Мамабук з Маладэчна

 

Нядаўна пазванiла знаёмая тэатралка, каб падзялiцца сваёю радасьцю ад чарговай скандальнай прэм’еры на «Вольнай сцэне», што адбылася дваццаць дзявятага чэрвеня. Казала, што я шмат чаго згубiў, не пабачыўшы новую пастаноўку Валерыя Мазынскага «Прынц Мамабук» паводле новай п’есы Аляксея Дударава. Што яна даўно так не сьмяялася, што ў пастаноўцы безьлiч падколаў пра сёньняшнюю ўладу i, самае цiкавае, што я наўрад цi ўжо пабачу гэты спэктакаль. Мiнкульт забаранiў апальнаму тэатру граць новую пастаноўку. Аргумэнтаваўшы сваё рашэньне тым, што дзяржава на гэткае вiдовiшча нi капейкi не дала, сродкi тэатар знайшоў сам, вось хай сам i грае камэдыю дзе заўгодна, толькi не на дзяржаўнай сцэне.

Вось чаму, убачыўшы знаёмую назву на афiшы Маладачанскага тэатру, якi прывез падзiвiць сталiцу менавiта гэтым спэктаклем, я ахвяраваў джазавым вечарам памяцi Армстранга і падаўся ў ДК МТЗ. Дачасна пагадзiўшыся з самадзейным узроўнем заштатных артыстаў i спадзеючыся толькi на тое, што спэктакаль не адменяць з-за нецiкавасьцi сталiчнай публiкi да трактаразаводзкiх падмосткаў. Зрэшты, тым больш прыемна было асудзiць сябе за неабгрунтаваны сталічны снабiзм.

Маладачанцы парадавалi якраз прафэсiяналiзмам i жывым сцэнiчным куражом, безь якога нiякiя камэдыi ня сьмешныя. Думаю, нiводзiн глядач, а iх у немалой залi сабралася шмат больш за палову, не застаўся расчараваны дудараўскай пародыяй на кандовы тэлесэрыял.

У рэспублiку Бусярось з афiцыйным вiзытам з афрыканскага каралеўства (чорт пабірай, забыўся назву... Ну, напрыклад, Драбадан) прыбывае ягоны кароль Мамабук Першы. Сустракаць высокага афрыканскага госьця й махаць драбаданаўскiм зялёна-чырвоным сьцягам клiчуць бусяросца Калюню. Але Калюня нават не здагадваецца, чыя кроў цячэ ў ягоных жылах, i чый сьцяг за абяцаную ўладамi выпiўку ён нядбайна ўзяў у рукi. Аказваецца, ягоная мацi, што сёньня прадае бананы, а яшчэ нядаўна была настаўнiцай, дваццаць адзiн год таму назад была ў камандыроўцы ў далёкiм Драбадане. Дзе вучыла маленькiх драбаданцаў геаграфii. I закахаўся ў яе адзiн вучань... Зрэшты, ня буду пераказваць звышзахапляльны сюжэт. Скажу толькi адно — падчас антракту права пакiнуць залю не скарыстаў нiводзiн глядач. Дарэчы, асноўную частку публiкi складала моладзь. Якая бурна рэагавала на некаторыя рэплiкi, датычныя адзiнага прыдуркаватага пэрсанажа ўсёй п’есы, якi так нi разу й не паказаўся — Галоўнага Старшынi Рэспублiкi Бусярось.

Пара прыблiзных дыялёгаў. Кароль Мамабук, прачынаючыся ў сваiм пасольстве, пытацца ў пасла: «А нашто я сюды прыляцеў?» Той: «Мiждзяржаўны дагавор аб дружбе падпiсваць». «А ён нам патрэбны?» «Не». «А iм?» «Не». «Дык нашто мы прыехалi?» «А да iх суседзi езьдзiць ня хочуць». «А Старшыня, можа, разумее па-драбаданску?» «Да Вы што! Ён i сваёй мовы ня ведае».

Але быў у залi сярод задаволенай публiкi адзiн самы ўдзячны глядач. Ён сядзеў якраз за мною, i сваiм заразьлiвым сьмехам ствараў для мяне стэрэаэфэкт дзеi. Гэта быў аўтар п’есы, сам Аляксей Ануфрыевiч Дудараў. Генiяльны кан’юнктуршчык, у добрым сэнсе гэтага слова, ён добра ўгадвае — якi тэатар калi патрэбны. Вiтаўтавага нашчадка мы ў 96-м не дачакалiся, настаў зорны час для Мамабука. I дарэмна, здаецца мне, наракае на родны Мiнкульт рэжысэр Мазынскi. Нават у эпоху ўсеагульнай кампутарызацыi ды Iнтэрнэту гэтая кантора ня можа iснаваць без апальнага раздражняльнiка. Iм дазарэзу патрэбная «Таганка». Выбар паў на «Вольную сцэну». Беларускамоўныя, маладыя, хулiганiстыя. А тое, што пастаноўку Мазынскага мы ўсё ж пабачым увосень, я не сумняваюся. Таганку ж трэба ўвесь час за нешта цкаваць, прымушаць нешта дапрацоўваць, шукаць у тэксьце крамолы. Таму будзем чакаць сустрэчы зь менскiм Мамабукам.

Глядач