Сямён Шарэцкі

Воля беларускага народа

 

Цяпер няма ў сьвеце сумленнага беларуса, які не лічыў бы самай значнай падзеяй 2000 году Ўсебеларускі Зьезд, што адбыўся напрыканцы ліпеня ў Менску й выказаў волю беларускага народа на будучыню нашай Бацькаўшчыны.

Першы Ўсебеларускі Зьезд быў праведзены ў сьнежні 1917 г. І на ім галоўным пытаньнем, аб якім на зьезьдзе разгарнуліся гарачыя спрэчкі, таксама было пытаньне аб сувэрэнітэце Беларусі. Адна частка дэлегатаў выступала за аддзяленьне Беларусі ад Расеі ды ейнае самавызначэньне на ўзор эўрапейскіх краінаў, другая — за самавызначэньне Беларусі ў складзе РСФСР на савецкай аснове.

Для таго, каб зразумець, які з названых кірункаў быў больш слушны, неабходна пры іх аналізе абапірацца на грамадзкія законы і сусьветны досьвед, якія сьведчаць пра тое, што дэмакратычны шлях разьвіцьця краінаў патрабуе сувэрэнітэту іхных народаў, інакш кажучы, права вызначаць свой лёс самім. Бяз поўнага сувэрэнітэту, які можна здабыць толькі стварыўшы сваю нацыянальную дзяржаву, ня можа быць і поўнай дэмакратыі, нельга забясьпечыць напоўніцу свабоды й правы ўсіх людзей.

У шматнацыянальнай дзяржаве заўжды ёсьць тытульная нацыя, мова якой зьяўляецца дзяржаўнай і чые прадстаўнікі, будучы прызначанымі генэрал-губэрнатарамі, сакратарамі ЦК нацыянальных кампартыяў, упаўнаважанымі прэзыдэнта й г.д. — імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым нацыям. Таму кожная нацыя, калі яна хоча быць сувэрэннай, павінна мець сваю дзяржаву. І ў суадносінах паміж сувэрэннымі народамі й захаваньнем цэласнасьці той ці іншай дзяржавы павінны аддаваць перавагу першаму. І зусім не зразумела, чаму, напрыклад, захаваньню нейкай надуманай «цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі» ў ахвяру трэба прыносіць лёс іншых народаў.

Шматнацыянальнымі дзяржавамі могуць быць толькі дзяржавы з фэадальна-манархічным або дыктатарскім рэжымам кіраваньня. Дарэчы, каб захаваць цэласнасьць Расейскай Фэдэрацыі, апошні з названых рэжымаў там і ўстанаўліваецца. Прыкметай гэтага зьяўляецца адраджэньне ў якасьці тыпу дзяржаўнага кіраўніцтва цэнтралізму, які ў былым Савецкім Саюзе прыкрываўся эпітэтам «дэмакратычны».

Тады ж, амаль 80 гадоў назад, Расейская імпэрыя, як і іншыя манархіі фэадальнага тыпу, развальвалася. У Польшчы й Фінляндыі, на Ўкраіне і ў Беларусі прыйшлі ў рух сілы, якія павялі барацьбу за самавызначэньне нацыяў. І на Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 г. таксама перамаглі тыя, хто хацеў бачыць Беларусь самастойнай дзяржавай.

Але з гэтым не хацелі мірыцца бальшавікі, якія, захапіўшы ў кастрычніку 1917-га ўладу ў Петраградзе, паставілі сваёй задачай стварэньне Саюзу Савецкіх Рэспублік. Загадам кіраўніцтва прарасейскага Савету Народных Камісараў Заходняй вобласьці й фронту Ўсебеларускі Зьезд быў разагнаны салдацкімі прыкладамі й штыхамі. Камандаваў разгонам начальнік Менскага гарнізону Крывашэін, які сам у той момант быў на добрым падпітку.

На жаль, няўдачнай аказалася спроба адрадзіць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі й вясною 1918 г. Незалежнасьць была толькі абвешчаная. У якасьці дзяржаўнай была зацьверджаная сымболіка: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Пэўныя крокі былі зробленыя і ў адраджэньні беларускае культуры, арганізацыі асьветы на беларускай мове.

