Стратэгія фальшаваньняы

Улады гатовыя стварыць чарговае «мёртвае цела» беларушчыны

 

Актывізаваліся стваральнікі беларускамоўнага ўнівэрсытэту. Міністар адукацыі В.Стражаў прыняў Р.Гарэцкага, А.Трусава і А.Лозку, кіраўнікоў ініцыятыўнае групы. Зазваў, каб сказаць, што справа не дасьпела, сродкаў няма. Дый, маўляў, непатрэбная нам новая ВНУ. І так доля студэнтаў у нас ці не найбольшая ў Эўропе. Замест унівэрсытэту міністэрства хацела б абмежавацца беларускамоўнымі плынямі ў пары ВНУ, і тое толькі з 2001 году. А статус нацыянальнага ўнівэрсытэту ў пэрспэктыве падумваюць надаць… былому менскаму пэдінстытуту.

І вось ужо навуковая рада Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка прыняла рашэньне вярнуць у навучальны й выхаваўчы працэс беларускую мову ў аб’ёме, ня меншым за той, які існаваў тут да рэфэрэндуму 1995 году. Яно ня кепска: хай вучаць будучых настаўнікаў па-беларуску. Пэдагагічны ўнівэрсытэт быў за Шушкевіча адной з самых блізкіх да поўнае беларусізацыі ВНУ. 65% студэнтаў вучыліся на роднай мове. Амаль усе прадметы былі гатовыя для выкладаньня па-беларуску.

Пяць гадоў таму ўлады завярнулі каня беларусізацыі. І вось днямі навуковая рада зацьвердзіла новую праграму «ўкараненьня беларускае мовы ў навучальны й выхаваўчы працэс унівэрсытэту». Адзін з распрацоўшчыкаў праекту беларусізацыі, прафэсар Аляксей Рагуля, лічыць, што ўнівэрсытэт мае ўсе перадумовы пачаць пасьпяховую рэалізацыю праграмы ўжо з наступнага навучальнага году.

Фармальныя падставы актыўней пераходзіць на беларускую мову дае той факт, што з году ў год больш за палову паступоўцаў выбіраюць беларускую мову, каб пісаць дыктоўкі і сачыненьні.

Выказваюцца таксама думкі, што нацыянальны ўнівэрсытэт варта ствараць ня ў Менску, а, напрыклад, у Заслаўі, далей ад мэгаполісу. Бо так, маўляў, робіцца ў іншых краёх. Чаму пэўныя палітыкі баяцца ўзьнікненьня Нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Менску, тлумачыць ня трэба.

Усе гэткія прапановы фальшуюць ідэю Нацыянальнага Ўнівэрсытэту.

Каварнае фальшаваньне – улюбёная стратэгія расейскага каляніялізму ў ХХ ст. За шчыра беларускіх літаратараў выдаюць эпігонаў дрымучага расейскага народніцтва, за беларускі фальклёр – бубны і гармонікі, за беларускае тэлебачаньне – прышчавае БТ, што нават свае назвы мяняе ў дакладнай пасьлядоўнасьці за маскоўскім першым каналам, за беларускую гісторыю – яе расейскую трактоўку, перапісаную па-беларуску, за самую мову выдаюць кальку з расейскай, зробленую за дапамогай расейска-беларускага слоўніка, выпушчанага пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Іншых пісьменьнікаў расстраляць, загарадзіць ім дарогу да вучэньня, не друкаваць, аўтэнтычны фальклёр на сцэну не пускаць, незалежныя ТВ і радыёстанцыі трымаць за аброць, іншыя слоўнікі спаліць на вогнішчах. Каб пасьля тыя самыя людзі, што вычышчаюць з падручнікаў, пускаюць пад нож «няправільныя» падручнікі, цкуюць «нацыяналізм у мове», маглі трыюмфальна заявіць народу: ну, чаго ж вы хочаце — гэтыя пісьменьнікі ўсе займаюцца стылізатарствам, а мова бедная, а «шэрая лашадачка» апрыкрала і ўвогуле апамятайцеся – няўжо хочаце, каб ненармальнае БТ ішло па ўсіх каналах?

