З усёй краіны

 

Вучэньням канец

Галоўны штаб Узброеных сілаў Беларусі наважаны прапанаваць на 2001 год сякія-такія зьмены ў сыстэму апэратыўнай падрыхтоўкі органаў кіраваньня беларускага войска з-за браку грошай на правядзеньне манэўраў. Прапаноўваецца камандава-штабныя вучэньні пад кіраўніцтвам міністра абароны праводзіць адзін раз у два-тры гады. Астатні час будзе аддадзены вучэньням і трэніроўкам пад кіраўніцтвам камандзіраў армейскіх карпусоў і мабільных сілаў. Прапаноўваецца таксама больш актыўна пераходзіць да падрыхтоўкі праз кампутарныя гульні і з выкарыстаньнем электронных мапаў. Няма грошай, і не прадбачыцца. Але ж, праводзячы вучэньні на тапаграфічных картах замест рэальных умоваў, добра ваяваць не навучыш.

Паводле БелаПАН

 

Дрыбін адкрыў фронт барацьбы

Дрыбін, мястэчка эвакуяваных чарнобыльцаў, стае цэнтрам грамадзкай актыўнасьці. Яшчэ не забыўся пратэст у мясцовым калгасе, калі вяскоўцы вылівалі на зямлю малако. А цяпер пратэставалі настаўнікі. Ім таксама не аддавалі заробленых грошай. Калі ўжо амаль два месяцы людзі без заробку, што рабіць? 30 мільёнаў рублёў бюджэт мусіў быў выдаткаваць дрыбінскім пэдагогам на аплату адпачынкаў. Даволі працяглы час настаўнікам абяцалі, што грошы вось-вось прыйдуць. Ярмошын на ўсю краіну заявіў, што да 20 ліпеня з усімі разьлічацца. «Прыйшло 20 ліпеня, потым 21, 22, а касы ў бугальтэрыі зачыненыя!» 35 настаўнікаў Дрыбінскай СШ падалі заяўку на пікет. Пікетаваць зьбіраліся побач з райвыканкамам. Фактычна, яны адстойвалі інтарэсы ня толькі свае, але і ўсяе вобласьці. Запазычанасьць у Магілёўскай вобласьці перад настаўнікамі складае больш за 700 мільёнаў за два месяцы. Сярэдні заробак у настаўніка каля 40 тысячаў з улікам усіх перагрузак. Малады і 20 не атрымлівае. А тут не аддаюць і таго!

І перамаглі. Раённае начальства, праўда, засталося незадаволенае актыўнасьцю пэдагогаў. А што дырэктарка СШ падпісала заяву на пікет разам з падначаленымі, там успрымаюць як «неразуменьне складанай сытуацыі ў эканоміцы».

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Злотнікаў выйшаў з АГП

З Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі выйшаў эканаміст Леанід Злотнікаў. Злотнікаў разышоўся з новым кіраўніцтвам партыі ў пытаньнях палітычнай тактыкі. Ён хоча балятавацца ў Палату прадстаўнікоў, а Лябедзька – не дазваляе. Былы старшыня віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзь Муратаў мае тыя ж намеры. А што – аднаму з такіх Муратавых пашанцуе. Дзеля прыліку ж некага з дэмакратаў Лукашэнка ў палату мусіць прапусьціць.

Б.Т.

 

Карцаў — невыязны?

Вадзім Карцаў, маладафронтавец, аўтар «НН», які год таму, маючы гарантыі польскіх сяброў, сам адмовіўся ад палітычнае эміграцыі, «эміграваўшы» ў барысаўскі бізнэс, зараз можа быць наогул пазбаўлены магчымасьці выехаць за мяжу.

Мясцовая пашпартна-візавая служба, замяніўшы ў сувязі з 25-годзьдзем Карцава ягоны пашпарт на новы, не перанесла са старога штампу з дазволам выяжджаць ва ўсе краіны сьвету. Начальнік ПВС Барысаўскага ГАУС сп. Шарко, шчырай душы чалавек, паведаміў, што анкетныя дакумэнты сп. Карцава затрымліваюцца Ўпраўленьнем КГБ па Менскай вобласьці «для дадатковай праверкі» (якая можа цягнуцца гадамі). «Значыцца, у ўласьцей есьць какіе-та вапросы к вам», — дадаў ён напрыканцы гутаркі.

