Кароткія апавяданьні

 

Блыха

Курт Тухольскі

У правінцыі дзю Гар — абсалютна правільна, там, дзе знаходзяцца Нім і Пон-дзю-Гар, у Паўднёвай Францыі — там у паштовым бюро сядзела за служку адна надта сталага веку дзеўка. Мела яна дрэнную звычку — адчыняла крыху лісты і чытала іх сабе. Гэта ведаў увесь сьвет. Але, як гэта вядзецца ў Францыі, кансьержка, тэлефон і пошта — гэта сьвятыя ўстановы, іх можна ўжо неяк там трохі зачапіць, але надта чапляць іх нельга, і гэтага ня робіць аніхто.

Такім чынам, векавуха чытала лісты і сваёй нясьціпласьцю прыносіла людзям такія-сякія турботы.

У правінцыі дзю Гар у прыгожым замку жыў адзін разумны граф. Графы ў Францыі іншым разам бываюць разумныя. І гэты граф зрабіў аднаго дня наступнае: ён запрасіў да сябе ў замак судовага выканаўцу і ў ягонай прысутнасьці напісаў да свайго сябра наступны ліст:

«Дарагі сябра!

З тае прычыны, што, як я ведаю, паштовая служка Эмілі Дзюпон увесь час адчыняе нашыя лісты і чытае, бо аж лопае ад цікаўнасьці, я далучаю да гэтага тэксту, каб пакласьці канец выхадкам азначанай асобы, жывую блыху.

З шматлікімі зычлівымі прывітаньнямі,

граф Кокс».

І ён заклеіў гэты ліст у прысутнасьці судовага выканаўцы. Але, акрамя гэтай цыдулкі, не паклаў у канвэрт нічога. Калі ліст быў атрыманы, у ім сядзела блыха.

 

Выпадзеньне ў цяперашні час

Эрнст Блох

На гэтае «тут і цяпер» можна выйсьці найдзіўным чынам, яно ніколі не бывае ад нас далёка. Ведаю я адну кароткую, амаль прымітыўную ўсходнежыдоўскую прыпавесьць, у якой адно што канец дык вось неяк расчароўвае. Яе канец — гэта, пэўна, досьціп, даволі каструбаваты і цьмяны, невясёлы, але ўсё ж такі досьціп, сэнс якога ў тым, каб засыпаць яму, у якую вы ўпалі. Яма — гэта наш ЦЯПЕРАШНІ ЧАС, у якім мы ўсе знаходзімся і ад якога ня збавіцца з дапамогай аповедаў, хоць гэтак якраз і спрабуюць найчасьцей ратавацца.

