Тыдзень нашага жыцьця

Лета невядомых спэцслужбаў

 

Такое ўражаньне, што мы ўсе сталі закладнікамі гульні нейкіх невядомых спэцслужбаў, што перасьледуюць не да канца нам ясныя мэты. Гісторыі Батурына і Завадзкага пужаюць: на іхным месцы можам аказацца і я, і ты...

Лейтэнант Батурын праславіўся сваімі прызнаньнямі, што ўлада спэцыяльна рыхтавала правакатараў у цывільным да леташняга Маршу Свабоды, каб здыскрэдытаваць апазыцыю. Маўляў, ён і сам быў сярод тых, хто меў падбухторваць беспарадкі. Менавіта гэтыя шпегі падпалілі пошту на вуліцы Зьмітрака Бядулі па шляху шэсьця. У меркаванае месца сутыкненьняў маршоўцаў зь сіламі спэцыяльнага прызначэньня былі загадзя адмыслова дастаўленыя паддоны з тратуарнай пліткай, а іншыя шляхі для руху калёны былі перакрытыя.

Няясна, чаму ж Батурын пра камяні паведаміў ня да, а пасьля бойкі? Маглі ж загінуць людзі! Ці мо і яны, супрацоўнікі спэцаддзелу МУС, усяго пляну правакацыі ня ведалі?

Пасьля сваіх прызнаньняў на старонках «Народнай Волі» Батурын, а таксама ягоны брат, хаваліся ў Менску, каб потым сакрэтнымі шляхамі перабрацца ў Варшаву і папрасіць палітычнага прытулку ў ЗША. Гэтае пытаньне вырашалася станоўча. Батурыны рабілі ўражаньне людзей, заклапочаных менавіта пытаньнем эміграцыі на Захад, што было галоўным матывам іхных учынкаў. Але вось 19 ліпеня радыёстанцыя «Свабода» паведаміла, што, паводле непацьверджанай інфармацыі, Батурын зьнік з Варшавы і трапіў у Беларусь. Сам ён у той дзень зьвязаўся з братам ужо зь Беларусі, цьвердзячы, што яго выкралі, але ён здолеў уцячы. Верагодна, зьвязваўся ён ужо з амэрыканскага пасольства.

Бо ў той дзень, 19 ліпеня, Батурын зьявіўся ў пасольстве ЗША ў Беларусі, што на вуліцы Старавіленскай у Менску, паведаміўшы, што яго скралі ў Варшаве невядомыя, цягніком цераз Кіеў даставілі ў Маскву, а там быццам бы зьбіраліся забіць, але перашкодзіў шум, які ўжо ўзьняў ягоны брат у Варшаве. Тады яго павезьлі ў Менск, патрабуючы тутака публічна адмовіцца ад таго, што ён казаў пра падзеі кастрычніка, але быццам бы ў Менску на вакзале яму ўдалося зьбегчы. Пасольства неадкладна паведаміла аб гэтым у Камісію ААН па правах чалавека і ў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску. А на наступны дзень, 20 ліпеня, пасьля адпаведных кансультацыяў, пасольства паінфармавала аб месцазнаходжаньні Батурына Міністэрства замежных справаў Беларусі, прапанаваўшы дазволіць Батурыну вярнуцца ў Польшчу. Улады пагадзіліся, але ўмовай паставілі выступленьне Батурына на БТ і дзяржаўным радыё, у якім ён абверг бы вэрсію пра выкраданьне яго беларускімі спэцслужбамі. Амэрыканцы рэкамэндавалі Батурыну прыняць умовы ўладаў, інакш магла б стварыцца двухсэнсоўная сытуацыя зь перабываньнем Батурына ў будынку амбасады. Справа разгортвалася як у баевіку. 21 ліпеня а 6-й раніцы на тэрыторыі пасольства ЗША ў Менску Алег Батурын даў інтэрвію БТ. «Тое, што прагучала на радыё «Свабода», — няпраўда. Я ніколі не казаў, што мяне выкралі спэцслужбы Беларусі,» — словы Батурына прагучалі ў сюжэце БТ без тлумачэньняў, якім чынам і навошта ён апынуўся ў Беларусі. Праз 5 гадзінаў, дзякуючы амэрыканцам, Батурын ужо перасякаў беларуска-польскую мяжу.

Пасол Спэкгард прадэманстраваў, што для ЗША меркаваньні адказнасьці за жыцьцё і бясьпеку чалавека важнейшыя за ўсе іншыя. Пасольства ЗША прыняло Батурына, што шукаў схову, на сваёй тэрыторыі, хоць магло і зачыніць перад ім браму.