Толькі пасьля распаду Савецкага Саюзу, у якім панаваў клясычны таталітарны лад і працягвалася русіфікацыя іншых народаў, беларусы адрадзілі сваю дзяржаўнасьць. Але з гэтым зноў ня могуць зьмірыцца шавіністычныя колы тае самае Расеі. Яны на самым высокім дзяржаўным узроўні падтрымалі ў лістападзе 1996 г. зьдзяйсьненьне ў Беларусі дзяржаўнага перавароту, пасьля якога ў краіне быў усталяваны дыктатарскі рэжым, а ключавыя пасады ва ўрадзе занялі расейцы. Расейскія палкоўнікі вядуць рэй і ў Прэзыдэнтуры. Над Беларусьсю зноў навісла пагроза страты свайго дзяржаўнага сувэрэнітэту. Рэальнай небясьпекай гэтаму сталася г.зв. дамова аб стварэньні адзінай саюзнай дзяржавы з Расеяй, падпісаная 8 сьнежня 1999 г. у Маскве.

І сёньня кожны сумленны грамадзянін Беларусі, кожны беларус, незалежна ад краіны ягонага пражываньня, ня можа стаяць у баку ад падзеяў, якія адбываюцца ў нашай краіне, і павінны ўсьвядоміць сваю адказнасьць за будучыню Беларусі. І таму ў вышэйшай ступені актуальным і своечасовым зьяўляецца той факт, што ў Менску быў зноў скліканы Ўсебеларускі Зьезд.

Усебеларускі Зьезд ад імя беларускага народа, які згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі ёсьць адзінай крыніцай дзяржаўнай улады, аднагалосна прыняў «Акт незалежнасьці Беларусі». У Акце засьведчана, што права мець сваю незалежную дзяржаву дадзена беларускаму народу Богам, а таму Зьезд і абвесьціў гэтае права неад’емнай каштоўнасьцю нашага народа.

Воляй беларускага народа дэлегаты Ўсебеларускага Зьезду, якія зьехаліся з усіх куткоў краіны й прадстаўлялі ўсе пласты насельніцтва, прызналі ня маючымі законнай сілы любыя пагадненьні й рашэньні, скіраваныя на скасаваньне або абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі. У зьвязку з гэтым ня больш як нікчэмным трэба лічыць папярэджаньне Міністэрства юстыцыі ўпаўнаважаным беларускім народам дэлегатам Усебеларускага Зьезду пра тое, што іхныя рашэньні нібыта ня будуць мець ніякай сілы.

Цяжка сказаць, чым кіраваліся тыя, хто рыхтаваў і падпісваў гэтае «папярэджаньне». Няўжо яны не разумеюць, што прэзыдэнцкія паўнамоцтвы дыктатара, якога яны працягваюць падтрымліваць, скончыліся год таму — 20 ліпеня 1999 г.? Ці яны сапраўды лічаць легітымным г.зв. рэфэрэндум (лістапад 1996 г.), які праводзіўся з дапамогай бронетэхнікі, аўтаматчыкаў з аховы прэзыдэнта, хлусьні й грубай фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня? Гэты «рэфэрэндум» па-ранейшаму не прызнае сусьветная супольнасьць, акрамя шавіністычнага кшталту палітыкаў ўсё той самай Расеі. А супраць прарасейскага дыктатарскага рэжыму Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусі ўзбудзіў і вядзе крымінальную справу паводле факту захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. І я, як Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі, што зьяўляецца адзіным легітымным заканадаўчым і вышэйшым прадстаўнічым (а цяпер ужо й адзіным дзяржаўным) органам на тэрыторыі краіны, — ня стаўлю пад сумнеў незаконнасьць і злачыннасьць таго прарасейскага рэжыму, які сёньня пануе ў Беларусі й верхаводам якога падпісаная ў Маскве згаданая дамова аб стварэньні нейкай «саюзнай дзяржавы». І, канечне, не выклікае сумневу законнасьць «Акту незалежнасьці Беларусі», прынятага Ўсебеларускім Зьездам 29 ліпеня 2000 г. у Менску, сталіцы сувэрэннай, незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусі.

Я цалкам падтрымліваю прыняты Ўсебеларускім Зьездам Акт і ўсьлед за ягонымі дэлегатамі заклікаю ўсіх суайчыньнікаў, незалежна ад нацыянальнасьці, веравызнаньня і месца знаходжаньня, згуртавацца вакол ідэяў Зьезду.

Разам зь ягонымі дэлегатамі зьвяртаюся да міжнародных арганізацыяў, урадаў дэмакратычных дзяржаваў, сусьветнай грамадзкасьці аказаць дапамогу беларускаму народу ў забесьпячэньні гарантыяў сувэрэнітэту сваёй дзяржавы.

Жыве Беларусь!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0