Тыдзень нашага жыцьця

 

Незалежнасьць аб’ядноўвае

 

На Ўсебеларускі Зьезд за Незалежнасьць сабраліся 1350 дэлегатаў замест меркаваных 800. Людзей да апошняга дня вылучалі працоўныя калектывы, вайсковыя часткі, грамадзкія аб’яднаньні. У выніку заля, не разьлічаная на такую колькасьць людзей, аказалася набітая пад завязку. Дэлегаты сядзелі ў праходах, на лесьвіцах, стаялі ў дзьвярах, і ўсё адно ахова пад 10-ю на запатрабаваньне пажарнікаў мусіла спыніць доступ дэлегатаў у залю — частка засталася слухаць паседжаньне ў фае. Панавала ўрачыстая атмасфэра. Ужо першае прывітаньне зьезду ад Васіля Быкава, зачытанае Генадзем Бураўкіным, які старшыняваў з раніцы, выклікала бурную авацыю. Людзі стоячы скандавалі «Жыве Беларусь». Тое самае паўтарылася пасьля зачытваньня прывітальнай тэлеграмы ад прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Пасьля была прывітальная тэлеграма ад Сямёна Шарэцкага. Людзі яе віталі воплескамі, але ня ўсталі. Пасьля была зачытаная па-ўкраінску тэлеграма ад старшыні Народнага Руху Ўкраіны Генадзя Ўдавэнкі. Людзі ізноў усталі і зрабілі авацыю. Тэлеграму ад Зянона Пазьняка на пачатку працы не зачытвалі. Праца зьезду неаднаразова перарывалася гэткімі авацыямі — напрыклад, калі на запрашэньне старшыні месцы ў прэзыдыюме ў дадатак да сяброў аргкамітэту занялі былыя палітвязьні сталінскіх часоў, сябры Саюзу Беларускае Моладзі. Настрой дэлегатаў уздымалі вострыя, часам не без напышлівасьці, даклады і словы, зь якімі выступілі Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Ніл Гілевіч, Міхаіл Чыгір, Генадзь Грушавы, Павал Казлоўскі, Аляксей Кароль, Рыгор Барадулін. За Зьездам назіралі паслы Польшчы, Украіны, Францыі.

Старшыні не давалі ходу ніякім прапановам, што мелі антырасейскую накіраванасьць, што асабліва адзначылі ў сваіх рэпартажах расейскія тэлеканалы. Гэта пры тым, што ахову зьезду выконвалі прадстаўнікі найрадыкальнейшых беларускіх нацыяналістычных арганізацыяў, а іхныя кіраўнікі амаль усе былі дэлегатамі форуму. Бо пры ўсіх спасылках на сілу маральную, відавочна, што ў рэальнасьці абаперціся незалежнікі могуць толькі на сілу фізычную.

Толькі сярод афіцыйна вылучаных дэлегатаў было ня менш за 20 акадэмікаў і дактароў навук, прысутнасьць шырокага кола інтэлігенцыі надала форуму і велічнасьці, і вагі.

Зьезд пасьля нядоўгіх дэбатаў па асобных фармулёўках аднадушна прыняў Акт Незалежнасьці Беларусі, які, на задуму ініцыятараў форуму, можа стаць у адзін шэраг з Устаўнымі Граматамі БНР і Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце 1990 году. У выпадку ўзьнікненьня пагрозы сувэрэнітэту краіны зьезд можа сабрацца на новую сэсію, каб прыняць адпаведныя захады па абароне нацыянальнай незалежнасьці. Па наплыве людзей на гэты першы зьезд, хоць думкі наконт яго ў прэсе выказваліся неадназначныя, стала ясна, што ў разе чаго ня будзе праблемай сабраць на працяг форуму ў Менск і чатыры ці пяць тысячаў дэлегатаў, якія будуць адчуваць маральнае права прымаць любыя рашэньні. Незалежнасьць застаецца ідэяй, здольнай аб’яднаць беларускае грамадзтва.

Самым цёплым момантам зьезду быў прывоз абеду для гэтага тлуму людзей: пад’ехаў фургончык-»фольксваген», даверху запоўнены клумачкамі зь ежаю, якой хапіла на ўсе паўтары тысячы ўдзельнікаў.

Незадоўга перад зьездам Лукашэнка прызначыў кіраваць тэлебачаньнем цемрашалаў Чыкіна й Зімоўскага, тым самым паставіўшы крыж на спадзяваньнях лібэралізацыі. Гэта выключае выхад дэмакратычнай і нацыянальнай апазыцыі на выбары. Тым самым Лукашэнка змадэляваў для краіны такую выбарчую сытуацыю, пры якой кандыдаты ад ягонай вэртыкалі будуць супернічаць у барацьбе за месцы ў «палаце» з кандыдатамі, лабіраванымі расейскімі карпарацыямі, што будуць ісьці пад шыльдай «незалежных», і з кандыдатамі-камуністамі. Такі мецьмем выбар — паміж Лукашэнкам, камунякамі і расейскай агентурай.

Як і ў замежнай палітыцы маем выбар між Расеяй, Лівіяй і Кітаем, адзін з вышэйшых кіраўнікоў якога прыяжджаў на тым тыдні ў Менск умацоўваць ваеннае супрацоўніцтва.

Старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю Лукашэнка прызначыў А.Тозіка, што раней займаў пост у Радзе Бясьпекі краіны.

А краіна зьбірае ўраджай пладоў зямных. Больш за 50 грузавых аўтамабiляў, гружаных яблыкамi, сабралiся ля прахадной гомельскага вiнзаводу ў самым цэнтры Гомеля, паведамляе БелаПАН. Яблыкi прывезьлі гаспадаркi Кармянскага, Жыткавiцкага, Лельчыцкага i iншых раёнаў вобласьцi. Прычына вялiкай чаргi ў тым, што завод ня можа прыняць такую колькасьць яблыкаў, ураджай якiх сёлета надзвычай багаты. Першыя затрымкi з прыёмам яблыкаў пачалiся некалькi дзён таму. Тады кiлё яблыкаў завод купляў за 100 рублёў. Зараз, калi ўтварылася чарга, цана зьнiзiлася да 80 рублёў. Мiж тым, значная колькасьць яблыкаў яшчэ зялёная. Яны дастаўленыя на перапрацоўку, бо паабсыпалiся з-за вятроў, апошнiм часам нярэдкiх на Гомельшчыне.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0