Тыдзень нашага жыцьця

 

«Арыйца» забілі...

 

У Менску забіты лідэр тутэйшага аддзяленьня РНЕ Г.Самойлаў. Тры нажавыя раненьні, нанесеныя яму ў пад’езьдзе ягонага дому, аказаліся сьмяртэльныя. Ніводная зь беларускіх радыкальных арганізацыяў не ўзяла адказнасьці за гэты акт. Забойства мясцовага фюрэра можа прывесьці да развалу адыёзнай суполкі як такой. Ліквідацыя Г.Самойлава яшчэ раз яскрава дэманструе ўсю хісткасьць руху славянскіх шавіністаў у Беларусі – ён абапіраецца на купку асобаў, што разьдзімаюць яго, выкарыстоўваючы высокае асабістае становішча. Здаецца, як толькі гэтыя людзі зьнікнуць, увесь іхны гучны рух сыдзе на нішто. БТ надало забойству лідэра нацыстаў вялікую ўвагу, якую можна патлумачыць толькі палітычнымі зацікаўленьнямі ягонага новага кіраўніцтва. Варта згадаць, што сьмерць Міколы Ермаловіча ўвогуле не была заўважаная БТ.

Эўрадэлегацыя, што наведала Беларусь, нечакана паставіла кропку: назіральнікаў з Эўропы на выбарах ня будзе, міжнароднага прызнаньня найхутчэй таксама. Адначасова эўрапейцы заклікаюць кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў усё ж вылучацца на выбары, каб людзі мелі нейкую альтэрнатыву.

Зноў падаражэў бэнзын – ягоная цана сёлета ўзьляцела на 500%. На АЗС пры гэтым па-ранейшаму бязбожна не даліваюць, кантролю ніякага няма. А калгасам паліва ўсё не стае. Гэтак, ягоныя запасы ў магілёўскім аграпраме пагрозьліва скарачаліся да трохдзённых. Калгасы як дзіравая кішэня. У яе колькі цукерак ня сып, яны ўсё адно будуць перакачоўваць за халявы таго, хто дзірачку пракруціў. Падаражэлі таксама гарэлка і паслугі мабільнай сувязі.

З 5 жніўня – як ніколі рана — дазволенае паляваньне на вадаплаўную і балотную птушку. Гэтак заўчасу, бо дажджы часта праходзяцца і няма небясьпекі лясных пажараў. За ліпень ападкаў у Беларусі выпала ў два разы болей за норму, а ў Прапойску – у цэлыя тры разы. Першая палова жніўня, аднак, мае быць сьпякотная. Грыбнікі кажуць, што гэтулькі баравікоў ня бачылі даўно, колькі сёлета. За адзін ліпень дзяржаўныя нарыхтоўчыя пункты закупілі грыбоў 40 т проці 20,4 т за гэты ж час летась. Але, ідучы ў грыбы, памятайце, што нішто так не прыцягвае радыяцыі, як гэтыя макраміцэты, што стаяць у клясыфікацыі жывога паміж расьлінамі й жывёламі. Нават у адносна чыстых раёнах яны набіраюць радыяцыі пад самую норму ці звыш яе. Асабліва гэта датычыць багнюкоў, казьлякоў, палевікоў, красьнюкоў, бабак. Беларусы, што дбаюць пра здароўе, цяпер грыбоў сьцерагуцца.

А там, дзе радыяцыйны фон і без таго падвышаны, напрыклад, у Касьцюковіцкім, Магілёўскім, Друцкім, Клічаўскім, Бялыніцкім лясгасах, ідуць перавышэньні дапушчальных нормаў у 20—60 разоў.

Рэкорд жаўціні паставіла на гэтым тыдні газэта «Звязда», зьмясьціўшы ў сераду на першай старонцы наступную інфармацыю Інтэрфаксу. Цытуем:

«У мінулыя выхадныя ў лясным масіве ля в.Макееўка Чачэрскага раёну быў знойдзены труп жанчыны, якая знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Экспэртыза ўстанавіла, што сьмерць наступіла ад пералому пазваночніка. Чачэрскім РАУС устаноўлена, што забойства ўчыніў жыхар райцэнтру, які растлумачыў, што сьмяротную траўму яго сяброўка атрымала «ў час, калі яны займаліся каханьнем, у стане экстазу». Падазраваемы прадэманстраваў гэты спосаб на манэкене пад час сьледчага экспэрымэнту». Канец інфармацыі.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0