З рэдакцыйнае пошты

 

«Па плёнах пазнаеце іх»

Прачытаў у «НН» апошняе інтэрвію зь Міколам Ермаловічам, і неяк сьціснулася сэрца ў прадчуваньні бяды. У тым інтэрвію спадар Мікола распавядаў пра свае пляны...

Пазнаёміўся я са спадаром Ермаловічам на плошчы Якуба Коласа, на адным зь мітынгаў апазыцыі. Тады сабралася ня вельмі шмат народу, і я прыкмеціў яго, набраўся мужнасьці і пайшоў знаёміцца.

Ён зрабіў на мяне моцнае ўражаньне. Сьціплы, памяркоўны, талерантны Чалавек — Асоба. Мы пайшлі ўсе разам па праспэкце Скарыны да Круглай плошчы, потым па вуліцы Янкі Купалы да опэрнага тэатру і ўвесь час вялі гаворку. Размова ішла, канечне, пра Беларусь.

Быў веснавы дзень дзесьці ў канцы сакавіка, калі сьнег сышоў і ўсталявалася ціхая, яшчэ незялёная вясна, з дожджыкам, які іншы раз церушыў зь неба.

На фатаграфіях, якія друкуюць, спадар Мікола выглядае зусім іншым, чым у жыцьці. Яму было ўжо 78 гадоў, але ён быў зусім непадобны нават на 65-гадовых вэтэранаў. Сапраўдны тыповы, без засьмечанасьці, без напластаваньняў русіцызму, тыповы мэнтальны беларус. Цьвёрдасьць характару, якая ў Зянона Пазьняка вытыркаецца ў зьнешнім абліччы, у спадара Міколы была прыхаваная і зусім нябачная. Як у Алеся Адамовіча, тая самая знакамітая памяркоўнасьць. Ён не ўзвышаў сябе над людзьмі. Але вось я ў нашым дыялёгу сказаў нешта ня так. Нейкі характэрны для нас саветызм вылупіўся зь мяне і нечым паспрабаваў націснуць на меркаваньні Ермаловіча. І я адразу атрымаў цьвёрды, непахісны адказ, але ізноў жа культурны, эўрапейскі, бязь ценю зьнявагі.

Чалавек, які ва ўмовах савецкага таталітарнага ўціску змог у адзіночку вырасьці ў буйнога вучонага гісторыка. Сёньня весьці размову пра гісторыю і будучыню краіны, ня маючы ў галаве базы зьвестак з працаў Міколы Ермаловіча — значыць, быць дзікуном. Ён асоба ўзроўню Андрэя Сахарава, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Алеся Адамовіча, Сяргея Кавалёва. Усе яны зробленыя, як кажуць, з аднаго цеста, дзе галоўным зьяўляецца розум, сумленьне, духоўнасьць.

Я сказаў яму, што чытаў яго кніжкі, што яны зрабілі ўва мне рэвалюцыю, моцна падтрымалі маю веру ў продкаў, у іхнае, а значыць, і маё слаўнае гістарычнае мінулае.

Я папрасіў спадара Міколу напісаць мне пажаданьне разам з аўтографам. Калі ён пісаў, было бачна, што зрок у яго вельмі слабы.

— Каб нечага дасягнуць, — сказаў ён мне, — патрэбна самаабмежаваньне, дысцыпліна. Кожны дзень я займаюся фізычнымі практыкаваньнямі...

Калі мітынг скончыўся, мы разьвіталіся, паціснулі адзін аднаму рукі. Я запытаўся, можа яго правесьці дадому.

— Ня трэба, я адчуваю сябе нармальна на вуліцах гораду, — спакойна адказаў спадар Мікола.

Веліч Ермаловіча ў тым, што ён дасягнуў Перамогі, выдатнага прафэсійнага выніку. Непрыкметны правінцыйны настаўнік літаратуры, ён ішоў няпростай, вузкай, камяністай жыцьцёвай сьцежкай і на кожным кроку ў яго былі перашкоды, і дзесяць, і дваццаць, і трыццаць, і сорак гадоў назад. Ягоная праца ўладзе была непатрэбная.

Спадар Мікола меў ясны сьветлы розум, велізарныя гістарычныя веды, маладую душу. Давайце такім яго і запомнім. А дзеля ўвекавечаньня памяці беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча прапануем Менскаму гарсавету перайменаваць вуліцу Сьвердлава ў вуліцу Міколы Ермаловіча. Магчыма, улада ня пойдзе насустрач грамадзкасьці, але што нам перашкодзіць называць вуліцу яго імем? Улада ж не дае дазволу на ўсход і захад сонца. Некалі і мы з вамі павінны стаць самастойнымі! Як Мікола Ермаловіч! Пара!

Што датычыць таксіста, дык хутчэй за ўсё ён — выканаўца, вось чаму яго ратуюць ад турмы. Заадно хочуць запэцкаць вобраз Вялікага Чалавека. «Па плёнах пазнаеце іх».

Кастусь Травень, Менск


label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0