Стратэгіі фальшаваньня маюць адну мэту – умацоўваць панаваньне імпэрскае культуры шляхам падмены ўсяго вартага, што нараджае культура падпарадкаваная, нутрана зыначанымі формамі, бясьпечнымі і кантраляванымі. Каляніяльная вакцынацыя.

Няма сумневу, што, як толькі рух за стварэньне Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту набудзе якую-кольвек сілу, яго ідэю адразу паспрабуюць сфальшаваць.

Арганізатары ўнівэрсытэту хочуць, каб ён быў дзяржаўны. І тым самым закладаюць пад яго міну. Яны пакладуць на змаганьне ўсю сілу і час. Урэшце дзяржава створыць унівэрсытэт – зь вялікай рэклямай. Але… Рэктарам паставяць, напэўна, Пашкова – паважаны, вучоны, энцыкляпэдыст, ляўрэат дзяржаўных прэміяў, па-беларуску гаворыць, меджду протчым. Або сапраўды адкрыюць унівэрсытэт у Лідзе на базе тэхнікуму. Або зробяць яго пэдагагічным. Або ўтвораць яго ў складзе трох факультэтаў – філялягічнага, гістарычнага і геаграфічнага. І – гэта ўжо сто працэнтаў – паставяць зарплату дацэнтам у памеры 30 даляраў, каб з навуковых і палітычных пытаньняў іх найбольш цікавіла праблема барацьбы зь фітафтораю лісьнікавых. Бо ж не ад стану ўнівэрсытэту, а ад ураджаю памідораў на дачы залежыць фізычнае выжываньне дацэнта. І навяжуць «тыпавыя» праграмы – маразматычныя і невыканальныя. І будзе ў той унівэрсытэт конкурс ў два разы ніжэйшы, чым у аналягічныя расейскамоўныя ўстановы – дакладна як у цяперашнія псэўдабеларусізаваныя групы ў шэрагу ВНУ, куды ідуць дзеля ніжэйшага прахаднога балу. Але, нягледзячы на гэта, унівэрсытэту не зачыняць, як не прыкрываюць часопіса «Маладосць», хоць яго нават за бясплатна пагаджаецца чытаць усяго паўтары тысячы чалавек. Вакцынацыя! Не зачыняць, каб магчы подла заяўляць штогод: вы хацелі ўнівэрсытэт – вы маеце ўнівэрсытэт.

Прыклад ліцэю, які стаў занепадаць, як толькі яго ўзялі пад навязьлівую дзяржаўную апеку.

Украінцы, калі стварэньне сапраўды нацыянальнага ВНУ было немагчымае на бацькаўшчыне, заснавалі яе на эміграцыі – у чэскіх Падзебрадах. Стуль выйшла нацыянальная эліта.

Надта важны выклік – унівэрсытэт. Дзеля яго мо варта было б актуалізаваць ідэю ўраду ці, прынамсі, рэфэрэнтуры адукацыі Рады БНР, з большай фантазіяй шукаць фундушы за мяжой. Такі ўнівэрсытэт зможа стаць папулярным і легендарным.

За галоўны крытэр беларускасьці ў нас выдаецца беларуская мова (хоць яе культура ў 90-х у бальшыні выпадкаў не вытрымлівае ніякай крытыкі). Здаецца, з умацаваньнем расейскамоўнае беларускае культуры ў такім падыходзе ўзьнікае выразны ган. У мэдыях мы гэта добра адчулі на прыкладзе «Навінаў», рэдагаваных М.Халезіным, якія, хоць і беларускамоўныя, былі выразна менш беларускай газэтай, чым БДГ. Тое самае ў музыцы – у беларускасьці «Нэйрадзюбэля» не прыходзіцца сумнявацца, у адрозьненьне ад, скажам, New Cosmopolis-а. Бо прафэсійны, адчувае беларускі нэрв, адзываецца да эўрапейскай традыцыі.