Між тым, у Варшаве, дзе цяпер праходзіць саміт найбуйнейшай міжнароднай маладзёвай арганізацыі — EDS (Эўрапейскія Дэмакратычныя Студэнты), куды быў запрошаны і Вадзім Карцаў, прадстаўнікамі Беларусі была праведзеная адмысловая прэсавая канфэрэнцыя, дзе яны заявілі пра адраджэньне ў Беларусі некаторых савецкіх мэтадаў палітычнага перасьледу.

Карцаў плянуе зьвярнуцца ў гарадзкую пракуратуру са скаргай на дзеяньні чыноўнікаў, а таксама ў суд, каб усё ж абавязаць пашпартнае бюро паставіць штамп. Ён чакае таксама запрашэньня з апарату польскага Сойму наведаць у верасьні сэмінар для маладых прадпрымальнікаў з СНГ.

Б.Т.

 

Новыя консульствы

45 беларускiх дыпляматычных прадстаўнiцтваў дзейнiчаюць сёньня ў 39 краiнах сьвету. Сёлета чакаецца адкрыцьцё Генэральнага консульства Беларусi ў Браціславе, а пасьля — у Мюнхене i Гамбургу. МЗС стараецца захаваць максымальна льготны рэжым паездак грамадзянаў Беларусi за мяжу. Усё ж Баўгарыя ўвяла вiзавы рэжым з 1 студзеня. А з наступнага году вiзавы рэжым ўводзiць Славаччына. Польшча i Вугоршчына думаюць зрабiць гэта дзесьцi ў сярэдзiне наступнага году.

 

У Баранавічах ваююць

***

Прачнуўшыся ранкам на сваім лецішчы пад Баранавічамі, гаспадар пабачыў нейкага злодзея, што капае ягоную бульбу. Зразумела, абурыўся. Міліцыянтаў за горадам ня знойдзеш, тэлефонаў няма, і гаспадар вырашыў бараніць сваю маёмасьць, як гэта робяць у галівудзкіх фільмах — з дапамогай зброі. Выцягнуў са схованкі незарэгістраваную стрэльбу, падскочыў да злодзея й пачаў зьбіваць прыкладам. Пад час аднаго з удараў стрэльба стрэліла й параніла гаспадара лецішча ў жывот. Злодзей зьбег, а гаспадар зараз у шпіталі.

 

***

На мінулых выходных у Баранавічы зь Менску прыехала брыгада апэратыўнага прызначэньня МВД в/ч 5448, дзеля «профилактической помощи» мясцовым міліцыянтам. Самі міліцыянты клянуцца, што ніякай дапамогі не замаўлялі — бо ў горадзе хапае сваіх, ды ёсьць яшчэ сярэдняя школа міліцыі. Менчукі ж адразу накіраваліся на кірмаш і пачалі прафіляктычныя агляды дакумэнтаў. Яны, дарэчы, былі ў зялёнай вайсковай форме, а на нашыўках — толькі адзнакі з групай крыві. Разагналі бабулек, якія прадавалі садавіну. Мясцовага міліцыянта, які мусіў бы іх суправаджаць, нідзе не было.

***

Ужо колькі гадоў на Баранавіцкім вайсковым аэрадроме, дзе раней месьцілася частка Далёкай авіацыі, ляжала закінутая вялізная цыстэрна з каляровага мэталу. Пасьля частка тая зьехала ў Расею, засталіся толькі самалёты-зьнішчальнікі. Аднак раптам зьявіліся ля цыстэрны трактары ды экскаватары, парэзалі яе аўтагенам на часткі, але тутака й пабраў усіх асобы аддзел. Каштавала б тая цыстэрна, калі б трапіла ў лом, каля $15 000 — сьценка ажно 15 см таўшчынёй. Сьледзтва цяпер разьбіраецца, як трапіла цывільная тэхніка на закрыты аэрадром.

Руслан Равяка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0