Тыдзень нашага жыцьця

Краіна ўраганаў

 

Прэзыдэнцкая адміністрацыя прысьвяціла тыдзень змаганьню з прафсаюзамі. На замежнапалітычным фронце У.Ярмошын і Ў.Замяталін адбівалі нападкі генсэка Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафзьвязаў Біла Джордана, што прыляцеў у краіну ў адказ на скаргу беларускіх прафзьвязаў. Скарга была накіраваная ў МКСП, МКСП забіла трывогу, першы на яе адгукнуўся Біл Клінтан, пазбавіўшы Беларусь рэжыму гандлёвых прэфэрэнцыяў. У.Замяталін сьцьвярджаў, што Беларусь — адна з самых дэмакратычных у Эўропе краінаў. Прафсаюзны бос гэтым завярэньням не паверыў і прыгразіў, што, калі ўрад будзе працягваць наступ на правы працоўных, МКСП будзе заклікаць і Эўропу ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Адзіны фронт змаганьня з лукашызмам падтрымаў і кіраўнік афіцыйных расейскіх прафсаюзаў В.Шмакаў. «Трэба зрабіць усё, каб беларуская зараза не перакінулася на Расею. Я буду гаварыць пра гэта на сустрэчы з У.Пуціным», — заявіў ён.

Баяцца прафсаюзаў — бо мусілі зноў узьняць камунальныя тарыфы, на гэты раз аж да 50%.

Абвешчана пра новыя прызначэньні: нездаровага міністра сельскай гаспадаркі Ю.Мароза зьмяніў ягоны намесьнік Вадзім Папоў, на пасаду віцэ-прэм’ера вярнуўся рэктар Політэхнічнай акадэміі Міхаіл Дзямчук, у чарнобыльскім міністэрстве І.Кеніка зьмяніў Уладзімер Цалко, а ў Брытаніі пасла У.Шчаснага — Валер Садоха.

Дата выбараў у «палату» абвешчаная — 15 кастрычніка, але няясна, ці трэ будуць каму тыя выбары.

Уступныя іспыты ў ВНУ выявілі, што кожны пяты абітурыент-мэдаліст ня толькі што пяцёркі не пацьвярджае, а ўвогуле пралятае на «два балы».

Газэта «Звязда» ў сваім суботнім нумары распавяла аб працягу гісторыі змаганьня электрамэханіка «Белаэранавігацыі» Ўладзімера Плаксы за права карыстацца беларускай мовай на працы. Гісторыя, лічы, бясконцая, як і праблема...

У Косаве альбанцы па ўсім краі ставяць помнікі ахвярам змаганьня за незалежнасьць супраць югаслаўскага прыгнёту. Помнікі гэтыя ўвекавечваюць альбанскія нацыянальныя сымбалі, а іхнае адкрыцьцё суправаджаецца балючымі ўспамінамі і — усплёскам ксэнафобіі. Сілы КФОР спрабуюць зьбіць гэтую мэмарыяльную хвалю.

На сустрэчы ў Замосьці по-льскі прэм’ер Е.Бузэк і ўкраінскі —В.Юшчанка, рэфарматар і верагодны пераемнік Кучмы, адкрылі помнік Сямёну Пятлюру, кіраўніку Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і прыхільніку альянсу Ўкраіны і Польшчы. На сустрэчы абмяркоўваліся дэталі ўдзелу краінаў у транспартаваньні касьпійскай нафты па маршруце Адэса—Броды—Гданьск. У Адэсу яна будзе паступаць з Грузіі па Чорным моры.

Буран праляцеў над Беларусяй у суботу, пакінуў 900 вёсак безь сьвятла, збольшага на Віцебшчыне, адзін чалавек загінуў. Без такіх ураганаў не абыходзіцца цяпер ніводнае лета. А сёньня зноў пахаладаньне і дождж. Апошнімі гадамі вымалёўваецца новы клі-мат Беларусі — вельмі гарачыя і сухія канец траўня-чэрвень і вельмі мокры ліпень. Людзі кажуць, што гэта Сьвяты Пятро пераблытаў, што яму людзі казалі, і папрасіў у Бога дажджу тады, калі косяць, а не тады, калі просяць.

Добры гэты холад толькі тым, хто на Нарачы адпачывае. Бо на Нарачы так і так нельга плаваць — вада там заражаная шыстаматоідным цэркарыёзам, які пераносяць крыжанкі і малюскі, і ад якога часотка нападае.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0