Віктар ШНІП

Сабачыя гісторыі

 

Адзін сабака захацеў схадзіць на вуліцу пагуляць. А яму: «Сядзі ў хаце! Там Гражданы з гражданятамі ходзяць!»

Аднаму сабаку ўсё абрыдла. І ён напіўся. Ідучы па вуліцы, сустрэў Граждана і прывітаўся. А Граждан, прыйшоўшы дахаты, сабраў сямейства і ўчыніў допыт: «Хто сказаў гаў?»

Аднаму сабаку хацелася выць. А Граждан ляжаў у труне мёртвы. Прайшлі піянэры — салют Граждану! Праляцелі самалёты — салют Граждану! Прагрукацелі танкі — салют Граждану! І сказаў Граждан: «Ну што, сабака, рыхтуй Маўзалей!»

Аднаму сабаку было сумна і ён плакаў. Граждан глядзеў на сабаку празь бінокаль і сьмяяўся: «А я ў тэатар не пайду...»

У аднаго сабакі было шмат кніжак. Прыйшоў да яго ў госьці Граждан і сказаў: «Разьвялося гэтых граматных, што чэснаму чалавеку жыць няма як!»

Адзін сабака адчуваў сябе непрызнаным геніем і ня мог спаць начамі. І Граждан начамі ня спаў — ганяў па кватэры камароў і крычаў: «Хто еў з маёй талеркі?»

Па аднаго сабаку прыехала чорная «Волга». А Граждан лёг у пад’езьдзе на лесьвічнай пляцоўцы і прыкінуўся мёртвым.

Адзін сабака захацеў паглядзець на Эўропу. Купіў білет на цягнік і паехаў. А Граждан цэлы дзень па шпалах бег усьлед і крычаў: «Сволачы!»

Да аднаго сабакі прыяжджаў Кабзон. Граждан спачатку пакрыўдзіўся, але праз пару дзён, пабыўшы на сходзе паляўнічых і рыбаловаў, сказаў: «А я шчупака злавіў з залатымі зубамі».

Аднаго сабаку пафарбавалі, і ён стаў прыгожы, як лялька. Граждан не любіў фарбаваных. У яго сусед быў блакітны.

Адзін сабака залез на тэлевізійную вежу. Сядзіць на ёй і песьні ў эфір сьпявае. Зьбеглася народу. Думаюць-варожаць, што з сабакам рабіць. І тут Граждан вырашыў: «Давайце будзем яму лісты пасылаць!..»

У аднаго сабакі быў Дзень нараджэньня, і ён пайшоў у рэстаран. Але сабаку ў рэстаран не пусьцілі — якраз у гэты дзень абслугоўвалі толькі Гражданоў.

Да Шніпа прыйшоў адзін сабака і запытаўся: «Гэта ты пішаш «Сабачыя гісторыі»? — «Я». — «Ну дык зьбірайся, Картасару, Граждан цябе ўжо чытае...»

Адзін сабака пайшоў да суседа. А там ужо Граждан сядзіць на кухні і расказвае, як трэба есьці макарону.

Да аднаго сабакі ў грады ўнадзіліся куры. І што толькі сабака ні рабіў, каб іх адвадзіць ад градаў — нічога не дапамагае. Давялося выклікаць Граждана. І прыйшоў Граждан, і падушыў усе куры.

 


Ал гражданоў

 

Адзін сабака пайшоў здаваць іспыты ў вучэльню, а Граждан з прыёмнай камісіі яму кажа: «Трус не іграет в хакей».

В.Васілёнак, Менск

 

Усё жыцьцё змагаўся сабака за свабоду, а Граждан ўвесь час казаў: «Памятай, як толькi пераможаш, я цябе падтрымаю. Мы будзем разам».

«Не хадзi нікуды, не кусай нiкога, сядзi ў хаце», — заўсёды казаў Граждан сабаку.

«Я цябе кахаю», — казаў сабака дзяўчыне. «А я люблю толькi Гражданоў», — адказвала яна.

«Што ты ўмееш рабiць?» — спытаўся Граждан у сабакi. Сабака: «Уcё». Граждан: «Тады можа будзеш капаць на маёй дачы зямлю?»

Аднойчы сабака слухаў музыку. «Чаму ты слухаеш расейскiх выканаўцаў?» — спытаўся Граждан. «Грашу», — адказаў сабака.

Аднойчы два Гражданы зьбiралiся ў госьцi да трэцяга Граждана i вырашылi ўзяць з сабой сабаку. «Не кажы там пра гэта, пра гэта i гэта», — папярэджваў сабаку адзiн Граждан. «I ня пi», — дадаваў другi.

Калi на працы адзiн Граждан чытаў справаздачы цi слухаў сабаку, дык вельмi доўга рагатаў.

Увесь час на працы адзiн Граждан гуляў на кампутары. А сабака сядзеў i думаў: «Калi ўжо ты пачнеш працаваць?»

Сяргей Сеўчанка, Менск

 

Сабака паслухаўся тэлевізіі і вырашыў стаць Гражданом. Сьпіць і сьніць, што ён сапраўдны Граждан. Прачнуўся і ніяк ня можа зразумець, ці то ён Граждан, які сьніць сабаку, ці то ён сабака, які сьніць Граждана.

Сабака хацеў разбагацець. Пайшоў па параду да Граждана, а той кажа: «Крадзі!» Той жа ноччу ўлез сабака ў суседзкую хату, але яго злавілі і ледзь не забілі.

Сабака наведаў пэўную інфармацыйную імпрэзу, пасьля якой за ім увязаўся нейкі Граждан. Здаровы, як бык, але злапаць сабаку ніяк ня зможа.

Геранім Цэлюсь, Менск