Шукелойць

 

Антон Шукелойць нарадзіўся 19 ліпеня 1915 году ў сям’і Антона і Бэнэдэты зь Пецюкевічаў у вёсцы Якелеўшчына Жупранскай парафіі Ашмянскага павету Віленскай губэрні. Бацька ягоны меў гаспадарку і гандляваў лесам. У 1939 годзе Антон закончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Быўшы вучнем гімназіі, належаў да беларускага гуртку сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў ведамы адвакат Аляксандар Барановіч, а ў часе ўнівэрсытэцкіх студыяў — да групы студэнтаў, якая выдавала часапіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалягічна набліжаны да эсэраў. Ад 1940 году быў загадчыкам аддзелу асьветы гарадзкой управы ў Ашмяне. На другі дзень нямецка-савецкай вайны яго арыштавала НКВД. Вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Ад 1944 году — на эміграцыі ў Нямеччыне, ЗША. Працаваў таваразнаўцам пры інстытуце вытворчасьці моды і ў краме вопраткі Orbakh.

Браў ён чынны ўдзел ува ўсіх пачынаньнях беларускай дыяспары, стаўся яе сапраўдным сымбалем. Як некалі ўсе эмігранты ў Злучаныя Штаты праходзілі праз браму на высьпе Эліс, гэтак усе эмігранты і госьці зь Беларусі праходзяць праз добразычлівыя і разумныя рукі спадара Антона Шукелойця.

Здароўя Вам, спадару, і нястомнасьці!

Лявон Юрэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0