Дыскаграфія

 

Я ДЗЕВАЧКА З ПЛЭЕРАМ...

«Нам с тобою было super». Група «Леприконсы». (р) «Союз», 2000.

Вось калі б мне зараз было гадочкаў з чатырнаццаць-пятнаццаць, і быў бы я да таго ж дзяўчынкай, і калі б я выкінула ўсе свае тамагочы, і бегала б у школку на дыскатэкі, калі б мне маці падарыла аўдыёплэер і не забылася пры гэтым растлумачыць, скуль насамрэч дзеці бяруцца, тады б я напэўна набыла гэты альбом і была б шчасьлівая роўна ў той самай ступені, калі бачу настаўніка гісторыі (фізкультуры, астраноміі), у якога, як і ўсе дзяўчынкі клясы, я безнадзейна закаханая...

Тады б і Ільля Міцько быў бы маім ідалам. Я б клеіла на сьценкі ягоныя каляровыя адбіткі. Трызьніла б ім па начох і не зьвяртала ўвагі на недарэчныя жэсты маці. Ну, што з таго, што яна круціць пальцам ля скроні?! Усё адно: Леприконсы — гэта супэр! Не — Super!

Мяне не калыша, што ў Багдановіча вершы, а Агінскі — кампазытар. Агінскі даўно памёр. А Ільля — вось ён, Super! І ўсе іншыя Леприконсы — адвальныя хлопцы. Што, Агінскага па тэлевізары паказвалі? А гэтых — ці не штодня! Ім усяго толькі крышачку больш гадоў чым мне, а яны ўжо добра ведаюць, скуль дзеткі бяруцца: пакатаў тую разы з два на «Халі-галі» — і маеш наступствы: вакуум.

А што той вакуум? Усяго толькі клопату, каб маці з кляснай не дазналіся... Сплюнуў — і гатова! Зноў слухаўкі пачапіла, і на ўрок алгебры. Супэр! І няхай матэматычка злосная, як паратрупэр, — яна ўсяго толькі стомленая жыцьцём ды нявыплатай заробку жанчына. А я вось маладая ды поўная сілаў. Зэмфіра — мой Бэтховэн. Леприконсы — музыка майго руху. Розуму — таксама.

Праўда, сястра старэйшая кажа, што зь ёй тое самае некалі было. Толькі не Міцько, а Дытэр Болен нейкі. А цяпер сястра з двума дзеткамі на руках, маленькай зарплатай, бяз мужа і кватэры. Уся поп-музыка яе — гімн БССР а шостай раніцы. Слухае яго і шэпча сабе пад нос. Ну, і няхай сабе! А я, між тым, у навушніках, як у прэзэрватыве, адцягваюся. Я ж зь іхнага пакаленьня, зь Леприконсов.

Цяперака ж усе слухаюць выключна «Лепразорцаў» і іх альбом «Я з табой удавіўся гот-здохам». Між іншым, кампазытарам у той групе — сын Ільлі Міцько. Яму ўсяго толькі дзевяць, а які ён ужо таленавіты, які сэксі!»

Дарэчы, а хто такія лепрыконсы?

Ле-прыкончаны СЛУХАЧ

 

АЛЕСЯ І КАСТУСЬ

«Александра и Константин». (р) 2000. Дэманстрацыйны CD.

Як вы наконт таго, што ў Барысаве любяць пасьпяваць папулярныя джазавыя мэлёдыі? Я дык асабіста ня супраць, калі кавэр-вэрсія джазавага гіту Dream a Little Dream Of Me робіцца адметна, ненавязьліва ды з густам. Асаблівасьць жа выкананьня ў тым, што ўвогуле біг-бэндавы шлягер увасоблены толькі голасам Аляксандры Кірсанавай ды гітарай Канстанціна Драпезы. Гэткі камэрны джазік — тонкі і інтэлігентны.

Упершыню гэты дуэт засьвяціўся ў Менску, бадай, гады з тры таму на адной вечарыне ў блюзавым «Стар-клюбе». Спадабаліся барысаўцы адразу: Аляксандра мае моцны, фірмовы голас, сьпявае свабодна, бяз звыклага эстраднага віску, вельмі добра «здымаючы» заходнія шлягеры кантры, блюзу ды наагул папулярнае музыкі. Да таго ж мае выгляд такой мініятурнай Долі Партан. Канстанцін жа — умелы работнік, ашчадны акампаніятар. І хоць «здымаць» заходнія гіты апошнім часам добра налаўчыліся многія (няхай іншыя мовяць — зоркі), Аляксандра валодае здольнасьцю прыўносіць у іх уласную манеру, робячы чужыя творы ледзь ня ўласным здабыткам.

Запісы на гэтым дыску з тэхнічнага боку ня вельмі ўдалыя. Але сёлета, пераканаўча выступіўшы ў Магілёве ў фінале тэлевізійнай «Зорнай ростані», барысаўцы атрымалі ці не найбольш каштоўны прыз — не тэлевізар «Віцязь», а паўнавартасныя 100 гадзінаў працы ў студыі гуказапісу Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Гэта значыць, мы атрымаем магчымасьць дачакацца сёлета іхнага сапраўднага дэбютнага альбому.

Гэтае ж дэма адметнае перш за ўсё вельмі цікавай вэрсіяй старадаўняга беларускага напеву «Ой, арол, ты арол...» Калі вяртацца да альбому «Новая альтэрнатыва», дык гэтая песьня была б там вельмі дарэчы, дзякуючы арыгінальнаму аранжаваньню, адметнай манеры выкананьня і дзівоснай перадачы глыбіннага ўнутранага зьместу напеву. Праз гэта дуэт «Александра и Константин» па духу становіцца недзе побач з этна-трыо «Тройца».

