Вязьням нарэшце Нямеччына сплаціць
Нямеччына да гэтага часу застаецца вiнаватая беларусам за паняволеньне нашага народу ў часе апошняй сусьветнай вайны і таму гатовая выплацiць грашовыя кампэнсацыi ахвярам нацысцкага прасьледу. Зь беларускага боку разьмеркаваньнем нямецкіх грошай займаецца ўтвораны ў 1993 годзе Беларускi рэспублiканскi фонд «Узаемаразуменьне i прымiрэньне» (БРФ).
У сыстэме выплатаў цяпер адбываюцца кардынальныя зьмены. Гэта вынiк прыняцьця новага фэдэральнага закону Нямеччыны «Аб кампэнсацыйных выплатах...». Згодна з гэтым законам, Нямеччына прыняла рашэньне выплацiць 10 мiльярдаў марак былым прыгонным працаўнікам з больш чым 20 дзяржаваў. З гэтых грошай 5 мiльярдаў выдзеляць прамысловыя прадпрыемствы Нямеччыны, што ў часе вайны выкарыстоўвалi прымусовую працу палонных, другiя 5 мiльярдаў — урад краіны. У законе вызначаныя канкрэтныя сумы для кожнай краiны: так, Беларусь у два этапы атрымае 694 мiльёны марак.
Галоўнай зьменай, паводле сп.Герасiмава, кіраўніка БРФ, зьяўляецца тое, што «Нямеччына ўзяла працэс выплатаў у свае рукi».
— Калi раней мы, атрымаўшы 200 мiльёнаў марак, самi вызначалi катэгорыi пацярпелых, вызначалi пачатковыя сумы выплатаў, памеры выплатаў за кожны месяц прымусовай працы i г.д., дык сёньня ўсё будзе залежаць ад нямецкага боку. У Нямеччыне ствараецца фонд «Памяць. Адказнасьць. Будучыня», празь якi i будуць праходзiць усе выплаты. Кiраваць дзейнасьцю фонду будзе апякунчая рада, у склад якой увойдуць 27 чалавек – у адпаведнасьці з колькасьцю краiнаў, што бралі ўдзел у перамовах зь Нямеччынай; старшынём яе стане канцлер ФРН Герхард Шродэр.
Нямецкi закон дакладна вылучае толькi дзьве катэгорыi пацяпелых ад нацысцкага перасьледу:
1) людзi, што выкарыстоўвалiся на рабскiх работах — гэта, у першую чаргу, вязьнi канцлягераў i гета — могуць атрымаць ад нямецкага боку да 15 тысячаў марак;
2) людзi, што выкарыстоўвалiся на прымусовых работах у Нямеччыне — на заводах, фабрыках i г.д. — могуць атрымаць ад нямецкага боку да 5 тысяч марак.
Астатнiя катэгорыi ахвяраў чамусьцi ня трапiлi ў нямецкi закон — тыя, хто быў на сельскагаспадарчых работах у Нямеччыне i на акупаванай тэрыторыi, малалетнiя да 12 гадоў, жанчыны, якiя нарадзiлi дзяцей у няволi, вязьнi канцлягераў, што былi на акупаванай тэрыторыi i г.д. Натуральна, гэта не задаволiла беларускага боку, i, паводле хадайнiцтва БРФ, гэтыя пытаньнi будзе вырашаць рада апекуноў, якая пачне працаваць у верасьнi.
Са словаў сп.Герасiмава, грошы на рахунак фонду прыйдуць, у лепшым выпадку, напрыканцы лiстапада, i адпаведна выплаты пачнуцца не раней за сьнежань.
— Банк зьвестак фонду складае каля 170 тысячаў чалавек,— кажа сп.Герасiмаў. — Грошай хопiць усiм, i мы б хацелi, каб кожны з гэтых людзей цi iх блiжэйшых сваякоў атрымаў кампэнсацыi. I яшчэ адна iстотная асаблiвасьць — нямецкi бок патрабуе, каб людзi, што атрымлiваюць кампэнсацыi, не плацiлi падаходнага падатку дзяржаве. Гэта патрабуе зьменаў у беларускiм заканадаўстве, i таму ўжо рыхтуецца адпаведная пастанова нашага ўраду.
Андрусь Белавокi