Роля самога Батурына ўва ўсёй гэтай гісторыі застаецца няяснай. Ягоная гісторыя нібы прыдуманая ў процівагу гісторыі з Завадзкім, як некалі раней гісторыя ўцёкаў Віньнікавай сталася процівагай арышту Чыгіра.

Зрэшты, усе гэтыя гульні даюць нейкую чорную надзею, што ня ўсё так кепска ў нашам краі. Раз за нас вядуць нейкую гульню, значыць, нечага мы вартыя, значыць, сытуацыя ў нас (і намі, якімі спрабуюць маніпуляваць) зьмянябэльная.

За гэтымі бязглуздымі зьнікненьнямі Беларусь прамаргала найважнейшую палітычную і эканамічную падзею мінулага тыдня. Польшча афіцыйна адмовіла Расеі ў будаўніцтве газаправоду ў Эўропу цераз сваю тэрыторыю. Афіцыйная прычына — гэта паставіла б пад пагрозу палітычную і эканамічную бясьпеку Ўкраіны, стратэгічнага партнэра Польшчы. Расейская газавая карпарацыя «Газпром» меркавала, што, «рурацёнг», як кажуць браты-палякі, пройдзе празь Беларусь, Польшчу, Славаччыну ў абход Украіны і дазволіць Расеі ігнараваць украінскія газаправоды.

Такім чынам, на газавых плянах Расеі можна паставіць крыж. Зьмяншаецца, хоць і нязначна, зацікаўленасьць расейскіх манаполіяў у кантролі над нашай краінай. Польшча, апроч таго, абвесьціла пра сваё рашэньне будаваць новы газаправод з Нарвэгіі, каб зьменшыць сваю залежнасьць ад расейскаг газу. Гэтая новая труба дойдзе і да Ўкраіны і такім чынам стане і для яе страхоўкаю энэргетычнае бясьпекі.

Лукашэнкавы чыноўнікі разьбягаюцца з прэзыдэнцыі як могуць, нібы студэнты з-пад ярма прымусовага разьмеркаваньня. У.Русакевіча адправілі паслом у Кітай, І.Пашкевіч даў інтэрвію «БДГ», дзе крытыкуе Замяталіна, называе беларускую мову нацыянальным скарбам і разважае пра сваю працу ў адміністрацыі ў мінулым часе. Кажуць, што і М.Мясьніковіч хацеў бы сьледам за І.Ціцянковым сысьці ў бізнэс, але А.Лукашэнка ўтрымлівае яго ад адстаўкі пагрозамі арышту. Але хто ж будзе добра рабіць нямілую справу?

Нацыянальны Банк абяцае, што да канца году ўдасца дасягнуць адзінага курсу даляра (ня больш за 1200 рублёў за даляр пад Новы год).

У брытанскім парлямэнце адбыліся слуханьні, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі і восеньскім парлямэнцкім выбарам. Дзяржаўны міністар Вялікай Брытаніі Кейт Вэз заявіў, што, каб беларуская апазыцыя магла ўдзельнічаць у выбарах на справядлівых умовах, уладам трэба зрабіць славутыя чатыры крокі. Ён адзначыў, што застаецца ўсё менш верагоднасьці ўдзелу апазыцыі ў выбарах. Аднак ён заклікаў апазыцыю выкарыстаць тыя магчымасьці, якія даюць гэтыя выбары. «Іх удзел у выбарах, на якіх выявяцца парушэньні, ня будзе лічыцца міжнароднай супольнасьцю пацьверджаньнем легітымнасьці выбараў, чаго, здаецца, баяцца некаторыя апазыцыйныя партыі,» — цытуе ягоныя словы менскае агенцтва БелаПАН.

Гэты выступ ідзе ў адной ліні зь беспрэцэдэнтнай 50-хвіліннай размовай А.Лукашэнкі і Хаўера Саляны. Зрэшты, прапагандысцкая рыторыка БТ паказвае, што шанцы на зьмену палітыкі рэжыму малыя. Гэта ж даказваюць і замежнапалітычныя кантакты Менску: на тыдні мы прымалі армянскага прэм’ера і ірацкага віцэ-прэм’ера.

Бэнзын зноў падаражэў. 93-ці цяпер базава каштуе 358, а 95-ы — 422 рублі, за саляру трэба выкладаць цяпер 242 рублі. Хоць у мужыкоў з суседняга аўтапарку ўсё гэта вам абыдзецца, безумоўна, таньней. Калі не баіцёся, што пасьля вас гэтым пачнуць шантажаваць невядомыя спэцслужбы.

 

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0