Дай Бог, каб ім плённа «капалася» і надалей менавіта на гэтых музычных сотках. Бо прасторы штата Арызона ўзараныя даўно і глыбока, а на нашых жа «няўдобіцах» яшчэ можна зьняць неблагія ўраджаі. Даеш беларускае кантры бяз скідак на неспрыяльныя атмасфэрныя ўмовы!

Арліны СЛУХАЧ

 

НЕАХАЙНЫ СЬЦЁБ

«Уваход вольны». Група «Цмокі». (р) 2000.

Назва альбому — гжэчная такая. Маўляў, заходзь сюды кожны, калі маеш на тое ахвоту. Ну, зайшоў... Потым доўга выйсьце шукаў. Думаў, што пісаць: прыязныя пажаданьні ці праўду? Вырашыў паспрабаваць злучыць адно з другім.

 

Праўда. Калі гэты альбом — дэманстрацыйны (пра тое, прынамсі, гаворыць шэраг фактараў), дык навошта ён такі працяглы ў гучаньні? Хапіла б двух-трох опусаў, каб атрымаць поўнае ўяўленьне пра тых «Цмокаў». А атрымалася ўяўленьне такое: цудоўная мастацкая самадзейнасьць. Адно ў песьні «Цягнікі» адчуваецца спроба зрабіць нешта прадуманае. Рэшта ж песенек — неахайныя, безаблічныя прыпеўкі пад акампанэмэнт нібыта рок-гітараў. Прашу зразумець мяне правільна: статус дэбютанта ніяк не зьяўляецца абаронай ад крытыкі. Паабцершыся на тусоўках, зьведаўшы «Басовішча», але пры гэтым аніяк ня ўзьняўшы ўзроўню, учорашнія дэбютанты надзвычай хутка пачынаюць уяўляць сябе мэтрамі. І тады іх ужо не зачапі! Адразу ж стануць лісты пісаць у музычныя ці проста савецкія газэты, морды біць гатовыя. То не пра «Цмокаў», зразумела. Пакуль. А я вось што скажу: калі ты мэтар ці хоць бы паўмэтра, дык выканай пераканаўча нешта накшталт беларускага рок-стандарту «Цмок он зэ ўотэр» — і тады памяркуем, на што ты здольны як рок-музыка, ці маеш права пісаць уласныя песьні, ня горшыя за тыя стандарты.

На жаль, «Цмокам» тое пакуль яўна не пагражае. І не таму толькі, што яны дэбютанты і яшчэ недастаткова абазнаныя ў прафэсіі. І не таму, што вакаліст часта элемэнтарна не выпявае належнага — Крыс дэ Бург, напрыклад, на канцэртах, кажуць, таксама сьпявае нячыста. Але дэ Бург мае ідэю, няхай і саладжавую, бярэ ёю, а не майстэрствам сьпеваў. Вось тут і мушу перайсьці да другога пункту праграмы.

 

Прыязныя пажаданьні: калі маеш жаданьне замацавацца на рынку з уласным мастацтвам, перш чым хапацца за гітару ды ляцець у студыю, падумай, што ты хочаш зрабіць. У «Цмокаў» ідэя ёсьць, але, такое ўражаньне, удзельнікі групы яе не адчуваюць самі. Мне падалося, што яны спрабуюць стварыць гэткі вясковы сьцёб. Напачатку я быў падумаў: вёска — гэта камэрцыйна безнадзейны праект. Бо вёскі ў нас ня любяць. Гарадзкая тэматыка — рэч прынцыпова іншая і спраўджаная яшчэ «Ляпісамі». Зь іншага боку, калі б «Цмокі» паставілі сабе мэту зрабіцца гэткімі вясковымі «Леприконсами», іх напэўна чакаў бы плён. Камэрцыйны, дарэчы, таксама. Для гэтага «Цмокі» мусяць кінуць спробы жартаваць, бо жарты ўсё адно ня надта атрымліваюцца, а сьпяваць згодна з прынцыпам «што бачу», рэзка спрасьціць аранжаваньні, злагодзіць гук, пры гэтым максымальна адгабляваўшы яго да ўзроўню твораў музыкі, якія можна прадаць. Бо іграць неахайна — проста. Іграць жа проста — надзвычай складана. Імітаваньне даступнасьці таго, што ты робіш, прымітыву — справа тонкая, якая вымагае не абы-якога майстэрства. «Леприконсы», дарэчы, ня прыклад: іх прымітывізм неасэнсаваны, ён прыродны, а таму майстрамі ім зрабіцца будзе вельмі няпроста.

Зыходзячы з уласнае назвы, «Цмокі», сустрэўшы дасьведчанага, разумнага прад’юсэра, могуць паспрабаваць заняць уласную палічку і зарабіць: на кішэню і аўтарытэт адначасова. А для гэтага трэба вучыцца, вучыцца ды вучыцца, як завяшчаў нам адзін вялікі Цмок. Як тое ні банальна гучыць...

Дзякуй, я скончыў.

(Гэтыя нататкі — фрагмэнт лекцыі аўтара «Уплыў ідэалёгіі нелегітымнае ўлады на прагрэсіўны рокавы ля-мінор», прачытанай у Вышэйшай музычнай вучэльні Бэрклі-скул сёлета ўвесну).

ЦМУКАЧ, магістар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0