Энцыкляпэдыя папулярных памылак

 

ЧАЛАВЕК

 

Сэрца — помпа крывяноснай сыстэмы

Сэрца не перакачвае бедную кіслародам кроў да лёгкіх. Сэрца — ня помпа крывяноснае сыстэмы, як шмат хто памылкова лічыць. Да сэрца кроў даходзіць дзякуючы шэрагу іншых органаў, а таксама натуральнай плыняй па капілярным прынцыпе, а «матор» толькі грае ролю кляпана, які рэгулюе ціск. Уяўленьне пра сэрца-помпу, што спачатку набірае кроў, а потым выціскае яе, было абвергнутае вучонымі-кардыёлягамі яшчэ ў 70-х гадах. Памылковае таксама меркаваньне, якое да таго ж культывуецца ў дэтэктыўных творах, што ледзь заўважны ўкол пад левую лапатку забівае чалавека. Сьмерць настае ў выпадку, калі закрануты якісьці з сасудаў пэрыкарда, сардэчнае кашулі, у якой сэрца б’ецца; у гэтым разе выцякаючая кроў сьцісьне ворган, не даючы яму рухацца. Ці калі пашкоджаныя нэрвовыя валокны, што кіруюць падводам паветра да розных аддзелаў ды каардынуюць іхную зладжаную працу. Багата людзей перажылі сур’ёзныя раненьні сэрца, нават ад куляў, ды апэрацыі на сэрцы, калі хірург шунтуе кляпаны ці нават мяняе іх месцамі.

 

Вялікі мозаг — вялікі розум

Сьмешна было б даверыць вырашэньне складаных праблемаў коням. А іхныя глузды, між іншым, даволі вялікія. Памер мозгу ня сьведчыць пра ўзровень інтэлекту. Сярэдняя вага мозгу мужчыны-эўрапейца — 1400 грамаў. Самым вялікім узважаным вучонымі мозгам — 2850 g — валодаў слабарозумны эпілептык. А вось вага «розуму» некаторых выбітных асобаў: Тургенеў — 2012 g, Бісмарк — 1965 g, Кюўе — 1830 g, Бэтговэн — 1750 g, Кант — 1600 g, Напалеон III — 1500 g, Шубэрт — 1420 g, Гельмгольц — 1350 g, Гамбэта — 1247 g; надзвычай разумны, геніяльны Анатоль Франс — 1190 грамаў — значна ніжэй за норму. Як бачна, нейкія безумоўна разумныя людзі мелі амаль удвая адрозныя па вазе мазгі. Насамрэч, значэньне мае складанасьць рэльефу мазгавой кары і натрэніраванасьць думкі. Дарэчы, у старажытныя часы мозаг не лічыўся крыніцай думкі. Увесь антычны сьвет верыў, што гэта ворган, які ахалоджвае кроў. А сярэднявечныя эскуляпы наогул адвялі яму не зусім годную функцыю — выпрацоўку насавой сьлізі.

 

Сівыя валасы — ад пераляку

Валасы ня могуць раптоўна сьсівець, нават пасьля вельмі моцнага перажываньня ці пераляку; шматлікія паведамленьні пра гэткія выпадкі — памылковыя. Здаровы волас мае пігмэнтную сэрцавіну, а ў сівым сэрцавіны няма, замест яе — паветра. Сапраўды, у выніку нэрвовага ці разумовага напружаньня, цяжкой хваробы ці вітаміннага галадаваньня можа спыніцца ўтварэньне пігмэнту, але сьсівеньне тады адбываецца павольна, разам з ростам пустога валосься. Зь перапуду можа адбыцца спазм сасудаў, што забясьпечваюць крывёю карані валасоў. Тады за некалькі гадзінаў здаровыя валасы могуць павылазіць, а сівыя, якія былі й раней, стаць больш заўважнымі — вось дзе сакрэт. Дарэчы, калі валасяны корань загінуў, ніякія цудадзейныя вадзічкі ці крэмы ўжо не дапамогуць пазбавіцца ад пляшыны, усе выдаткі на падобныя спробы — пустыя спадзевы й марнаваньне грошай. Нельга таксама надоўга выпрастаць курчавыя валасы ці зрабіць простыя курчавымі. Рэч у тым, што простыя валасы круглыя ў сячэньні, а курчавыя маюць сячэньне ў выглядзе авалу ці гантэлі.

 

Зубы: малочныя, сталыя, трэція...

На жаль, яшчэ ніхто ня меў трэціх зубоў. Усе байкі пра іх маюць падмуркам той факт, што калі-нікалі адзін ці некалькі сталых зубоў затрымліваюцца ў сківічнай костцы (зьява завецца рэтэнцыяй). Гэтыя зубы могуць прарэзацца нават у даволі сталым веку, праз раздражненьне дзёснаў зубнымі пратэзамі ці цьвёрдай ежай. Аднак яны заўсёды толькі другія, сталыя. «Трэцімі» зубамі могуць пахваліцца некаторыя людзі, што нарадзіліся з гэтак званымі перадмалочнымі зубамі. Страшным фактам ёсьць тое, што ў сярэднявеччы такіх дзетак забівалі, бо лічылі іх малымі вампірамі. Гэта тым больш трагічна, бо размова йдзе не пра зубы як такія, а пра крохкія шкарлупкі дэнтыну, якія можна лёгка выдаліць, бо яны не трывала трымаюцца ў роце. Упарта тыражуецца памылка, маўляў, падчас цяжарнасьці ненароджаны дзіцёнак забірае кальц з зубоў маці. Шматлікія дасьледаваньні засьведчылі, што з дарослага жывога зуба немагчыма выцягнуць хаця б тысячную долю кальцу, нават калі астатняе цела церпіць ягоны брак. А будучым мамам можна параіць меней ужываць салодкага й не ленавацца браць у рукі зубную шчотку.

 

Шпарка расьце падлетак…

Шпарчэй за ўсё чалавек расьце не падлеткам, а яшчэ да свайго нараджэньня. Калі б эмбрыён рос цэлы год гэтак, як у першы тыдзень пасьля апладненьня, дык бліжэй да Калядаў ён запоўніў бы сабою ўвесь вядомы нам і даступны назіраньню празь лепшыя тэлескопы сьвет. Калі б зародак рос гэтаксама хутка, як у першы месяц, дык за тры месяцы ён бы важыў як ягоная маці, а да тэрміну зьяўленьня на сьвет — 200 мільёнаў тонаў, што трэба прызнаць некаторым атлусьценьнем. Калі б дзіцёнак і пасьля нараджэньня рос з гэткай жа хуткасьцю, як у матчыным улоньні, дык праз два з паловай гады ён сягнуў бы памераў зямное кулі. Яйкаклетка важыць чатыры тысячныя міліграма, а навародак — прыкладна тры кіляграмы. Значыцца, ад апладненьня да нараджэньня вага павялічваецца прыкладна ў мільярд разоў. Ад нараджэньня да сьмерці — прыкладна ў дваццаць разоў. Рост ад самага пачатку запавольваецца. Некаторыя біёлягі лічаць вяршыняй жыцьцёвае актыўнасьці менавіта разьвіцьцё ў матчыным целе, пасьля чаго чалавек толькі павольна й спакойна дажывае свой век.

Вадзім Карцаў,

трактоўны пераклад паводле
Людвіга Соўчака