не пакідаюць.

Мікола Ермаловіч загінуў недарэчна і звычайна, як гінуць тысячы і тысячы людзей і як толькі можа загінуць напаўсьляпы гісторык, кінуты дажываць у бязладны і разлогі мікрагорад менскай Малінаўкі. Пайшоў з раніцы па газэты й часопісы на пошту (на паштовую скрынку ў пад’езьдзе выпісваць было немагчыма, бо кралі, а не чытаць ён як прыроджаны інтэлігент ня мог). Ішоў сьнег, пад нагамі хлюпала. Пераходзіў дарогу — шырачэзную малінаўскую магістраль. Таксіст не пасьпеў затармазіць. Міколу Ермаловіча машынаю цягнула яшчэ 25 мэтраў, галавою ён прабіў лабавое шкло.

Мэдычная мова ня знае ні слова «геній», ні слова «пакутнік». Яна апэруе іншымі выразамі: скальпаваная рана галавы, дысьлякацыя галаўнога мозгу, падвойны пералом тазу, пералом двух скабаў, пералом лыткі. Пры гэтым Мікола Ермаловіч яшчэ 12 гадзінаў быццам бы захоўваў сьвядомасьць.

Увечары ён меўся ехаць у Чырвоны касьцёл. Уначы перад здарэньнем прысьніў, што выбірае бульбу, на раніцы патэлефанаваў дачцэ ў Маладэчна. «Вельмі благі сон, — кажа ягоная дачка Алена Ермаловіч, — я прасіла яго: нікуды не хадзі сёньня». Ратаваць яго не ратавалі, нэйрахірурга ня выклікалі, кажа Алена Ермаловіч. Хто лечыць у нас у краіне 80-гадовых дзядоў зь пераломамі тазу?

На таксі ехаў хлопец 1967 году нараджэньня. «Ён прыходзіў у той дзень, калі бацька памёр, — кажа спн.Ермаловіч, — я кінулася на яго, мяне адцягнулі. Сваякі казалі мне, што як ён будзе даваць грошы на паховіны, дык бяры, але я не захацела». Пытаюся, ці знаў той хлопец, кім быў Ваш бацька? Адвакат кажа, што ведаў.

Алена Ермаловіч жахнулася, калі пачытала матэрыялы крымінальнай справы. У справе пішацца, што быццам бы ў крыві ў Міколы Ермаловіча было 1,65 праміле алькаголю — гэта ідэнтычна нібы ён быў выпіўшы паўлітра гарэлкі. Гэта яе абурыла, скаланула. Ну, няхай бы не каралі таго хлопца, няхай бы прызналі, што бацька сам вінаваты. Ну, вядома, як ён там бачыў з-за сваіх таўсьцючых шкельцаў. Але ж навошта ганьбіць чэснае імя нежывога чалавека?

Рэч у тым, што Ермаловіч зусім ня піў, ня мог сабе дазволіць пры сваім здароўі і вялізных творчых плянах. Таму й захаваў нязвыклую фізычную сілу да такіх старых гадоў, абыходзіўся без чужой дапамогі. Штораніцы, устаўшы, ён рабіў зарадку, пасьля 5 хвілінаў сядзеў у халоднай вадзе ў ваньне, абціраўся ручніком. «І па-іхнаму ён пасьля гэтага выжлукціў пляшку гарэлкі і пайшоў на пошту?» Гэты запіс у справе мог быць падроблены, — да такой высновы прыходзіш, слухаючы Алену Ермаловіч. Сапраўды, у адным дакумэнце пішуць, што алькаголю ў крыві ня знойдзена, у другім — што была зроблена проба Рапапорта, і яна паказала 1,65 праміле. «Каб зрабіць пробу Рапапорта, трэба пяць хвілінаў дыхаць у трубку. Дык гэта трэба ў кнігу рэкордаў Гінэса занесьці, калі чалавек з бацькавымі траўмамі яшчэ здольны пяць хвілінаў дыхаць ім у трубку», — кажа А.Ермаловіч. Недавер у яе выклікаюць і іншыя няўвязкі ў справе: у адным месцы піша, што машына ехала з хуткасьцю 60 км у гадзіну, у другім — 45—50 і г.д.

У тое, што Мікола Ермаловіч мог быць п’яны, ня вераць і людзі, якія хоць колькі яго ведалі. Плякатыст Уладзімер Крукоўскі кажа, што Ермаловіч ня піў ані, ён нават не пачаставаў сп.Крукоўскага кілішкам, калі той браў апошняе інтэрвію ў гісторыка, хоць так вядзецца між сябрамі, што Ермаловіч быў унікальны ў сэнсе цьвярозасьці чалавек. Праваабарончы камітэт «Вясна-96» даручыў адвакату Сяргею Цурку дапамагчы Алене Ермаловіч у абароне імя свайго бацькі.

Маладому таксісту ня хочацца сядаць у турму з-за здарэньня. І сябры ягоныя хочуць яго выратаваць.

Дык што, усё ж фальсыфікацыя дакумэнтаў?

Што цяпер дакажаш? Мэдычныя дакумэнты супярэчаць самі сабе, ДАІшныя таксама. Вядома, у нас у краіне ўсюды людзі, і нікому ня трэба тлумачыць, што статыстыка ў нас шмат дзе вялася й вядзецца паводле пляну, а не рэальнасьці. А з гэтага згары кіраванага падлогу ўсё разлажэньне й пачынаецца. Будзеш расьсьледаваць, дакажаш хіба брыдкасьць сыстэмы, у якой усё можна падрабіць, усё перапісаць, быццам тую гісторыю, за ўдумлівае і дзёрзкае дасьледаваньне якой так баяліся Міколы Ермаловіча старыя і новыя ўлады.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0