Як паведаміў Рацыі кіраўнік аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Мазыры Павел Наздра, усяго вернікі‑пратэстанты сабралі 1.800 подпісаў за вяртанне касцёлу ў Мінску рыма‑каталіцкай царкве. — Людзі абураныя тым, што храм збіраюцца перарабляць у нейкі забаўляльны цэнтр.

Працягваецца таксама збор подпісаў у межах кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення. Паводле Паўла Наздры, у горадзе за змену Закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» падпісаліся 1.665 чалавек.

— Кампанія працягваецца, да яе далучаюцца новыя людзі. Подпісы ставяць вернікі розных канфесій і нават атэісты.

Нагадаем, што ў траўні стартавала кампанія па збору подпісаў з мэтай прывядзення Закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» у адпаведнасць з Канстытуцыяй Беларусі, якая гарантуе права кожнаму чалавеку на свабоду веравызнання і забараняе ўмяшанне ў асабістае рэлігійнае жыццё.

У касцёле Святога Язэпа сёння размяшчаецца «Архіў навукова‑тэхнічнай дакумэнтацыі» і «Архіў літаратуры й мастацтва Беларусі». Два гады таму вернікі‑каталікі распачалі вулічныя набажэнствы за вяртанне каталіцкіх святыняў. Пасля таго, як стала вядома, што мінскія ўлады прынялі рашэнне пабудаваць на месцы кляштарнага комплексу забаўляльны цэнтр з гатэлем і падземнымі гаражамі, да набажэнстваў сталі далучацца вернікі іншых хрысціянскіх канфесій.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0