Гэта сказана, як разумееце, не для таго, каб заклікаць да расейскамоўнасьці нацыянальнага ўнівэрсытэту. Але БЕЛАРУСКІМ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ будзе ня тая ўстанова, дзе будуць лекцыі чытацца па-беларуску, а тая, што будзе эўрапейскай па сутнасьці – самакіраванай найперш, з традыцыйнаю, а не савецкаю арганізацыяй, іншымі адносінамі пэдагогаў і студэнтаў. З дастойнымі заробкамі выкладчыкаў, даступнымі бібліятэкамі, з сыстэмай прыёмных іспытаў, якая б выключала чалавечы фактар, і жорсткай ацэнкай ведаў – каб, як у Францыі, толькі чвэрць студэнтаў праходзіла курс навучаньня, ні разу не застаўшыся на другі год. Каб за ўзор структуры быў узяты той даўні Віленскі ўнівэрсытэт. Тады гэта будзе нармальны жывы ўнівэрсытэт (абыходзячыся без дурнога слова «элітны»). А пэдінстытут, як яго ні пераназывай, пэдінстытутам застанецца.

Галоўнае — унікнуць прафанацыі сутнасьці вышэйшай асьветы, чаго не даб’есься, не правёўшы тлустую рысу між БНУ і цяперашнім вышшым абразаваніем. Тры гады павыкладаўшы ў прэстыжным менскім унівэрсытэце, магу засьведчыць: нават у ім ня менш за палову студэнтаў бясплатных аддзяленьняў і дзевяноста працэнтаў платнікаў атрымліваюць дыплёмы, не засвоіўшы праграмы на «3» і ня маючы і блізка найсьціплейшага мінімуму ведаў, якім авалодвае выпускнік аналягічнае польскае ВНУ. Пра тое, што робіцца ў нейкім Берасьцейскім політэхнічным лепш і ня думаць… Хто з нас не здаваў дзяржіспыту па пытаньнях, вядомых загадзя, хто не пісаў на «выдатна» дыплёмнай працы за тры ночы? А праграмы!.. О, чаго толькі ў нас не навучаюць!

Агучаная канцэпцыя нацыянальнага ўнівэрсытэту патрабуе дапрацоўкі. Цяжка ўявіць нармальны ўнівэрсытэт без аддзяленьняў мэдыцыны, біялёгіі, кампутарных сыстэмаў, дызайну. Мэдыцыны – найперш. Канцэпцыя заганная, бо сыходзіць не з патрэбаў, а з наяўнасьцяў. Маем многа філёлягаў — створым філялягічны факультэт. Гэтак ужо, маючы многа салдатаў і афіцэраў, у 1992-м стварылі нацыянальную армію. Будуць заробкі, знойдуцца й прафэсары-мэдыкі, і дацэнты-фізыкі.

Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі нагадвае тую, што існавала ў ХІХ ст. Стварэньне незалежных беларускамоўных ТВ і радыё забароненае, як тады – друк па-беларуску. Тады, у эпоху друку, ніхто не забараняў ствараць беларускамоўныя рукапісы. Цяпер, у эпоху электронікі, ніхто не забараняе беларускі друк. Бо друк зараз не нясе адкрытай небясьпекі паноўнай культуры. Вяшчай, «Свабода», з Прагі, як друкаваў Мацей Бурачок сваю «Дудку» ў Кракаве. Пакуль гэтая забарона ня зьнятая, усе клятвы ў роўнасьці правоў беларускамоўных і расейскамоўных — ня што іншае, як злавесны жарт. Пакуль хлопцы ня маюць права выбіраць, у беларускамоўную ці расейскамоўную частку ісьці служыць, па-беларуску ці па-расейску вучыцца на міліцыянта.

Ня трэба пратэкцыянісцкіх мераў у дачыненьні да беларускай культуры, ня трэба датацыяў, калі вярнуць беларускамоўным элемэнтарныя правы: на стварэньне сваіх электронных СМІ, на беларускамоўныя падразьдзяленьні. Ня допуск да дзяржаўных СМІ мусіць быць мінімальнай умовай…

У адзін рад з гэтымі мінімальнымі вымогамі ўстае і патрабаваньне дазволіць стварэньне самакіраванага паўнавартага нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Андрэй Дынько