Навучаньне і працяглыя дыспуты стамілі ўсіх жыдоў у местачковай сынагозе, і яны ўзяліся абмяркоўваць, што кожны зь іх зажадаў бы сабе, калі б зьявіўся анёл. Рабі сказаў, што яго задаволіла б ужо адно, каб анёл дапамог яму пазбыцца свайго кашлю. А я папрасіў бы, сказаў другі, каб мая дачка ажанілася. А я, усклікнуў трэці, не схацеў бы зусім аніякіх дачок, а папрасіў бы сына, які ўзяў бы ў спадчыну мой інтэрас. Нарэшце рабі зьвярнуўся да жабрака, які прыбіўся да кагалу ўчора ўвечары і сядзеў цяпер, занядбаны, у рызманах, на апошняй лаўцы. «Што б пажадаў ты сабе, мой дарагі? Богу скаргу скласьці варта, што не выглядаеш ты на чалавека без жаданьняў». — «Я хацеў бы, — азваўся жабрак, — каб я быў магутным каралём і каб у мяне была вялікая краіна. Каб я ў кожным горадзе меў палац і каб у найпрыгажэйшым горадзе была ў мяне рэзыдэнцыя з оніксу, сандалу і мармуру. Там я сядзеў бы на троне, мае ворагі трымцелі б ад страху перад мной, а мой народ любіў бы мяне, як калісь караля Саламона. Але ў вайне ня меў бы я шчасьця, што меў Саламон; у краіну ўрываецца вораг, маё войска церпіць паразу, а ўсе гарады і лясы сплываюць полымем. Вораг ужо стаіць перад маёй рэзыдэнцыяй, я чую крыкі панікі на вуліцах і сяджу ў троннай залі сам адзін, з каронай, скіпэтрам, у пурпуровай мантыі з гарнастаевым рантам, пакінуты ўсімі дастойнікамі, і чую, як народ патрабуе маёй крыві. Тут я распранаюся да сподняга і скідваю зь сябе ўсё прыгоства, саскокваю праз вакно на двор. Іду праз горад, тлумам, потым вольным полем і бягу, бягу праз спустошаную маю краіну, бягу дзеля ўласнага выратаваньня. Дзесяць дзён бягу да мяжы, дзе мяне ніхто ня ведае, і пераходжу на гэты бок, да другіх людзей, якія нічога пра мяне ня ведаюць, нічога ад мяне ня хочуць, — і вось я выратаваны, і з учорашняга вечара я сяджу тут». — Доўжыцца паўза, адчуваецца шок, жабрак ускочыў, рабі глядзіць на яго. «Мушу сказаць, — прамовіў павольна рабі, — мушу сказаць, што ты дзіўны чалавек. Навошта ты жадаеш сабе гэтага ўсяго, — жадаеш, каб страціць? Што табе тады ад твайго багацьця і ўсёй прыгажосьці?» — «Рабі, — адказаў жабрак, сядаючы, — нешта мне ўсё ж засталося б. Сподняе». Тут жыды пачалі сьмяяцца, круціць галовамі, падаравалі жабраку споднюю кашулю і так вось зьнялі няёмкасьць ад гэтага дзіўнага цяперашняга часу ў якасьці канца пажаданьня альбо канца пажаданьня ў якасьці цяперашняга часу ў фразе «з учорашняга вечара я сяджу тут», ад гэтага прарыву быцьця тут, пасярод мрояў. У моўным афармленьні гэта выглядала як раптоўны пераход ад пажадальнага ладу, у якім ён пачынае, праз умоўны і абвесны лад і, раптам, да цяперашняга часу. Слухачу крыху казыча мароз па сьпіне, калі ён апынаецца там, дзе ён ёсьць. Такі інтэрас не наважыцца ўзяць у спадчыну ніводзін сын.

 

Сьнег у Халме

Ісак Башэвіс ЗЫНГЕР

Холм быў вёскай, поўнай дурняў, маладых і старых. Аднэй начы адзін запрыкмеціў, як месяц адбіваецца ў бочцы з вадой. Усе падумалі, што ён туды ўпаў. Бочку моцна замкнулі, каб месяц ня мог адтуль вызваліцца. Калі наступным ранкам бочку адчынілі, месяца там больш не было. Вяскоўцы былі перакананыя, што яго скралі. Яны выклікалі паліцыю, а калі тая не змагла знайсьці злодзея, дык яны плакалі й лямантавалі.

Самымі слыннымі з холмскіх дурняў былі сямёра старэйшынаў. Яны былі найстарэйшымі й найдурнейшымі ў вёсцы, таму вёскай і кіравалі. У іх былі белыя бароды і ад няспыннага роздуму зусім высокія лбы. Аднойчы, дзесьці пад хануку, бесьперапынку ішоў сьнег. Сьнег пакрыў Холм, як срэбны абрус. Сьвяціў месяц, мігцелі зоры, і сьнег іскрыўся, бы пэрліны і дыямэнты. Старэйшыны ў гэты вечар сядзелі, задумаўшыся, наморшчыўшы лбы. Вёсцы тэрмінова патрэбныя былі грошы, а яны ня ведалі, адкуль іх узяць. Раптам Гронэм Старшы Дурань, ён жа найстарэйшы з усіх, усклікнуў:

«Сьнег — гэта срэбра!»

«Я бачу ў сьнезе пэрліны!» — усьцешыўся другі.

