Алесь Аркуш

НАЕЗД

 

Нязручна сядзець і размаўляць пад «руляю» камэры, і ведаць, што кожны твой рух, кожнае тваё слова фіксуецца на відэастужцы. Але такія правілы ў гэтым кабінэце. Меры засьцярогі вялікага бізнэсу.

У бізнэсмэна здарыліся праблемы, і таму ты, журналіст, цяпер тут.

Сёлета гэты хлопец, яму крыху больш за трыццаць, набыў адразу дзьве наваполацкія рэстарацыі, сярод іх і славутыя «Буслы». У трох кроках ад «Буслоў» жыве Мудроў. Хто-хто, а гэты мог бы распавесьці пра былую кропку «общепита» процьму дасьціпных гісторыяў. І Мінкін мог бы. І Шлыкаў. Колькі тут выпіта піва і чаго мацнейшага!

У мяне зусім іншыя згадкі. Менавіта ў «Буслах» я адзначаў сваё вясельле. Было гэта ўзімку 88-га. Стаяў моцны мароз. Сапраўдны люты. Я добра зьмерз у сваім гарнітурчыку, пакуль ладзіліся ўсе гэтыя да- і пасьлязагсаўскія цырымоніі. Тацяна, напэўна, таксама. Мяне, як алкаша, цягнула хутчэй у «Буслы». Пагрэцца. Калі замаўлялі рэстарацыю, адміністратарка паведаміла, што ў іх няма гарэлкі, ёсьць толькі каньяк. Дамовіліся, што мы замовім скрыню каньяку, а гарэлку прынясем сваю. Па сёньняшні дзень сябры ўзгадваюць пра вясельле пад каньяк. Сярод гасьцей было процьма сёньняшніх славутасьцяў — Арловы, Цімохаў, Гальпяровіч, Генадзь Лойка… Мае сваякі Сокалава-Воюша празвалі Антонавым і пэрыядычна, падвыпіўшы, ўзбунтоўваліся: «Няхай гэты Антонаў яшчэ пасьпявае!» Воюш зноў браў гітару, выходзіў на эстраду і сьпяваў. «Нас заручала возера лясное пярсьцёнкам хваляў, колам берагоў…» Затым граў нейкі рэстаранны гурт. Затым гарэзіў гармонік. Хутка стала тлумна, весела і… цёпла.

Бізнэсмэн паказваў стосы дакумэнтаў, даводзіў сваю слушнасьць. Нядаўна банк, у якім абслугоўваюцца ягоныя фірмы, наладзіў яму праверку і ў выніковым акце зафіксаваў выяўленыя парушэньні касавай дысцыпліны. Біснэсмэну «сьвяціў» кругленькі штраф. Гэтак тысячаў на дзьвесьце «баксаў». Бізнэсмэн лічыць абвінавачваньні нахабным «наездам» з мэтаю вытрасьці для абяскроўленага бюджэту грошыкі. Ён зачыніў свае дзесяць крамаў і пачаў дамагацца праўды.

Крычалі «горка». Мы ўставалі, цалаваліся. Госьці гучна лічылі хвіліны, пакеплівалі. Прыкладаліся да каньяку й зноў крычалі «горка». Затым уручалі падарункі. Мастак Цімохаў падараваў карціну, яна цяпер вісіць у залі. Скульптар Лойка — «Пагоню», зробленую з бляхі. Напісаў і ўзьняў галаву, падарунак-напамін вісіць у мяне над кампутарам. Зноў крычалі «горка». Зноў запівалі каньяком. Ці ня «Белым буслом»?.. Новы гаспадар, напэўна, зьменіць назву рэстарацыі. Гэтак жа сталася з «Чабарком». Былую кавярню, вядомую ў народзе як «Шайба», цяпер не пазнаць. Сьлепіць белізна пабелкі, на даху зыркія, чырвоныя літары — «Белый остров».

Вось і пра «Чабарок» толькі цёплыя ўспаміны. У гэтай кавярні мы падводзілі вынікі першай «тэвээлаўскай» канфэрэнцыі. Завяршаўся 94-ы. На дварэ таксама стаяла халадэча, позьневосеньская. Маю відэастужку зь невялікім сюжэтам пра памятную падзею. Вось украінскі аналяг Анатоля Сыса — Уладымер Цыбулька па-маякоўску гучна й тэатральна чытае вершы. Жыцьцёвыя шляхі гэтых паэтаў неўзабаве крута разышліся. Цыбулька стаў пестуном шоў-бізнэсу, кажуць, сьвяткуе свае дні народзінаў на круізных вадаплавах Дняпроўскай флятыліі. Вось сьпявае Лявон Вольскі, яшчэ «мроевец», безь міністэрскага партфэлю NRM. Вось чытае вершы расеец Лукомнікаў — гэтак па-піжонску салённа і артыстычна. Уся кавярня ў знаёмых тварах…

Запрашалі мяне й на прэзэнтацыю «Белого острова». Вышкаленыя гарсоны. Лусьцікі з палачкамі, каб ня выбрудзіць пальцы. Люстэркі, крышталь… Бадай толькі вітражы ў вокнах, што зрабіў наваполацкі мастак Віктар Лук’янаў, засталіся ад былога «Чабарка».

Бізнэсмэн дастае ўсё новыя й новыя дакумэнты. Выказвае вэрсіі прычыны «наезду». Пытаюся: што ён будзе рабіць з «Бусламі». Ніякай зьбянтэжанасьці. Нават неяк узьнёсла тлумачыць: клюб адпачынку для сур’ёзных людзей, зь більярдам, кегель-барам, утульнай ціхай заляй.

Пра назву клюбу не пытаюся...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0