На дасылках у мітрапаліта

 

Памятаеце, у незабыўнага Яраслава Гашака, у яго ня менш незабыўных «Прыгодах удалага ваякі Швэйка», быў пэрсанаж, які вызначаўся сваёй жывёльнай упартасьцю. На працягу аднаго вечара ён больш за дваццаць разоў спрабаваў патрапіць у піўную. Ішоў праз розныя дзьверы, ламіўся праз вокны і нават спрабаваў пралезьці праз комін.

Падобнай упартасьцю вызначаецца і старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы нацыянальнага сабранія Беларусі, генэрал-палкоўнік Ягораў. Незьлічоную колькасьць разоў генэрал даваў зразумець навакольным: «Я буду балятавацца на парлямэнцкіх выбарах». Чэрыкаў літаральна захлынаецца ад візытаў тав. Ягорава, які знаёміцца то зь сельскай гаспадаркай, то з культурай, то з прамысловасьцю, а то і з гісторыяй Чэрыкаўшчыны. Практычна ў кожным нумары мясцовай раённай газэты «Заклік Ільіча» друкуюцца фотаздымкі генэрал-палкоўніка ў строгім касьцюме ці лёгкай тэнісцы, у салідным шматзорачным мундзіры ці ў працоўным камбінэзоне. Словам, вельмі ўжо фотагенічным палічылі дэпутата ў рэдакцыі.

А зусім нядаўна генэрал выступіў у якасьці імяннога кур’ера мітрапаліта Менскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі. Ён перадаў чэрыкаўскім праваслаўным сьвятарам пасланьне ад яго свяцейшаства Філарэта падчас народнага сьвята «Брызгун», што шырока адзначалася на старажытнай Чэрыкаўшчыне.

Міжволі яшчэ раз згадваецца герой Я.Гашака. Упарты ён быў. Аднак, кожны раз небараку з трэскам выкідвалі на вуліцу. Так было ў творы.

 Андрэй Кузьмін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0