«А я бачу дыямэнты!» — гукнуў трэці.

Старэйшынам вёскі стала зразумела, што зь неба ўпаў скарб. Але тут іншы клопат. Халмчакі падахвоціліся хадзіць па вуліцы, і напэўна скарб хутка быў бы растаптаны. Што тут можна было парадзіць?

Дурному Тодару прыйшла ў галаву думка.

«Давайце пашлем вестуна, які будзе стукаць ува ўсе вокны і казаць людзям, каб яны заставаліся дома, пакуль мы не пазьбіраем усё срэбра, пэрліны і дыямэнты».

Нейкую хвіліну старэйшыны сядзелі задаволеныя. Яны аж рукі цёрлі ад захапленьня. Але тут Лекіш Прыдурак заклапочана ўсклікнуў: «Дык жа кур’ер сам будзе таптаць скарб!»

Старэйшыны прызналі за ім рацыю. Напружана моршчылі яны свае высокія лбы ў пошуках вырашэньня праблемы.

«Знаю!» — выгукнуў Шмэрль Вол.

«Ну, то кажы ўжо», — папрасілі старэйшыны.

«Кур’еру нельга ісьці пёхам. Трэба несьці яго на стале, каб ягоныя ногі не датыкаліся да каштоўнага сьнегу».

Усе былі ў захапленьні ад рашэньня, прапанаванага Шмэрлем Волам. Старэйшыны пляскалі ў ладкі і нахвальвалі сваю ўласную мудрасьць.

Адразу распарадзіліся паклікаць Прастака-на-Пабягушках, хлопчыка з кухні, і паставіць яго на стол. Але каму несьці гэты стол? На шчасьце, у кухні былі на той час Дурлей Кухар, Міхалап Абіральшчык Бульбы, Драч Мяшальнік Салаты і Гонтэль, які меў забясьпечваць кагальную кухню правізіяй. Усім чатыром было загадана падняць стол, на якім стаяў Прастак. У руцэ той трымаў кіянку, каб стукаць людзям у шыбы. Так усё гэта пачалося. Прастак лупіў у кожнае вакно калатушкай і крычаў: «Сёньня ўначы нікому нельга выходзіць з дому! Зь неба ўпаў скарб, і таптаць яго забаронена!»

Халмчакі паслухаліся сваіх старэйшынаў і ўсю ноч не выходзілі на двор. Між тым старэйшыны вёскі сядзелі і маракавалі і так, і так, што можна было б зрабіць з скарбу, пасьля таго як яго пазьбіраюць.

Дурны Тодар прапанаваў прадаць яго і набыць гуся, які нясе залатыя яйкі. Такім чынам грамада магла б займець сталую крыніцу даходу. У Лекіша Прыдурка была другая ідэя. Ці можна было б купіць акуляры, якія ўсё павялічваюць? Тады дамы, вуліцы і крамы выглядалі б большымі. Ясная рэч, калі Холм выглядаў бы большым, дык ён і быў бы большым, ня вёскай ужо, а вялікім местам. Шмат было ў іх такіх самых дасьціпных ідэяў. Пакуль яны ўзважвалі розныя свае задумкі, настала раніца і ўзышло сонца. Яны выглянулі з вакна і ўбачылі, што — во гора! — сьнег патапталі.

Патапталі яго цяжкія боты носьбітаў стала.

Старасты Халма рвалі на сабе бароды і каяліся. Мо, прыкідвалі яны, трэ было, каб чацьвёра другіх несьлі тых чатырох, што несьлі стол з Прастаком-на-Пабягушках?

Пасьля доўгага абмеркаваньня старэйшыны вырашылі, што так і зробяць, калі на наступнае сьвята ханукі зь неба зноў упадзе скарб.

Хоць вяскоўцы і пражыліся начыста, але яны спадзяваліся на наступны год і нахвальвалі сваіх старэйшынаў, на якіх заўжды можна спадзявацца, калі трэба знайсьці выйсьце зь цяжкай сытуацыі.

Пераклаў зь нямецкай Яўген Бяласін